Выбрать главу

– Хачу задаць пану пытанне… не… два пытанні, вельмі асабістыя, а можа, нават і недалікатныя, – казаў Ахоцкі. – Не абразіцца пан?..

– Слухаю, – адказаў Вакульскі.

Каб ён ужо стаяў на эшафоце, дык не было б у яго гэткага страшнага адчування, як у гэту хвіліну. Ён быў упэўнены, што гаворка пра панну Ізабэлу, і якраз тут вырашыцца ягоны лёс.

– Пан быў прыроднікам? – спытаў Ахоцкі.

– Так.

– І ў дадатак прыроднікам-энтузіястам. Я ведаю, праз што давялося пану прайсці, і даўно шаную пана за гэта… Апроч таго, я нават больш скажу… Цягам апошняга году нават сама згадка пра тыя цяжкасці, якія пераадольваў пан, дадавала мне сілы… Я казаў сабе: зраблю хоць тое, што гэты чалавек, а як не маю такіх перашкодаў, дык – пайду і далей за яго…

Вакульскі слухаў і думаў, што ён трызніць, або гэта размова з вар’ятам.

– Адкуль пан гэта ведае?.. – запытаўся ён у Ахоцкага.

– Ад доктара Шумана.

– Ах, ад Шумана. Але пра што мы гаворым?..

– Зараз скажу, – адказаў Ахоцкі. – Пан быў прыроднікам-энтузіястам і… урэшце кінуў пан займацца навукаю. Дык вось, у колькі гадоў аслабеў запал пана?..

Вакульскі адчуў, нібы яму абухом далі па галаве. Пытанне было гэткае прыкрае і неспадзяванае, што ён не мог адразу не толькі знайсці адказ, але нават сабрацца з думкамі.

Ахоцкі паўтарыў, пільна ўзіраючыся ў свайго таварыша.

– У колькі гадоў?.. – перапытаў Вакульскі. – У мінулым годзе… Цяпер мне сорак шосты год…

– Такім чынам, у мяне, пакуль я зусім астыну, яшчэ пятнаццаць гадоў наперадзе. Гэта дадае мне крыху адвагі… – нібы супакоіў сябе Ахоцкі.

Праз нейкую хвіліну ён дадаў:

– Гэта было адно пытанне, а зараз – другое, але няхай пан не абразіцца. У колькі гадоў мужчыны робяцца абыякавымі да кабет?..

Другі ўдар. Быў момант, калі Вакульскі хацеў схапіць маладзёна за горла і задушыць. Аднак ён схамянуўся і адказаў з лёгкаю ўсмешкаю:

– Мяркую, што кабеты ніколі не перастаюць цікавіць… Наадварот, з кожным годам яны робяцца ўсё даражэй…

– Кепска! – ціха прамовіў Ахоцкі. – Ну, пабачым, хто мацнейшы.

– Кабеты, пане Ахоцкі.

– Як каму, пане, – запярэчыў малады чалавек, зноў глыбока задумваючыся.

І ён загаварыў, нібы сам з сабою.

– Кабеты – важная рэч. Я быў закаханы ўжо, зараз… колькі ж гэта… Чатыры, шэсць… сем, так – сем разоў… Адымае гэта шмат часу і выклікае роспачныя думкі… Дурата адна гэтае каханне… Пазнаёмішся, закахаешся, пакутуеш… Потым нуда або здрада… Потым знойдзеш новую кабету, больш дасканалую за іншых, а яна робіць тое самае, што і менш дасканалыя… Ах, які ж нягодны жывёльны від гэтыя бабы… Бавяцца намі, хоць мазгі іх абмежаваныя, і не ў стане яны нас разумець… Ну, праўда, і тыгр можа бавіцца чалавекам… Подлыя, але прывабныя… Годзе пра іх!.. А тым часам, калі ўжо апануе раз чалавекам ідэя, дык не пакідае яго і не здраджвае ніколі…

Ён паклаў руку на плячо Вакульскаму і, гледзячы яму ў вочы нейкім дзіўным адсутным позіркам, запытаўся:

– Але ж думаў пан некалі пра лятальныя машыны?.. Не пра кіраванне балонамі, што лягчэй за паветра, бо гэта глупства, але пра палёт машыны цяжкай, наладаванай і акаванай, як браняносец?.. Пан разумее, які б здарыўся пераварот у свеце пасля гэткага вынаходніцтва? Няма крэпасцяў, войска, межаў… Знікаюць народы, затое ў надземных пабудовах прыходзяць на свет істоты, падобныя на анёлаў або старажытных багоў… Ужо асвоілі мы вецер, цяпло, святло, маланку… Дык ці не мяркуеш, пан, што надышла і нам самім пара вызваліцца з аковаў цяжару?.. Гэтая ідэя адпавядае духу часу… Іншыя ўжо працуюць над ёю, мяне яна толькі што захапіла, але цалкам… Што мне цётка з яе парадамі і правіламі добрага тону!.. Што мне жаніцьба, кабеты, а нават і мікраскопы, батарэі ды электрычныя лямпы?.. Ашалею, або… прыпну чалавецтву крылы…

– А каб пан іх нават і прыпнуў, дык што?.. – запытаўся Вакульскі.

– Слава, якой не дасягнуў яшчэ аніводзін чалавек, – адказаў Ахоцкі. – Гэта мая жонка, гэта мая кабета… Бывай здаровы, пане, мушу ісці…

Ён паціснуў Вакульскаму руку, збег з пагорка і знік паміж дрэваў.

На Батанічны сад і на Лазенкі ўжо западаў змрок.

“Вар’ят ці геній?.. – прашаптаў Вакульскі, адчуваючы, што сам страціў раўнавагу. – А калі геній?..”

Ён падняўся і пайшоў у глыбіню саду сярод людзей, якія тут шпацыравалі. Яму здавалася, што над пагоркам, з якога ён уцёк, уздымаецца нейкая святая жудасць.

Па Батанічным садзе было не прайсці, на кожнай сцежцы – тлум наведнікаў, што рухаўся калонамі, кампаніямі ці, прынамсі, шэрагамі, а кожная лаўка ўгіналіся пад сціжмаю целаў. Вакульскаму перашкаджалі ісці, наступалі на ногі, штурхалі локцямі. Смех і людская гамана чуліся з усіх бакоў. Уздоўж алеі Уяздоўскае пад сцяною Бельведэрскага парку, пад агароджаю з боку шпіталя, на самых глухіх, нават непраходных сцежках – паўсюль было тлумна і весела. Чым большая цемра ахінала прыроду, тым больш раення і шуму рабілася сярод людзей.