З вяршыні ўзгорка спусціліся два фурманы, кожны вёў каня, абвешанага пакункамі. Да іх падбеглі нашыя падафіцэры і хутка вярнуліся з пакетамі набояў. Я ўзяў восем, бо гэтулькі бракавала мне ў падсумку, і здзівіўся, калі гэта я мог іх пагубіць.
– Ці ведаеш ты, – сказаў мне Кац, – што ўжо мінула адзінаццатая?..
– А ці ведаеш ты, што я нічога не чую? – адказаў я.
– Дурыла. Ты ж пачуў, што я кажу...
– Так, але гармат я не чую… Зрэшты, чую, – дадаў я, калі прыслухаўся.
Гром гармат і трэск карабінаў зліліся ў адзін магутны гул, які ўжо не аглушаў, а проста атупляў. Мяне ахапіла апатыя.
Перад намі, можа, за паўвярсты, круцілася шырокая паласа дыму, якую раз-пораз разрываў вецер, які тым часам узняўся.Тады на хвіліну паказваўся доўгі шэраг ног або касак з багнетамі, што паблісквалі побач з імі. Над тою калонаю і над нашаю разрываліся гранаты, якімі абменьваліся між сабою венгерская батарэя, што страляла з-за нашае спіны, і аўстрыйская – з супрацьлеглых узгоркаў.
Рака дыму, якая цягнулася праз раўніну на поўдзень, клубілася яшчэ мацней і была вельмі пакручастая. Дзе аўстрыйцы бралі верх, там яна выгіналася налева, дзе венгры – направа. Наогул, стужка дыму выгіналася больш направа, нібыта нашы ўжо адапхнулі аўстрыйцаў. Па ўсёй раўніне слаўся лёгкі блакітны туман.
Дзіўная рэч! Гром, хоць быў цяпер і мацней, чым напачатку, ужо не рабіў на мяне ўражання; каб чуць яго, я мусіў прыслухоўвацца. Тым часам вельмі выразна я чуў, як набіваюць карабіны або ўзводзяць куркі.
Прыляцеў ад’ютант. Затрубілі. Афіцэры пачалі прамаўляць.
– Хлопцы! – гарлаў наш паручнік, які нядаўна ўцёк з семінарыі. – Мы адступілі, бо швабаў было больш, але цяпер нападзём збоку вунь на тую калону, бачыце?.. Зараз падтрымае нас трэці батальён і рэзерв… Няхай жыве Венгрыя!..
– І я хацеў бы пажыць… – прамармытаў Кратахвіль.
– Паўабарота направа, марш!..
Ішлі мы гэтак некалькі хвілін, потым – паўабарота налева – і пачалі спускацца на раўніну, стараючыся падабрацца з правага боку да калоны, якая білася перад намі. Абшар быў няроўны, як і раней, спераду праз туман праглядала поле, парослае бадыллем, за ім – лясок.
Нечакана сярод таго бадылля я заўважыў некалькі, а потым і з дзясятак дымкоў, нібыта ў розных месцах закурылі люлькі, у той жа момант пачалі над намі свістаць кулі. Я падумаў, што гэтак апеты паэтамі свіст куляў не такі ўжо і паэтычны, а, хутчэй, ардынарны. Чуваць шал нежывога прадмета.
Ад нашае калоны адарваўся ланцуг стралкоў і пабег да бадылля. Мы памаршыравалі далей, нібы кулі, што ляцелі наўскос, не нам былі адрасаваныя.
У гэтую хвіліну стары падафіцэр, што ішоў на правым крыле, насвістваючы марш Ракочы, выпусціў карабін, расставіў рукі і захістаўся, як п’яны. На імгненне я ўбачыў ягоны твар і тое, што каска з левага боку была прабітая, а на лбе была чырвоная плямка. Мы працягвалі ісці, і на правым крыле з’явіўся новы падафіцэр – белабрысы маладзён.
Мы ўжо параўняліся з калонаю, якая вяла бой, і бачылі пустую прастору паміж дымам нашае і аўстрыйскае пяхоты, калі з-за яе вынырнуў доўгі шэраг белых мундзіраў. Шэраг уздымаўся і знікаў кожнае імгненне, а ногі мігцелі як на парадзе.
Ён спыніўся. Над ім бліснула стужка сталі, нахілілася, і я ўбачыў з сотню нацэленых на нас карабінаў, што блішчалі, як іголкі, паўтыканыя ў паперчыну. Потым задымілася, грымнула, як ланцугом па жалезнай завале, а над намі і каля нас праляцела віхура куляў.
– Стой!.. Плі!..
Я стрэліў як хутчэй, стараючыся засланіцца хоць дымам. Апроч гуку я пачуў ззаду – нібы стукнулі палкаю па чалавеку. Нехта за маёй спінаю ўпаў, чапляючыся за мой ранец. Мяне апанаваў гнеў і адчай, я разумеў, што загіну, калі не заб’ю нябачнага ворага. Я набіваў карабін і страляў без памяці, браў трохі ніжэй і спадзяваўся з дзікаю асалодаю, што мае кулі не праляцяць міма. Баяўся я зірнуць у бок ці пад ногі, каб не ўбачыць на зямлі чалавека.
Потым здарылася нечаканае. Паблізу ад нас забілі барабаны і пранізліва зайгралі пішчалкі. Гэтак жа і за намі. Нехта закрычаў: “Наперад!”, і я не ведаю, з колькіх грудзей выбухнуў крык, падобны на енк або на выццё. Калона рушыла з месца павольна… хутчэй… бягом… Стрэлы амаль сціхлі і чуліся ўжо толькі адзінкавыя. З сілаю наляцеў я на нешта грудзямі, мяне пхалі з усіх бакоў, пхаўся і я…
– Бі шваба!.. – крычаў нялюдскім голасам Кац і рваўся наперад. З-за немагчымасці вырвацца з тлуму ён падняў карабін ды з усяе сілы малаціў прыкладам у ранцы калегаў, што былі наперадзе.
Нарэшце стала так цесна, што здушыла мне грудзі, і адчуў я, што не хапае паветра. Падняло мяне наверх, апусціла, і я зразумеў, што стаю не на зямлі, а на чалавеку, які яшчэ і за нагу маю ўхапіўся. Тут натоўп з крыкам пасунуўся наперад, а я ўпаў. Левая рука слізганула па крыві.