«Ну і халадэча, — думаў Кузьма. — У вёсцы азіміна можа загінуць... А тады — голад, і ўсё, і не ўстане Савецкая ўлада».
Апошнім часам ён пачаў заўважаць, што думае не толькі пра сваю сям'ю, пра сябе, але пра вёску і горад, пра ўсю краіну. Быццам ён адказны за тое, каб усё было добра, каб мацнела бальшавіцкая сіла. Гэтае новае пачуццё радавала яго. «Не ўсё ж мужыку на сваю саху глядзець, трэба і на сонца глянуць», — думаў ён.
Чарга павольна рухалася наперад. Яна здавалася чорнай зледзянелай вужакай, якая выпаўзла з цёплага падзямелля і здранцвела на белых сумётах.
— У вас не знойдзецца закурыць? — спытаўся дзядок у Кузьмы.
Вочы строгія, насцярожаныя, і ў глыбіні іх, аж у зрэнках, віднеўся сум. Пэўна, дзядок з былых.
— Не куру, — адказаў Кузьма і, каб больш пераканаць дзядка, ляпнуў рукой па пустых кішэнях.
— Цяпер усе не кураць, — з халоднай усмешкай варухнуў сухімі вуснамі дзядок. — Я не здзіўлюся, калі заўтра ўсе перастануць есці...
У яго ў роце, нібы кавалачак лёду ў чорнай бяздоннай пельцы, блішчаў залаты зуб. Кузьма прамаўчаў.
Між тым чарга наперадзе зашумела, захвалявалася. Слабыя жаночыя галасы, якія супраць нечага пратэставалі, упэўнена і ўладна перакрыў звонкі голас:
— Грамадзяначкі, супакойцеся, — залазіў у вушы Кузьмы гэты вясёлы малады голас. — Адна хвіліначка, толькі адна хвіліначка, і я не буду вас турбаваць...
Кузьма з дзядком, каб лепш убачыць, што робіцца наперадзе, выйшлі з чаргі. Аказваецца, гэта гаварыў, супакойваў жанчын нізенькі тоўсценькі салдат. Кузьма бачыў толькі яго гладкую спіну і вушы, чырвоныя ад марозу.
— Грамадзяначкі, — спрытна стаўшы першым у чарзе, гаварыў салдат, — я на фронце за вас усіх тры літры сваёй крыві праліў. Точна. Урачы падлічылі. Няўжо я не заслужыў, каб, не стоячы на марозе, узяць трохі няшчаснай газы?
Ён спрабаваў жартаваць. Жанчынам было не да жартаў, але яны, пабурчэўшы для прыліку, змірыліся — вайскоўца ж служба чакае.
— Во як камісарыў з народам гавораць, — аж крэкнуў дзядок і ўтуліў галаву ў плечы.
Зноў усталявалася цішыня, звонкая, каменная. Салдат, наліўшы газы ў вядро, весела пасвістваў, збіраўся ўжо адыходзіць. І тут Кузьма паклаў яму руку на плячо:
— Таварыш салдат, можна цябе?
Салдат рэзка азірнуўся, аж нешта трэснула ў яго шыі. Гэта быў Вальдэмар Кабскі. Тыя ж самыя мяккія пульхныя шчокі, чорныя кароткія валасы, ужо сівыя на скронях. Толькі жываток трохі паменшаў.
«Значыць, і яму не дужа соладка жывецца», — падумаў Кузьма і спытаўся:
— Дык колькі, Валодзя, ты крыві на фронце праліў?
— Кузьма, — не міргнуўшы вокам, весела азваўся Кабскі. — Каб ты спух, Кузьма... — Ён пацягнуў Кузьму за рукаў: — Пойдзем адсюль...
Калі яны адышліся ад чаргі, Кабскі спытаўся:
— А ты гладкі стаў, спраўны... Нябось, начальнікам у бальшавікоў...
Кузьма ўважліва паглядзеў на яго і сказаў, стараючыся быць спакойным:
— Газаю гандляваць сабраўся? Не можаш без хітрыкаў?
— Ты што? — Кабскі пакруціў пальцам каля скроні.
— Я табе сур'ёзна гавару, Валодзя. Кінь свае штучкі. Ты мог гарадскому галаве чмут у вочы пускаць, а рабочы народ ашукваць я табе не дазволю.
— Хто ты такі? Нарком? Камендант горада? — Кабскі спыніўся і паставіў вядро з газай на снег. — Ці не з табой мы блох кармілі ў адной камеры? Ой, не задзірай нос, Вальдэмар Кабскі гэтага не любіць. Ты жывеш, і я хачу жыць.
Ён сагнуўся, каб зноў узяць посуд, але Кузьма стукнуў нагой па вядры. На снезе зачарнелася вялізная тлустая пляма. Колькі імгненняў Кабскі глядзеў на яе разгубленымі вачыма, потым кінуўся на Кузьму:
— Лапаць! Ды я ў цябе селязёнку выдзеру.
Кузьма з усяе сілы сціснуў яму кісці рук, а затым адштурхнуў яго ад сябе. Кабскі ўдарыўся спінай аб цагляную сцяну, асеў на снег.
— Ну што — супакоіўся? — сказаў Кузьма, узяў з зямлі жменю снегу, прыклаў яе да шчакі. Шчака гарэла. Кабскі ўсё яшчэ сядзеў на снезе, засоўваў руку за халяву бота. «Нож шукае», — падумаў Кузьма.
— Вайсковую форму ты таксама ў некага ўкраў? — спытаўся ён. — Ты, як воўк, табе абы кавалак мяса. З-за яго ты можаш забіць старога, жанчыну, дзіця. Але ваўкам усё меней застаецца разгону. І не шукай за халявай. Нічога ў цябе там няма. А я зараз, для тваёй жа карысці, здам цябе патрулю. Паднімайся і пойдзем.
Кабскі ўстаў, абтрос снег з адзення, засмяяўся:
— Пажартавалі — і хопіць. Мне дадому трэба. Мо зазірнеш?
Яны пайшлі па вуліцы. Спераду Кабскі з парожнім вядром у руцэ, ззаду Кузьма. Зверху, з шэрага сталёвага неба, наплываў на горад змрок. Вецер шумеў у дрэвах, гуў у вадасцёкавых трубах.