Выбрать главу

“Ужо не хапае мне месца на свеце,” – прашаптаў ён.

Перайшоў у Лазенкі і тут знайшоў трохі больш спакою. На небе заіскрылася некалькі зорак, з Алеі далятаў гоман натоўпу, ад става цягнула вільгаццю. Часам над галавою ў яго пралятаў шумны хрушч або ціха мільгаў кажан, у глыбіні парку жаласна ціўкаў нейкі птах, дарэмна зазываючы таварыша, па ставе далёка разносіўся плюскат вёслаў і смех маладых кабет.

Перад сабою ён заўважыў маладую пару, яны туліліся адзін да аднаго і шапталіся. Саступілі яму дарогу і схаваліся ў цень дрэваў. Яго ахапіла крыўда і жаданне пакпіць з іх.

“Вось яны, шчаслівыя закаханыя! – падумаў ён. – Шэпчуцца і ўцякаюць, як злодзеі… Добра ўпарадкаваны гэты свет, хіба не?.. Хацеў бы я ведаць, ці не было б лепш, каб валодаў ім Люцыфер?.. А каб заступіў мне дарогу які злачынца ды забіў мяне ў гэтым кутку?..”

І ён уяўляў сабе, які прыемны мусіць быць холад нажа, убітага ў гарачае ад запалення сэрца.

“На бяду, – уздыхнуў ён, – сёння ўжо няможна забіваць іншых, толькі сябе можна. Абы раз, і гатова. Ну!..”

Згадка пра гэткую надзейную магчымасць уцячы супакоіла яго. Паступова ён упадаў у нейкі ўрачысты настрой, здавалася яму, што надыходзіць момант, калі ён павінны падвесці рахунак сумлення або агульны баланс жыцця.

“Каб я быў найвышэйшым суддзёю, – думаў ён, – і ў мяне запыталіся, хто варты панны Ізабэлы: Ахоцкі ці Вакульскі, дык я мусіў бы прызнаць, што Ахоцкі… На васямнаццаць гадоў маладзейшы за мяне (васямнаццаць гадоў!..) і гэтакі прыгожы… У дваццаць восем гадоў скончыў два факультэты (я ў ягоным узросце толькі пачынаў вучыцца…) і ўжо зрабіў тры адкрыцці (я ніводнага!). І, апроч таго, гэта чаша, у якой выспявае вялікая ідэя… Дзіўная гэта штука: лятальная машына, але факт, што ён знайшоў геніяльную і адзіна магчымую зыходную кропку. Лятальная машына мусіць быць цяжэй, а не лягчэй, як балон, за паветра, бо ўсё, што ў сапраўднасці лятае, пачынаючы ад мухі і заканчваючы вялізным сцярвятнікам, цяжэй за паветра. У яго правільная зыходная пазіцыя і творчы розум, што ён даказаў, бадай, сваім мікраскопам і лямпаю, дык хто ж ведае, ці не атрымаецца ў яго збудаваць і лятальную машыну? А ў такім разе ён будзе больш значнаю для чалавецтва асобаю, чым Ньютан і Напалеон разам узятыя… І мне з ім спаборнічаць?.. А калі паўстане пытанне, хто з нас павінны адысці, ці ж буду я вагацца?.. Якое ж гэта пекла, сказаць сабе, што сваю нікчэмнасць я мушу ахвяраваць чалавеку, па-сутнасці, гэткаму ж, як і я, смяротнаму, падатнаму на хваробы і памылкі і, у дадатак, – гэткаму наіўнаму… Бо гэта яшчэ смаркач, чаго ён мне толькі не нагаварыў?..”

Дзіўнае супадзенне. Калі Вакульскі быў крамнікам у бакалейнай краме, ён марыў пра перпетуум мобіле, машыну, якая рухалася б сама сабою. Але калі ён трапіў у Падрыхтоўчую Школу і даведаўся, што гэткая машына – недарэчнасць, тады ягоным самым таемным і палкім жаданнем было знайсці спосаб кіравання балонамі. Тое, што для Вакульскага было толькі фантастычным ценем, які блукаў па фальшывых сцежках, у Ахоцкага прыняло ўжо форму практычнага пытання.

“Якое вераломства лёсу! – думаў ён з горыччу. – Двое людзей маюць амаль тыя самыя памкненні, толькі адзін нарадзіўся на васямнаццаць гадоў раней, а другі – пазней, адзін – у галечы, а другі – у дастатку, адзін не змог узбіцца на першы паверх ведаў, а другі лёгкім крокам прайшоў два паверхі… Яго не сапхнуць з дарогі палітычныя буры, як мяне, яму не перашкодзіць каханне, да якога ён ставіцца, як да забавы, у той час як для мяне – хто шэсць гадоў правёў у пустэчы – гэтае пачуцце з’яўляецца небам і збавеннем… Больш нават!.. Ну і ён трыумфуе нада мною ва ўсім, хоць у мяне, прынамсі, тыя самыя адчуванні, тая самая свядомасць сітуацыі, а працаваць мне давялося дакладна больш…”

Вакульскі добра ведаў людзей і часта параўноўваў сябе з імі. Але куды ён ні трапляў, кругом выглядаў крыху лепшым за іншых. Ці як крамнік, які праводзіў ночы над кніжкаю, ці як студэнт, які праз нэндзу ішоў да ведаў, ці як жаўнер пад дажджом куляў, ці як выгнаннік, які ў засыпанай снегам халупе займаўся навукаю – заўсёды ў яго душы была ідэя, што сягала на некалькі гадоў наперад. Іншыя жылі з дня на дзень, дзеля свайго страўніка або кішэні.

І вось ён спаткаў чалавека, вышэйшага за сябе, вар’ята, які хоча будаваць лятальныя машыны!..