Выбрать главу

        ну, прывет, Волечка, усё прыгажэеш

а яна заўсміхалася гнілымі ад незалечанага карыесу зубамі і папрасіла адразу

        дай цыгарэтку

і ён сказаў

        я і ў школе не курыў, ты ж памятаеш

хацеў ісці далей, але яна спытала неспадзявана

        навошта ты прыехаў у гэты горад, Данііл?

ўдакладніла

        ён жа мёртвы, тут усе мёртвыя

быццам з вачэй яе на імгненне-другое ўпала заслона, бо ён убачыў раптам у іх асэнсаванасць, тугу і боль, і сказаў

        ты ж жывеш у ім, і іншыя людзі, бо не могуць жа ўсе перасяліцца ў Парыж ці Прагу ці нават у якую Вільню па суседству

але яна сумна ўсміхнулася

        таму і не могуць, бо з іх жыццё высмактана, уцякай адсель, Данііл, а то ён змарнуе і цябе, высмакча і твае сілы, забярэ ўсё, — ты ненадоўга сюды, праўда?

і дадала настальгічна

        а памятаеш наш клас?

на што Даніла Прусак адказаў

        а як жа, памятаю, сустракаю таго-сяго іншым разам, вось як цябе

і адчуў сябе ніякавата, бо не любіў пустых успамінаў і робленых размоваў, але яна перапыніла

        з таго класа амаль палова ўжо на могілках ляжаць, я запісваю ўсіх, па нумарах

і тут ужо ён па-сапраўднаму здзівіўся

        навошта ж запісваць, які сэнс?

а Вольга-Алеся адказала

        яны ўсе кпяць з мяне, смяюцца, а спачатку зайздросцілі, дык хто тут застаўся, не з’ехаў — адыходзяць цяпер адзін за другім, я апошняя буду, ужо тады толькі перадусім пасмяюся

але, быццам заслона з’явілася зноў, яна захіхікала, а з апухлага, у зморшчынах, твару глядзелі ўжо на яго вочы той, якой яна была хвіліну назад, — вочы напаўюродкі

        усіх перажыву

какетліва парасмыкнула плячыма, падміргнула, а калі ўбачыла, што мужчына збіраецца крочыць далей, дадала

        ты адзін, Данііл, з мяне ніколі не смяяўся, не думай, я ўсё бачыла

і затрымала яго за кашулю

        дай хоць пару паперак, я за півам збегаю, тут недалёка

і ён дастаў з кішэні некалькі дробных банкнот і, не гледзячы, сунуў ёй у рукі, і твар яе — старэчы, у зморшчынах — палагоднеў, а ёй жа толькі і ўсяго — каля сарака, думаў Даніла Прусак, ідучы далей па цэнтральнай вуліцы, і гэтая вуліца была яму знаёмая: з пяціпавярховымі дамамі, у якіх жылі ў асноўным рускамоўныя вайскоўцы ці былыя вайскоўцы, і ў памяці яго раптам узнік успамін пра тое, як ішла яшчэ на пачатку той перабудовы па гэтай вуліцы рэдкая рыска людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і як на іх зверху, з вокнаў, ляцелі агрызкі і смецце, і мужчына па прозвішчу Даніла Прусак перасмыкнуў плячыма і спыніўся ля вітрыны крамы, дзе пабачыў сябе ў люстэрку — хударлявага, сярэдняга росту бландзіна з шэрымі вачыма і вузкім доўгім тварам, — продкі яго былі са Случчыны, а там здаўна аселі балты, прусакі, адсюль, пэўна, яго і прозвішча, цэлы сельсавет так і называўся — прускі; ён паволі пайшоў, азіраючыся па баках, але ўсё навокал было як раней, хіба толькі яшчэ больш адчуваўся агульны заняпад: у многіх кватэрах вокны былі выбітыя і закладзеныя фанерай, а то і заткнутая рыззём, каналізацыйныя люкі зеўралі пустатой, там-сям іржавелі паваленыя агароджы, а каля харчовых крамаў тоўпіліся брудныя мужчыны і жанчыны з азызлымі азіяцкімі тварамі ў чырвоных пражылках — тварамі аматараў спіртнога і апушчэнцаў, і адтуль даляталі ўвесь час рэзкія крыкліва-істэрычныя воклічы

        матахудабатак і гэтак!

чуў ён, але да боек пакуль не даходзіла, хаця на тварах некаторых з іх бачныя былі старыя і свежыя драпіны і сінякі, тут жа ішоў гандаль цыгарэтамі, жавальнай гумкай — той драбязой, што давала ім магчымасць зноў выпіць шклянку-другую таннага віна і выкрыкваць свае незадаволенае

        хуратаматак і разгэтак!

але ім гэта жыццё было даспадобы, не інакш, думаў Даніла Прусак, бо хто перашкаджаў любому з іх перайсці на другі бок вуліцы і трапіць у іншы свет, дзе заняцца чым-небудзь больш прыстойным, толькі яны не жадалі і не хацелі альбо не разумелі, як тая Алеся, якой калісьці ўсміхнуўся выпадак, але тут жа засмактала, быццам саромеючыся за сваю памылку, бездань, і, абыходзячы лужыны, смецце і бруд, ля якіх там-сям ляжалі, праважаючы яго залепленымі гноем вачыма, худыя, заражоныя лішаём, бадзяжныя сабакі, мужчына ямчэй перахапіў сумку і пакрочыў па вуліцы, якая вяла да ўскраіны, і горад быў ужо быццам той і не той, нешта няўлоўнае змянілася ў паветры, мо таму, што памяняліся некаторыя шыльды і з’явіліся прыватызаваныя крамы, а над мэрыяй зноў лунаў чырвона-зялёны сцяг, і яшчэ ў нечым зусім іншым, хто ведае, ці, можа, у тым, што пабольшала жабракоў і папрашаек, як вось цяпер, думаў мужчына, калі ўбачыў на тратуары сляпога цемнаскурага і чорнавалосага малалетку гадоў дзесяці-дванаццаці, які сядзеў, вытарашчыўшы ў неба бялкі вачэй, а побач стаяла невялікая картонная скрыня, на пярэднім баку якой было выведзена па-расейску і з памылкамі