Выбрать главу

Тут ён запнуўся.

– Чацвёртую і пятую, – падхапіў адвакат, – прысвецім разгляду агульнае эканамічнае сітуацыі…

– Нашага няшчаснага краю, – скончыў князь ужо ледзь не са слязьмі на вачах.

– Панове! – голасна выгукнуў адвакат і выцер нос, акцэнтуючы сваю расчуленасць. – Ушануйма нашага гаспадара, знакамітага абывацеля, найшляхетнейшага з людзей…

– Дзесяць тысяч рублёў, далібог!.. – закрычаў маршалак.

– …уставаннем! – хутка скончыў адвакат.

– Брава!.. Няхай жыве князь!.. – загучалі воклічы пад акампанемент тупату ног і грукату крэслаў.

Група шляхты, што пагарджала арыстакратыяй, крычала гучней за ўсіх.

Князь пачаў абдымаць сваіх гасцей, зусім ужо не пануючы над сваёй узрушанасцю; яму дапамагаў адвакат, які цалаваў кожнага, а сам, не саромеючыся, плакаў. Некалькі чалавек акружыла Вакульскага.

– Уступаю з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў на пачатак, – казаў згорблены граф. – А праз год… пабачым…

– Трыццаць, пане… трыццаць тысяч рублёў, пане… Вельмі, пане… вельмі! – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля.

– І я трыццаць тысяч… тэк! – дадаў граф-англічанін, ківаючы галавою.

– А я дам у два… у тры разы больш, чым… каханы князь. Далібог! – сказаў маршалак.

Некалькі апанентаў з купецкае групы таксама падышлі да Вакульскага. Яны маўчалі, але іх позіркі былі ў сто разоў больш красамоўныя, чым словы.

Следам за імі наблізіўся да Вакульскага чалавек малады, мізэрны, з рэдзенькаю бародкаю і несумненнымі прыкметамі заўчаснае спарахнеласці. Вакульскі сустракаў яго на розных прадстаўленнях, зрэшты, і на вуліцы, калі таго везлі самыя хвацкія рамізнікі.

– Я – Марушэвіч, – сказаў выпетраны малады чалавек, лагодна ўсміхаючыся. – Прабачыць пан, што я прадстаўляюся гэтак бесцырымонна і, у дадатак, маю просьбу…

– Слухаю пана.

Маладзён узяў Вакульскага пад руку і павёў да вакна, кажучы:

– Адразу выкладваю карты на стол, з такімі людзьмі, як пан, нельга іначай. Я бедны, у мяне добрыя памкненні, і я хацеў бы знайсці занятак. Пан стварае суполку, ці не мог бы я працаваць пад кіраўніцтвам пана?

Вакульскі ўважліва глядзеў на яго. Прапанова, якую ён чуў, неяк не пасавала да лядашчага выгляду і неспакойнага позірку маладзёна. Вакульскі адчуў антыпатыю, але запытаўся:

– А што пан умее? Якая ў пана спецыяльнасць?

– Спецыяльнасці я, бачыць пан, яшчэ не выбраў, але ў мяне вялікія здольнасці і магу заняцца чым заўгодна.

– А на які заробак пан разлічвае?

– Тысячу… дзве тысячы рублёў… – адказаў заклапочаны маладзён.

Вакульскі міжвольна паківаў галавою.

– Я сумняюся, – адказаў ён, – што ў нас будуць пасады, якія адпавядаюць панскім патрабаванням. Няхай пан, аднак, зойдзе калі-небудзь да мяне.

Пасярэдзіне кабінета прыгорблены граф пачаў прамаўляць.

– Такім чынам, шаноўныя панове, – казаў ён, – у прынцыпе мы ўступаем у суполку, якую прапанаваў пан Вакульскі. Справа гэта, падаецца, добрая, і цяпер неабходна толькі абмеркаваць падрабязнасці і скласці акт. Дык запрашаю паноў, якія жадаюць быць удзельнікамі, да мяне заўтра ўвечары а дзявятай…

– Буду ў цябе, каханы граф, далібог, – азваўся таўстун маршалак, – і, можа, яшчэ прывяду табе колькі ліцвінаў, ну, але скажы мне, чаму мы павінны ўваходзіць у купецкія суполкі?.. Няхай бы ўжо самі купцы…

– Хоць бы таму, – горача адказаў граф, – каб не казалі, што мы нічога не робім, толькі стрыжэм купоны…

Князь папрасіў слова.

– Зрэшты, – сказаў ён, – мы маем у планах яшчэ дзве суполкі: для гандлю збожжам і акавітай. Хто не захоча належаць да аднае, можа належаць да другое… Апроч таго, запросім шаноўнага пана Вакульскага, каб ён пажадаў удзельнічаць і ў іншых нашых нарадах…

Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.

– І з уласцівым яму талентам меў ласку асвятляць пытанні, – скончыў адвакат.

– Я не ўпэўнены, што буду ў гэтых пытаннях карысны панам, – адказаў Вакульскі. – Меў, праўда, я дачыненні са збожжам і акавітаю, але гэта было ў выключных умовах. Важная там была колькасць і хуткасць дастаўкі, а не кошт… Я не знаюся, зрэшты, на тутэйшым гандлі збожжам.

– Будуць знаўцы, шаноўны пане Вакульскі, – супакоіў яго адвакат. – Яны прадставяць дэталі справы, якія пан меў бы ласку толькі ўпарадкаваць і растлумачыць з уласцівай яму геніяльнасцю…

– Просім… вельмі просім!.. – закрычалі графы, а за імі – яшчэ гучней – шляхта, што ненавідзела магнатаў.

Была ўжо пятая гадзіна, і прысутныя пачалі разыходзіцца. У гэты момант Вакульскі заўважыў, як з дальніх пакояў ідзе да яго пан Ленцкі ў таварыстве маладога чалавека, якога ён ужо бачыў побач з паннаю Ізабэлаю падчас квесты і на свянцоным у графіні. Паны спыніліся каля яго.