Выбрать главу

“А ў мяне сёння ці няма ідэі, на якую працую ўжо год: займеў капітал, дапамагаю людзям і прымушаю іх шанаваць сябе?..”

“Так, але каханне – гэта асабістае пачуццё, усе заслугі, якія яму спадарожнічаюць, падобныя да рыб, падхопленых вірам марскога цыклону. Каб на свеце знікла адна кабета, а ў табе – памяць пра яе, чым бы ты стаў?.. Звычайным капіталістам, які ад нуды гуляе ў карты ў рэсурсе. А тым часам Ахоцкі мае ідэю, якая заўсёды будзе цягнуць яго наперад, хіба што розум яго прытупіцца…”

“Добра, а калі ён нічога не зробіць і замест таго, каб збудаваць лятальную машыну, трапіць у вар’ятню?.. А я тым часам, насамрэч, нешта зраблю. Мікраскоп, батарэя ці нават электрычная лямпа, пэўна, не больш значаць, чым сотні людзей, якім я забяспечваю існаванне. Дык адкуль жа ўва мне гэтая ультрахрысціянская пакора?.. Хто што зробіць – яшчэ невядома. Я ўжо сёння чалавек дзеяння, а ён жыве марамі… Пачакайма з год…”

Год! Вакульскі здрыгануўся. Яму здалося, што ў канцы шляху, названага годам, ён бачыць бяздонную прорву, якая ўсё зацягвае ў сябе, але застаецца пустая…

“Дык нішто… нішто!..”

Інстынктыўна ён агледзеўся навокал. Быў у глыбіні лазенкаўскага парку, на нейкай сцежцы, да якое не далятаў водгалас вуліцы. Нават у верхавінах вялізных дрэваў панавала цішыня.

– Якая цяпер гадзіна? – запытаў нечакана хрыплы голас.

– Гадзіна?..

Вакульскі правёў рукою па твары. Са змроку вынырнуў нейкі чалавек у лахманах.

– Калі ветліва пытаюць, дык ветліва трэба і адказваць, – сказаў чалавек і падышоў бліжэй.

– Забі мяне, дык сам убачыш, – адказаў Вакульскі.

Чалавек у лахманах адступіў. Злева ад сцежкі відаць было некалькі людскіх ценяў.

– Дурні! – закрычаў Вакульскі, ідучы наперад. – У мяне залаты гадзіннік і пару соцень рублёў гатоўкаю… Бараніцца я не буду, ну!..

Цені схаваліся паміж дрэваў, а нехта сцішана прамовіў:

– Гэткія, хай на яго ліха, узыходзяць там, дзе іх не сеялі…

– Быдла!.. Баязліўцы!.. – крычаў Вакульскі ў нейкай беспрытомнасці.

У адказ затупалі ногі ўцекачоў.

Вакульскі сабраўся з думкамі.

“Дзе гэта я?.. Але, у Лазенках, толькі ў якім месцы?.. Трэба ісці ў другі бок…”

Ён павярнуў некалькі разоў і ўжо сам не ведаў, куды ідзе. Сэрца раптам закалацілася, халодны пот выступіў на лбе; першы раз у жыцці ён баяўся ночы і таго, што заблукаў…

Некалькі хвілін ён бег невядома куды, задыхаючыся, дзікія думкі віравалі ў яго галаве. Нарэшце злева ён убачыў мур, а далей – будынак.

“Ага, аранжарэя…”

Потым ён дайшоў да нейкага мастка, спыніўся і, абапёршыся на парэнчы, думаў:

“Дык да чаго я дайшоў?.. Небяспечны супернік… разладжаныя нервы… Здаецца, што ўжо сёння я мог напісаць апошні акт гэтае камедыі!..”

Простая сцежка давяла яго да става, а потым да лазенкаўскага палацу. Праз дваццаць хвілін ён быў на алеі Уяздоўскай і сеў у брычку, якая праязджала побач, а праз чвэрць гадзіны быў ужо ва ўласнай кватэры.

Пабачыўшы ліхтарні і вулічны рух, ён павесялеў, нават усміхнуўся і прашаптаў:

“Што ж гэта за фантазіі?.. Нейкі Ахоцкі… самазабойства!.. Ах, дурата… Прынамсі, я трапіў да арыстакратыі, а што будзе далей, пабачым…”

Калі ён увайшоў у кабінет, слуга падаў яму ліст, які на яго ўласнай паперы напісала пані Мэлітан.

– Тая пані была тут два ражы, – сказаў надзейны слуга. – Раж а пятай, другі раж а вошмай…

XII. ВАНДРОЎКІ ПА ЧУЖЫХ СПРАВАХ

Вакульскі павольна адкрываў ліст пані Мэлітан, прыгадваючы нядаўнія падзеі. Яму здавалася, што ў неасветленым кутку кабінета ён яшчэ бачыць цёмны гушчар парку, цені галадранцаў, якія заступілі яму дарогу, а потым пагорак за студняй, дзе Ахоцкі дзяліўся з ім сваімі задумамі. Але варта было скіраваць позірк на святло, як імглістыя вобразы зніклі. Ён бачыў лямпу з зялёным абажурам, стос папер, бронзавыя фігуркі на стале, і яму пачынала здавацца, што Ахоцкі са сваімі лятальнымі машынамі і яго ўласная роспач былі толькі сном.

“Які ён геній? – казаў сабе Вакульскі. – Звычайны фантазёр!.. І панна Ізабэла гэткая самая кабета, як іншыя… Выйдзе за мяне – добра, не выйдзе – дык, прынамсі, не памру.”

Ён разгарнуў ліст і чытаў:

“Пане! Важная навіна: праз некалькі дзён прададуць камяніцу Ленцкіх, і адзіным пакупніком будзе баранеса Кшэшоўска, іх кузінка і непрыяцелька. Я дакладна ведаю, што яна заплаціць за дом не больш за шэсцьдзясят тысяч рублёў, і ў такім выпадку частка пасагу панны Ізабэлы ў суме трыццаці тысяч рублёў прападзе. Момант вельмі зручны, бо панна Ізабэла мусіць абіраць паміж галечаю і шлюбам з маршалкам, дык яна згодзіцца на кожную іншую камбінацыю. Спадзяюся, што гэтым разам не змарнуеш, Пан, магчымасць, як вэксалі Ленцкага, якія падраў на маіх вачах. Памятай, пан, кабетам гэтак падабаецца, каб іх сціскалі ў абдымках, што дзеля ўзмацнення эфекту трэба іх часам прытаптаць нагамі. Чым хутчэй, пан, гэта зробіш, тым больш пэўнасці, што яна цябе пакахае. Памятай, пан!..