Выбрать главу

Яго раптам скаланула ад холаду. Ён устаў, выйшаў з двара. Захацелася сустрэць Яніну, расказаць ёй пра ўсё. Але не. Яшчэ не хапала, каб Яніна ўбачыла, як ягоная маці цягне плуг. Трохі падумаўшы, Антон пайшоў да Лаўрэна Лапыцькі.

Лаўрэн не грэўся, як звычайна, на печы. Разам з нейкім сівым і лысым дзядзькам ён сядзеў за сталом, на якім стаялі міска квашанай капусты і бутэлька з гарэлкай, напалову выпітая.

Антон нерашуча патаптаўся ў парозе.

— Заходзь. Чаго стаіш? — падбег да яго Лаўрэн і за руку пацягнуў да стала.

— Гэта ж во ў мяне чалавек папрасіўся пераначаваць, — гаварыў ён, наліваючы Антону гарэлкі. — Карову купіў. Аж са Слуцка вядзе...

Лысы дзядзька, ужо трохі п'янаваты, весела падміргнуў Антону і раптам заспяваў тонкім пісклявым голасам:

Із-за Слуцка, Із-за Клецка, Едзе служба Маладзецка-а-а...

— Бачыш, які ў мяне вясёлы госць, — пахваліўся Лаўрэн Антону. Але сам быў сумны, толькі памачыў губы ў гарэлку, сядзеў, перакочваў у бяззубым роце хлебную скарынку.

— Я сам пра сябе скажу, чалавеча, — засмяяўся лысы дзядзька і павярнуўся да Антона: — Выпі спачатку ёта каліва...

Гарэлка, здаецца, абпаліла горла. Антон папярхнуўся.

— Укусі капусты, — падсунуў яму талерку дзядзька. — Агонь з душы здыме... Дык сам я Дзяніс Каўшырка. Дзяцей у мяне восем душ. Хата ё і гаспадарка ё. А жонка ўвосень памерла. Наступіла нагой на ржавы цвік. Застаўся я адзін, як месяц у небе. А тут і карова ў балота правалілася і прапала. Ну і надумаў я новую карову купіць — дзецям жа трэба нешта есці. Швагер мой каля Слуцка жыве, ён мне нараіў ету кароўку. І вось са Слуцка, на Друць, да Бялынічаў іду. Чулі пра такія?

— Чулі, — махнуў галавой Лаўрэн. — Там усе людзі з белымі валасамі.

— Ну і ўпаліў, — ад смеху вочы ў Каўшыркі звузіліся ў малюсенькія шчылінкі. — Ды ты глянь на мяне — я цяпер лысы, а раней багаты волас меў. Рыжы ў мяне волас, ангельскі. Так што розныя людзі там жывуць.

Антон еў нясмачную, пераквашаную капусту, глядзеў на Каўшырку.

Дзіўны чалавек і гаворыць неяк дзіўна, не так, як у Чмялях. Гаворыць «ета», «ё».

— Дзядзька, — спытаўся Антон, — вось вы па зямлі прайшлі. Як народ жыве?

— Народ, чалавеча, жыве. Куды яму дзецца, народу? Улада новая, так я разумею, правільная. За мужыка стаіць. Ды толькі кожны ўладу ету па-свойму разумее, на свой капыл. Адзін ад яе паболей ухапіць хоча, другі крычыць, што сябра ёй самы лепшы. А ўчора за здароўе цара-бацюшкі маліўся.

— А не баяўся ты з кароваю ісці? — пацікавіўся Лаўрэн. — Рознага ж люду бадзяецца цяпер па дарогах.

— Хіба я дурны? — пацёр чырвоную лысіну Каўшырка. — Я днём іду, а ноччу ў добрых людзей пераначую. Вот у цябе папрасіўся. А страх ё. Страх у чалавеку з малых гадоў сядзіць. Я сам, праўду вам скажу, страху нядаўна набраўся. І не ад бандзюкоў якіх-небудзь, а можна сказаць, па глупству. Зяць мой Ахрэм памёр — бервяном у лесе забіла. Ну, пахавалі яго, хаўтуры зрабілі, дачка пайшла з дзецьмі ў маю хату начаваць, а я — у яе хату. Ляжу на печы, сплю. І раптам чую — цюк-цюк... Быццам хто па хаце ходзіць. Вочы расплюшчыў — цемра кругом. Думаю — здалося. Толькі зноў быў задрамаў, чую зноў — цюк, цюк, цюк... Ходзіць. Па хаце ходзіць, і нібы на капытках якіх. Здранцвеў я, не дыхаю. А яно ўжо да печы ідзе. І вот ужо нібы на ўслончык узлазіць, што каля печы стаіць. Валасы ў мяне дыбам узняліся. Ляжу і хрышчуся. А яно зноў ад печы адышлося. Так усю ноч і пракалаціўся, як ліст асінавы.

Каўшырка ўздыхнуў, наліў яшчэ гарэлкі.

— А што далей было? — спытаўся зацікаўлены Антон і азірнуўся на акно, каля якога сядзеў.

— Анічога, — лоўка кульнуў Каўшырка сваю чарку і крэкнуў. — Бачыш: жывы я. Нават кароўку сабе купіў. Ета, ведаеце, што было? Парасё было. Брат мой, Рыгор, прынёс яго маёй Мархве, дачцэ. У мяшку прынёс і паклаў каля печы. А парасё ета дурное паляжала, паляжала, адагрэлася і пайшло па хаце гуляць...

Каўшырка паглядзеў на Лаўрэна з Антонам, засмяяўся і заспяваў:

— Гарэліца-пітуліца, А хто ж к табе прытуліцца, Як я памру?

— Вясёлы ты чалавек, — з сумам сказаў Лаўрэн. — А я вось так не магу...

Ён устаў з-за стала, прайшоўся па хаце, сеў на лаву, ашчаперыў галаву рукамі. Заціх, быццам скамянеў. Было чутно, як свішча за акном вецер.