Выбрать главу

А ён усё хадзіў з залы ў залу, надзьмуты як індык, і ўсё пісаў ды пісаў… Нарэшце ён азваўся:

– Ці не было нядаўна ў паноў якога-небудзь выпадку?.. Невялікага пажару, крадзяжу, ашуканства, скандалу?..

– Барані Божа! – насмеліўся я перапыніць яго.

– Шкада, – адказаў ён. – Найлепшаю рэкламаю краме было б, каб у ёй нехта павесіўся…

Абамлеў я, калі пачуў гэткае пажаданне.

– Можа, пан дабрадзей пажадаў бы выбраць сабе нейкі прадмецік, які мы дашлем без прэтэнзіі… – наважыўся я прапанаваць з паклонам.

– Хабар?.. – запытаўся ён, пазіраючы на мяне, як статуя Каперніка. – Маем звычку, – дадаў ён, – купляць тое, што нам падабаецца, прэзентаў ні ад каго не прымаем.

Ён сярод магазіна надзеў на галаву свой заплямлены капялюш і з рукамі ў кішэнях, як міністр, выйшаў. Нават на другім баку вуліцы бачыў я ягоную латку.

Вяртаюся да цырымоніі асвячэння. Галоўная ўрачыстасць – абед – адбылася ў вялікай зале гатэля Еўрапейскага. Залу ўпрыгожылі кветкамі, вялізныя сталы паставілі паўколам, замовілі музыку, і а шостай увечары сабралася больш за сто пяцьдзясят асобаў. Каго там толькі не было! Пераважна купцы ды фабрыканты з Варшавы, з правінцыі, з Масквы… Уга! Нават з Вены ды Парыжу. Знайшлося таксама двое графоў, адзін князь і шмат шляхты. Пра трункі і не ўспамінаю, бо нават не ведаю, чаго там было больш: лістоты на раслінах, якія аздаблялі залю, ці бутэлек.

Каштавала нам гэта бяседа больш за тры тысячы рублёў, але від гэткае колькасці адначасова працуючых сківіц выклікаў захапленне. А калі падняўся князь і выпіў за здароў’е Стаха, калі зайграла музыка – не скажу, якую мелодыю, але вельмі прыгожую – і сто пяцьдзясят чалавек разам выгукнула “Жыве!”, я не мог стрымацца ад слёз. Падбег да Вакульскага і, абдымаючы яго, ціха прамовіў:

– Бачыш, як яны цябе любяць…

– Шампанскае яны любяць, – сказаў ён.

Я заўважыў, што да віватаў ён зусім абыякавы. Твар яго заставаўся пахмурны, нават тады, калі адзін з прамоўцаў (мусіць, гэта быў літаратар, бо прамаўляў ён доўга і без сэнсу) сказаў – не ведаю ўжо, ад свайго імя ці ад імя Вакульскага – што гэта самы лепшы дзень у ягоным жыцці.

Я заўважыў, што Стах найбольш завіхаецца каля пана Ленцкага, які перад сваім банкруцтвам аціраўся, падобна, пры еўрапейскіх дварах… Заўсёды гэта няшчасная палітыка!..

Напачатку банкет быў вельмі ўрачысты, раз-пораз нехта з бяседнікаў падымаўся і гаварыў так, нібы словамі хацеў разлічыцца за выпітае віно і з’едзеныя стравы. Але чым больш выносілі пустых бутэлек, тым далей ад гэтае грамады ўцякаў рэспект, а пад канец зрабілася гэтак тлумна, што не чутно ўжо стала музыкі.

Я быў злосны, як д’ябал, і хацеў вылаяць хоць таго ж Мрачэўскага. Калі ж адцягнуў яго ад стала, здолеў, аднак, сказаць толькі:

– Ну і навошта ўсё гэта?..

– Навошта? – перапытаў ён, пазіраючы на мяне нецвярозымі вачыма. – Гэта дзеля панны Ленцкае…

– З глузду з’ехаў пан!.. Што дзеля панны Ленцкае?..

– Ну… гэтыя суполкі… гэтая крама… гэты абед… Усё дзеля яе… І я з-за яе вылецеў з крамы… – казаў Мрачэўскі, абапіраючыся на маё плячо, бо не трымаўся ўжо на нагах.

– Дык што, – пытаю я, хоць бачу, што ён зусім п’яны, – з-за яе з крамы вылецеў і з-за яе, можа, у Маскву трапіў?..

– Вяд… вядома… Шапнула слоўца, маленькае такое слоўца і… маю я на трыста рублёў больш… Робіць круцёлка са старым, што хоча…

– Ну, ідзі ўжо пан спаць, – сказаў я.

– Якраз спаць я і не пайду… Пайду да сваіх прыяцеляў… Дзе яны?.. Яны б з круцёлкаю хутчэй парадзілі… Не круціла б хвастом... як перад старым… Дзе мае прыяцелі?.. – загукаў ён.

Вядома, загадаў я завесці яго ў нумар наверсе. Аднак нешта мне падказвае, што ён толькі ўдаваў п’янага, каб увесці мяне ў зман.

Каля поўначы зала нагадвала трупярню або шпіталь: то аднаго, то другога трэба было цягнуць у нумар ці ў брычку. Нарэшце я знайшоў доктара Шумана, амаль цвярозага, і забраў яго да сябе на гарбату.

Доктар Шуман таксама старазаконны, але незвычайны гэта чалавек. Ён збіраўся нават ахрысціцца, бо закахаўся ў хрысціянку, але яна памерла, дык ён выкінуў з галавы гэты намер. Кажуць нават, што ён труціўся з гора, але яго выратавалі. Цяпер ён цалкам спыніў лекарскую практыку, мае шмат грошай і займаецца толькі доследамі ці то людзей, ці то іх валасоў. Малы, жоўты, позірк праніклівы, ад якога нічога не схаваеш. А з-за таго, што знаецца ён са Стахам здавён, дык павінен ведаць усе яго таямніцы.