– Найперш, – сказаў Вакульскі, – гэтыя нашы фабрыкі з’яўляюцца не нашымі, а нямецкімі…
– Ого! – выгукнуў апанент з групы купцоў.
– Я гатовы, – працягваў Вакульскі, – зараз жа пералічыць фабрыкі, дзе ўся адміністрацыя і ўсе работнікі з лепшым заробкам – немцы, дзе капітал нямецкі і кіраўнічая рада знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе, нарэшце, наш работнік не мае магчымасці павысіць сваю кваліфікацыю, а з’яўляецца парабкам, які мала зарабляе, трывае кепскае абыходжанне і, у дадатак, яшчэ германізаваны…
– Гэта істотна! – заўважыў прыгорблены граф.
– Тэк… – прашаптаў англічанін.
– Далібог, адчуваю ўзрушанасць, слухаючы! – гучна прамовіў маршалак. – Ніколі б не падумаў, што падобная размова можа выклікаць гэтулькі эмоцый… Я хутка вярнуся…
І ён патупаў з кабінета, ажно падлога ўгіналася пад нагамі.
– Ці ёсць патрэба называць прозвішчы? – запытаўся Вакульскі.
Група купцоў і прамыслоўцаў прадэманстравала ў гэты момант довад рэдкае абачлівасці, не дамагаючыся прозвішчаў. Адвакат ускочыў з фатэля, замахаў рукамі і гучна прапанаваў:
– Мяркую, што нам не варта больш затрымлівацца на мясцовых фабрыках, а трэба вярнуцца да нашага пытання. Цяпер шаноўны пан Вакульскі няхай мае ласку з уласцівай яму вобразнасцю растлумачыць: якую пазітыўную карысць з яго праекту будзе мець…
– Наш няшчасны край, – закончыў князь.
– Мяркуйце самі, панове, – сказаў Вакульскі, – каб локаць майго паркалю каштаваў толькі на два грошы танней, чым цяпер, дык на кожным мільёне купленых тут локцяў насельніцтва зэканоміла б дзесяць тысяч рублёў…
– Што там нейкія дзесяць тысяч рублёў?! – задаўся пытаннем маршалак, які ўжо вярнуўся ў кабінет, але яшчэ не зарыентаваўся, пра што гаворка.
– Гэта шмат… вельмі шмат! – выгукнуў прыгорблены граф. – Калі навучымся шанаваць даходы на грош…
– Тэк… Пенс з’яўляецца бацькам гінеі, – дадаў граф, стылізаваны пад англічаніна.
– Дзесяць тысяч рублёў, – працягваў Вакульскі, – гэта фундамент дабрабыту – сама мала – дваццаці сям’яў.
– Кропля ў моры, – буркнуў адзін з купцоў.
– Але ёсць яшчэ адна акалічнасць, – казаў далей Вакульскі, – якая, праўда, тычыцца толькі капіталістаў. У маім распараджэнні тавараў на тры-чатыры мільёны рублёў штогод…
– Падаю ў ногі! – прашаптаў маршалак.
– Гэта не мой маёнтак, – патлумачыў Вакульскі, – мой значна сціплейшы…
– Падабаюцца мне такія! – прамовіў прыгорблены граф.
– Тэк… – дадаў англічанін.
– Гэтыя тры мільёны рублёў складаюць мой асабісты крэдыт і прыносяць мне вельмі малы працэнт, як пасярэдніку, – тлумачыў Вакульскі. – Аднак магу паведаміць, што пры замене крэдыту гатоўкаю прыбытак склаў бы ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў, а можа, і больш. Гэта можа зацікавіць тых паноў, хто трымае грошы ў банках пад нізкі працэнт. Грошы маюць у сваім абароце іншыя і атрымліваць з іх даходы. Дык я прапаную панам магчымасць непасрэднага іх выкарыстання і павелічэння ўласных даходаў. Я скончыў.
– Дасканала! – выгукнуў прыгорблены граф. – Аднак, ці не можна даведацца больш падрабязнасцяў?
– Іх я магу паведаміць толькі маім супольнікам, – адказаў Вакульскі.
– Я гатовы, – адказаў прыгорблены граф і падаў яму руку.
– Тэк, – дадаў псеўда-англічанін, працягваючы Вакульскаму два пальцы.
– Мае панове! – азваўся лысы мужчына з групы шляхты, якая ненавідзела магнатаў. – Гаворыце вы тут пра гандаль паркалем, які нас зусім не цікавіць… Але, панове!.. – працягваў ён слёзным тонам, – мы маем тут збожжа ў засеках, мы маем тут акавіту на складах, на якой нажываюцца пасярэднікі гэткім чынам, што… аж слоў не хапае… нягодным…
Ён азірнуўся навокал. Група шляхты, якая пагарджала магнатамі, пачала яму апладзіраваць.
Твар князя ўжо не проста прамяніўся сціплаю радасцю, а ззяў бляскам сапраўднага натхнення.
– Але ж, панове! – загукаў ён. – Сёння мы абмяркоўваем гандаль тканінамі, а заўтра і паслязаўтра хто ж забароніць нам парадзіцца наконт іншых пытанняў? Дык я прапаную…
– Далібог, цудоўна гаворыць каханы наш князь, – закрычаў маршалак.
– Слухайма… слухайма! – падтрымаў яго адвакат, старанна дэманструючы, як ён намагаецца не даваць волі свайму захапленню.
– Дык, панове, панове, – працягваў узрушаны князь, – прапаную яшчэ наступныя сесіі: адну – у справе гандлю збожжам, другую – у справе гандлю акавітай…
– А крэдыт для землеўласнікаў? – запытаўся нехта з непрымірымае шляхты.
– Трэцюю – у справе крэдыту для землеўласнікаў, – згадзіўся князь. – Чацвёртую…