Выбрать главу

— І мяне жыццё ў полымя кідала і ў гразі качала, — пасур'ёзнеў Каўшырка. — Але жыць жа трэба. Жыць трэба, чалавеча. Пакуль кроў у табе ё. Ты, бачу я, на пні засох. А жыццё такіх сухіх людзей абыходзіць. Цябе б на кут — замест абразоў...

Антон убачыў, як уздрыгнуў Лаўрэн. Здалося, зараз ён пакрыўдзіцца, раскрычыцца, нават з хаты выганіць госця. Але прайшла хвіліна, другая, а Лаўрэн маўчаў.

«Ну і целяпень ты, дзядзька, — падумаў Антон, — слоўца за сябе не можаш закінуць...»

— А ты жанаты, хлопец? — спытаўся ў Антона Каўшырка.

— Не, — адказаў Антон. — Думаю жаніцца... — І пачырванеў.

— Ета добрае дзела. — Каўшырка масціўся на лаве на начлег. Паклаў пад галаву сваю палатняную торбачку, развязаў на нагах аборкі. — Жонка і качаргой можа пад гарачую руку пачаставаць, і па душы разануць, як піла, але нам, мужчынам, яна заўсёды падтрымка. Мая Тэкля добрая была...

Ён перахрысціўся на абразы, лёг, нацягнуў на галаву світку і амаль адразу захроп.

— Я пайду, дзядзька. Спакойнай вам ночы, — сказаў Антон Лаўрэну.

— А чаго ж ты прыходзіў?

— Ды так, — адказаў Антон.

Ён прыйшоў дадому, з парога пачуў, як стогне Дзіна. Асцярожна падышоў да сястры, пагладзіў яе па валасах, спытаўся:

— Дужа баліць, Дзіяка?

Дзіна глянула на яго ўдзячнымі вачамі, цераз сілу ўсміхнулася. На хату і на вёску апускалася начная цішыня. Толькі адзін гук заставаўся ў ёй да самай раніцы. Было чутно, як шашаль точыць старое дрэва.

Раніцой Антон прачнуўся ад бацькавага голасу.

— Ты чуеш, Аўдоля, — гаварыў Прахор. — У Лаўрэна Лапыцькі карову сёння ноччу ўкралі...

— У яго ж нямашака каровы. — Аўдоля сядзела на ўслончыку і абірала ў чыгунок бульбу на снеданне.

— Дык не яго карову. Папрасіўся ў яго пераначаваць нейкі не наскі чалавек. Вёў карову, кажуць, з-за Слуцка...

Антон хуценька апрануўся і выбег на вуліцу. Ноччу была завіруха. Каля варотцаў і каля прызбы намяло вялізныя гурбы мяккага сіняватага снегу. Уверсе гурбы канчаліся пакручастымі брылямі, на якіх курэў снежны пыл.

Лаўрэн Лапыцька, як уюн, круціўся на сваім двары, раз-пораз падбягаў да хлеўчука, усё абмацваў прабой. І цёр рукавом чырвонага кажуха вочы, усхліпваў:

— Напільнікам перарэзалі... Ах, нелюдзі! Што ж я чалавеку чужому скажу, як у вочы гляну?

Каўшырка ў адной кашулі стаяў каля плота. Твар у яго быў разгублены, белы. Здавалася, ён яшчэ не зусім зразумеў, якая бяда яго напаткала. Убачыўшы Антона, паклікаў:

— Ідзі сюды, хлопец!

Антон спалохаўся: а што, калі Каўшырка падумае, што ўчора ён наўмысна так позна сядзеў у Лаўрэна? Загаворваў зубы, а ў гэты час з хлява выводзілі карову.

Але Каўшырка, сумна ўсміхнуўшыся, сказаў яму:

— Бачыш, хлопец, як дзела ета павярнулася? Сядзелі мы тут, байкі баілі, а ліхі чалавек не спаў...

— Можа, усё добра будзе, дзядзька... Можа, знойдзецца ваша карова, — паспачуваў Антон, хоць сам не верыў гэтаму.

— Э, братка, — махнуў рукой Каўшырка. — Ваўкі яе ўжо дояць, маю карову... — Ён быў падобны на пакрыўджанае дзіця.

Тым часам на двор сыходзіліся людзі. Чутка, што ў Лаўрэнавага госця ўкралі карову, хутка разнеслася па Чмялях, і амаль кожны чмялёвец на хвіліну заходзіў сюды, каб на свае вочы ўбачыць, што так яно і ёсць. Людзі хадзілі каля хлява, краталі рукамі зламаны замок, прыцмоквалі, гаварылі:

— Спяцы рабілі... Не нашы... Пэўна, прыблуды нейкія з лесу...

І ўсе шкадавалі, што ноччу была завіруха і замяло сляды.

Прычыкіляў Сямён-артылерыст. Адразу, нібы старому знаёмаму, сказаў Каўшырку:

— Чаго ты без адзежыны стаіш на двары? Хочаш богу душу аддаць? Дык бог гэты ў нас у Чмялях дужа халодны...

Каўшырка глянуў на яго, увесь сцепануўся і пайшоў у хату.

А Сямён пахадзіў каля хлява, паўглядаўся ў прытаптаны нагамі снег, уздыхнуў:

— Што цяпер знойдзеш? Спрытна зрабіў нейкі гад, мурашак яму ў штаны...

Зноў узнімалася завіруха. Вецер загуў у старой ліпе, у частаколлі. На стрэхах хат закруціліся воблачкі снежнага пылу. Была ў голасе ветру нейкая жальба, нейкая скарга. Хутка ўвесь Лаўрэнаў двор патануў у шчыльнай белай смузе. Людзі разышліся па сваіх хатах. Толькі адзін Лаўрэн стаяў каля расчыненага хлява і нешта шаптаў сам сабе пабялелымі вуснамі. Яму, хоць забі, не хацелася ісці ў хату, у якой быў Каўшырка. Так стаяў ён у халодным здранцвенні, пакуль нечая рука не лягла яму на плячо. Лаўрэн уздрыгнуў, азірнуўся і ўбачыў свайго кватаранта Мішку Сырамалота. Нават бровы ў Мішкі былі белыя ад снегу.

— Бяда, Мішка, — скрывіўся, ледзь не плачучы, Лаўрэн. — Што рабіць? Хай бы яны мяне самога, як тхара, задушылі, а чалавекаву карову не чапалі...