Выбрать главу

Назаўтра на вакзале яны сустрэліся з Рылюком. Міхаіл Андрэевіч глуха кашляў, вельмі ўзрадаваўся, узяўшы іх пад рукі, павёў па засыпаных снегам шпалах.

— Гаспадарнікам мяне зрабілі, хлопцы, — усміхнуўся ён. — Вось ніколі не думаў, што буду рамантаваць вуліцы і дарогі, спрачацца з домаўласнікамі, прымушаць іх чысціць сметнікі і пад'езды. Але што зробіш — трэба. Зараз устанаўліваем дадаткова на цэнтральных вуліцах палільныя ліхтары. А гарадская дума ўперлася — і ўсё. Не дазваляе ставіць. Бачыце, мы ўмешваемся ў яе справы. Там усе гласныя — недабітыя буржуі. Ну, але мы іх асабліва не слухаем — нядоўга ім кіраваць засталося.

— А як наогул жыццё, Андрэевіч? — спытаўся Юшкоў. — Мы ж з Кузьмой, акрамя казармы і вакзала, мала дзе бываем...

— Жыццё? Абстаноўка цяжкая. У прафсаюзах заселі бундаўцы і паалейцыяністы. Іхняя газетка «Дэр Бекер» заклікае ўсіх яўрэяў не падпарадкоўвацца Савецкай уладзе. Ну, гэты бекер па-іхняму будзільнік значыць. Няма хлеба, паліва. У Мінску тысячы беспрацоўных. Карнілаў з Быхава ўцёк. Многа крыві можа праліцца. Гэты каршун на поўдзень паляцеў, да казацкіх атаманаў. Ну, а як вы, хлопцы, жывяце? Як ты, Кузьма, з жонкай і сынком?

— Прывітанне яны вам перадавалі, Міхаіл Андрэевіч. У госці запрашалі. — Кузьму было прыемна, што Рылюк успомніў пра яго сям'ю.

— Абавязкова прыйду. Толькі трохі пазней. Ліхтары пастаўлю на вуліцах, асвятлю сабе дарогу і прыйду. — Рылюк засмяяўся, пацёр рукі, на якіх не было пальчатак. Потым, спахмурнеўшы, спытаўся:

— А як з прадуктамі? Ёсць што есці?

Кузьма развёў рукамі:

— Як усе, так і мы. Праскоўя на фабрыцы працуе, трохі зарабляе, ды я свой салдацкі паёк прыношу. Перабіваемся. Як кажуць: кішка кішцы марш іграе.

— Невясёлы гэты марш, хлопцы. — Рылюк звузіў вочы. — Усюды голад. На рынку за пачак сахарыны аддаюць веласіпед. Усё зараз залежыць ад вёскі. Пойдзе вёска за Савецкай уладай, паверыць ёй — будзе хлеб. Хто ў цябе ў вёсцы, Кузьма?

— У мяне? — Кузьма не чакаў такога пытання і разгубіўся. — Маці, бацька, дзед, сястра з братам. Усе ў мяне там.

— Як думаеш: дадуць яны хлеб гораду, хаця б табе, тваёй сям'і?

Рылюк глядзеў на Кузьму, і ў ягоным поглядзе і голасе не было ўсмешкі. І ўпершыню заўважыў Кузьма, што ў Рылюка вельмі схуднелы, бела-жоўты твар, нібы вылеплены з воску. «Ён жа болей, чым мы, галадае», — падумаў Кузьма.

Разгублена ішоў Кузьма па шпалах, часам спатыкаўся аб іх. На гэтае, здавалася б, такое простае пытанне ён не мог адказаць адразу. «І праўда, ці дасць мой бацька хлеб гораду? Ці дасць Івану Юшкову, які абараняе яго, Рылюку, што гніў за яго на катарзе? Бацька працуе ўсё жыццё, як вол пад'ярэмны, днюе і начуе ў баразне. І ў самога хлеба гэтага ледзь да каляд хапае. А тут трэба падзяліцца няшчаснай скарынкай з людзьмі, з чужымі людзьмі, якіх ён і ў вочы не бачыў...»

Кузьма вінавата глянуў на Рылюка, ціха сказаў:

— Мне б ён даў...

І змоўк.

— Вось бачыце, хлопцы, што нас з вамі яшчэ чакае? — таксама ціха і павольна прамовіў Рылюк. — Нам яшчэ адну рэвалюцыю трэба зрабіць. У душах людскіх. І гэта рэвалюцыя нялёгкай будзе.

Словы Рылюка развярэдзілі душу. Ідучы позна ўвечары да Праскоўі ў барак, са шчымлівым хваляваннем успамінаў Кузьма свае Чмялі. Зноў выплылі яны з прадоння памяці. Як ні грымела вайна, якімі пажарамі ні абпальвала сэрца, а яны заставаліся на зямлі і ў памяці вечныя, нязменныя, нібы зоркі ў небе. Толькі цяпер да ўспамінаў прымешвалася трывога. З абвостраным пачуццём падумаў ён, што там, у Чмялях, ідзе цяпер вялікая сяўба. Так, сяўба, хоць палеткі замураваў снег. Там сёння сеюцца зярняты новага жыцця. Так хацелася яму, каб дзед, і бацька, і Антон, і ўсе землякі не засталіся ў баку ад гэтай сяўбы.

«Хоць бы краем вока глянуць на іх», — падумаў Кузьма і надбавіў кроку. Не ведаў ён, крочучы пад чорным халодным небам, што вельмі хутка лёс падаруе яму радасць — прывядзе ў родныя Чмялі. Адкуль яму было ведаць? Віравала на зямлі рэвалюцыя, мяняліся шляхі народаў, і ягоны шлях сярод гэтых вялікіх шляхоў быў павуцінкай, што трапяталася пад агністым ветрам.