– Дазволь, пане Вакульскі, – звярнуўся да яго Ленцкі, – прадставіць табе пана Юльяна Ахоцкага. Наш кузін… трохі арыгінал, але…
– Я даўно ўжо хацеў пазнаёміцца і пагутарыць з панам, – сказаў Ахоцкі, паціскаючы руку.
Вакульскі моўчкі глядзеў на яго. Маладому чалавеку не было яшчэ і трыццаці, і ён, сапраўды, меў незвычайную фізіяноміяю. Здавалася, што ў яго рысы Напалеона першага, зацененыя воблакам рамантычнасці.
– У які бок пан накіроўваецца? – спытаў малады чалавек Вакульскага. – Магу пана суправаджаць.
– Навошта пану турбавацца…
– О, у мяне досыць часу, – адказаў малады чалавек.
“Чаго ён ад мяне хоча?” – падумаў Вакульскі, а ў голас прамовіў:
– Можам пайсці ў бок Лазенак…
– Чаму не, – згадзіўся Ахоцкі. – Я вярнуся яшчэ на момант, каб развітацца з князем, і даганю пана.
Ледзьве ён адышоў, як падхапіў Вакульскага адвакат.
– Віншую пана з поўным трыумфам, – сказаў ён напаўголаса. – Князь літаральна закаханы ў пана, абодва графы і барон таксама… Яны арыгіналы, як пан заўважыў, але маюць добрыя намеры… Хацелі б нешта рабіць, маюць нават розум і адукацыю, але… энергіі не хапае!.. Хвароба волі, пане: цэлы клас ёю заражаны… Усё маюць: грошы, тытулы, пашану, нават поспех у кабет, дык няма чаго ўжо і жадаць. Дык не маючы гэтае спружыны, пане Вакульскі, мусяць яны быць прыладаю ў руках людзей новых і амбітных… Мы, пане, мы яшчэ шмат чаго жадаем, – дадаў ён яшчэ цішэй. – Іх шчасце, што натрапілі на нас…
Вакульскі не адказваў яму ні слова, таму ў адваката закралася думка, што ён мае справу з вельмі дасведчаным дыпламатам, і ў душы ён ужо пашкадаваў, што быў занадта шчыры.
“Зрэшты, – думаў адвакат, скоса пазіраючы на Вакульскага, – хоць бы нават ён і пераказаў князю нашу размову, што з таго?.. Скажу, што хацеў яго выпрабаваць…”
“У якіх амбіцыях ён мяне падазрае?..” – сам сабе задаваў пытанне Вакульскі.
Ён развітаўся з князем, паабяцаў з гэтае пары бываць на ўсіх сесіях, выйшаў на вуліцу і адаслаў каляску дадому.
“Чаго ж трэба ад мяне гэтаму пану Ахоцкаму?” – думаў ён падазрона. – Ясна, што цікавіць яго панна Ізабэла… Можа, ён намерваецца адстрашыць мяне?.. Ёлупень… Калі яна яго кахае, дык не трэба яму і слова казаць, я сам адыду… Але, калі яна яго не кахае, дык няхай сцеражэцца, спрабуючы прыбраць мяне з дарогі… Здаецца, я гатовы зрабіць капітальную бязглуздзіцу ў жыцці, вядома, з-за панны Ізабэлы. Абы ён не трапіў пад руку, шкода хлопца…”
У браме пачуліся хуткія крокі, Вакульскі павярнуў галаву і ўбачыў Ахоцкага.
– Пан чакаў? Перапрашаю! – сказаў малады чалавек.
– Пойдзем у бок Лазенак? – спытаў Вакульскі.
– Чаму не.
Нейкі час яны ішлі моўчкі. Малады чалавек быў задумлівы. Вакульскі расцвелены.
Ён пастанавіў адразу ўхапіць быка за рогі.
– Пан з’яўляецца блізкім кузінам панства Ленцкіх? – запытаўся ён.
– Крыху роднімся, – адказаў малады чалавек. – Маці мая была Ленцкая, – прамовіў ён іранічна, – але бацька ўсяго толькі Ахоцкі. Гэта моцна аслабляе сямейныя сувязі… Пана Тамаша, які мне дзядзька па матчынай лініі, я не ведаў бы да сённяшняга дня, каб ён не страціў маёнтак.
– Пані Ленцкая вельмі вытанчаная асоба, – заўважыў Вакульскі, гледзячы проста перад сабою.
– Вытанчаная? – паўтарыў Ахоцкі. – Лепш няхай пан скажа: багіня! Калі я размаўляю з ёю, мне здаецца, што яна магла б запоўніць усё маё жыццё. Каля яе я адчуваю спакой і забываюся пра тугу, што не адпускае мяне. Але што ж!.. Я не здолеў бы сядзець пры ёй днямі ў салоне, а яна са мною – у лабараторыі…
Вакульскі спыніўся сярод вуліцы.
– Пан займаецца фізікай ці хіміяй?.. – запытаўся ён здзіўлена.
– Ах, чым я толькі не займаюся!.. – адказаў Ахоцкі. – Фізіка, хімія і тэхналогія… Зрэшты, я скончыў прыродазнаўчы факультэт ва ўніверсітэце і механічны ў політэхнічным… Займаюся ўсім патроху, чытаю і працую з раніцы да ночы, але – не раблю нічога. Удалося мне крыху палепшыць мікраскоп, сканструяваць нейкую новую хімічную батарэю, нейкую там лямпу…
Здзіўленне Вакульскага расло.
– Дык пан якраз той Ахоцкі – вынаходнік?..
– Я, – пацвердзіў малады чалавек. – Ну, але што з таго?.. Нічога істотнага. Як падумаю, што ў дваццаць восем гадоў я гэтак мала паспеў зрабіць, дык упадаю ў роспач. Хочацца мне тады паразбіваць усё ў маёй лабараторыі ды кінуцца ў вір салоннага жыцця, куды мяне стараюцца ўцягнуць, альбо – стрэліць сабе ў лоб… Батарэя Ахоцкага альбо электрычная лямпа Ахоцкага… Якое глупства!.. Рвацца некуды з самага дзяцінства і спыніцца на нейкай лямпе – гэта жахліва… Пражыць ледзь не палову жыцця і не знайсці нават следу таго шляху, якім хацелася б ісці – няма рады!..