Тым часам кананада ўзмацнілася так, што чулася ўжо і па два, і па тры стрэлы адначасова. Горш за тое, разлягалася нейкае глухое рэха, быццам няспынна грымела.
– Колькі гармат, камрадзе? – запытаўся я па-нямецку ў падафіцэра, што ішоў за мною.
– Хіба, сотня будзе, – адказаў ён, ківаючы галавою. – Бач ты, – дадаў ён, калі яны яны грымнулі ўсе разам, – не жартуюць.
Сапхнулі нас з гасцінца, якім праз некалькі хвілін праскакалі рыссю два эскадроны гусараў і праехалі чатыры гарматы з прыналежнымі да іх скрынямі. Тыя, што ішлі ў адным са мною шэрагу, пачалі жагнацца: “У імя Айца і Сына…”. То адзін, то другі прыкладаўся да манеркі.
Злева ад нас грукат узмацняўся: адзіночных стрэлаў няможна было ўжо адрозніць. Раптам у першых шэрагах закрычалі:
– Пяхота!.. Пяхота!..
Несвядома я схапіў карабін “напагатоў”, мяркуючы, што паказаліся аўстрыйцы. Але перад намі, апроч узгорка і рэдкіх кустоў, нічога не было. Тым часам на фоне гарматнага грукату, на які мы амаль перасталі зважаць, я пачуў нейкі трэск, быццам пайшоў спорны дождж, толькі гук быў нашмат мацнейшы.
– Бітва!.. – працяжна зароў нехта наперадзе.
Я адчуў, як на імгненне замерла ў мяне сэрца, не ад страху, але нібы ў адказ на гэты вокліч, які з дзяцінства рабіў на мяне асаблівае ўражанне.
У шэрагах, якія няспынна маршыравалі, заварушыліся. Частаваліся віном, аглядалі зброю, казалі, што не пазней як праз паўгадзіны трапім у бой, а перадусім бессаромна жартавалі з аўстрыйцаў, якім тады не шанцавала. Нехта пачаў пасвістваць, іншы ціха напяваць нешта сабе пад нос, нават халодная важнасць афіцэраў растала і замянілася на сяброўскую даверлівасць. Ажно спатрэбілася каманда “Зважай!”, каб нас супакоіць.
Мы змоўклі і выраўнялі крыху пагнутыя шэрагі. Неба было чыстае, толькі дзе-нідзе нерухома бялелі аблачынкі, на кустах, якія мы міналі, не варушыўся аніводзін лісток, над полем, парослым маладою травою, не звінеў спалоханы жаўрук. Чуваць было толькі цяжкі крок батальёну, частае дыханне людзей, часам стук карабінаў адзін аб адзін або гучны голас маёра, які, едучы наперадзе, падаваў каманды афіцэрам. А там, злева, бушавала зграя гарматаў і ліў дождж карабінавых стрэлаў. Хто такой буры пры ясным небе не чуў, браце Кац, той нічога не разумее ў музыцы!.. Памятаеш, якое дзіўнае адчуванне ў душы мелі мы тады?.. Не страх, а нешта накшталт смутку і цікаўнасці…
Батальёны, якія былі на флангах, усё больш аддаляліся ад нас, нарэшце правы знік за ўзгоркам, а левы схаваўся ў шырокай лагчыне за нейкую сотню сажняў ад нас, і толькі раз-пораз паблісквала там хваля багнетаў. Некуды падзеліся гусары, гарматы і рэзерв, які цягнуўся ззаду, і застаўся адзін наш батальён, які спускаўся з аднаго пагорка, каб падняцца на другі, яшчэ больш высокі. Толькі час ад часу спераду, ззаду або збоку прылятаў вершнік з лістом або з загадам на словах ад маёра. Дзіва дзіўнае, як гэтулькі загадаў не затлуміла яму галавы!
Нарэшце ўжо была амаль дзявятая, падняліся мы на апошнюю вышыню, парослую хмызняком. Новая каманда – і плутоны, што ішлі следам адзін за адным, пачалі шыхтавацца ў адну лінію. Калі ж дабраліся мы да вяршыні ўзгорка, загадана было нам прыгнуцца і нахіліць зброю, а потым укленчыць.
Тады (памятаеш, Кац?) Кратахвіль, які кленчыў перад намі, вытыркнуў галаву між дзвюх маладых хвоек і прашаптаў:
– Зірніце, га!..
Ад падножжа ўзгорка на поўдзень, ажно некуды за край далягляду, цягнулася раўніна, а на ёй – нібы рака белага дыму, шырокая, на некалькі сотняў крокаў, і доўгая – ці я ведаю? – можа, на мілю.
– Стралковыя ланцугі!.. – ціха сказаў стары падафіцэр.
З абодвух бакоў тае дзіўнае ракі відаць было некалькі чорных і сотні белых хмар, што клубіліся пры самай зямлі.
– Гэта батарэі, а там гараць вёскі… – растлумачыў падафіцэр.
А калі паўзірацца лепей, дык можна было ўбачыць дзе-нідзе, таксама з абодвух бакоў доўгае стужкі дыму, прастакутныя плямы: цёмныя – з левага, белыя – з правага боку. Падобныя яны былі да вялізных вожыкаў з бліскучымі іголкамі.
– Гэта нашыя палкі, а там – аўстрыйскія… – паказаў падафіцэр. – Ну, ну!.. – дадаў ён. – І сам штаб лепей не бачыць…
З тае доўгае ракі дыму далятаў да нас няспынны трэск карабінавых стрэлаў, а ў тых белых хмарах шалела бура гарматаў.
– Гэ!.. – азваўся тады ты, Кац, – і гэта бітва?.. Было тут чаго баяцца…