Мішка, нахмурыўшыся, зморшчыўшы лоб, памаўчаў.
— Што ж рабіць? — не сунімаўся Лаўрэн. — Грэх на маю душу лёг... У чалавека васьмёра дзяцей. І жонка памерла. А выходзіць, я ў іх малако адабраў...
— Чаму ж ты, дзядзька? — ціха сказаў Мішка, увесь час аб нечым напружана думаючы.
— А хто? Я. Не мог, стары пень, за сваім хлявом прыгледзець. Ведаў жа, што розны народ бывае. У пятнаццатым годзе тут Цімох Гладкевіч хлявы і клеці чысціў, пакуль не затаўклі яго стражнікі каля Дулебка Пры старой уласці кралі, пры новай — крадуць. Во свет!
Лаўрэн згорбіўся, зморшчыўся, здавалася, вось-вось заплача. Абодва колькі хвілін пастаялі моўчкі, і раптам Мішка, нібы нешта ўспомніўшы, крута павярнуўся і хуценька пайшоў з двара.
— Куды ж ты? — паклікаў Лаўрэн, але Мішка нават не азірнуўся. Ён, спяшаючыся, ішоў па вуліцы, і ягоныя сляды замятала снегам.
Лаўрэн адчуў сябе яшчэ больш адзінока. Так непрытульна было на душы. Ён зайшоў у хляўчук, патаптаўся там трохі, абы не ісці ў хату. З паўахапачка сена валялася каля сцяны — карова не паспела даесці. Праз расчыненыя вароты на сена намяло снегу, і яно ляжала, як нечыя доўгія сівыя валасы.
«Можа, прадаць хату, а грошы аддаць чалавеку? — раптам падумаў Лаўрэн. — Толькі дзе цяпер купца знойдзеш?» І яго апякла злосць на свой лёс, на сваю адзінокую, амаль жабрачую старасць. Навошта чалавеку было нараджацца, калі ўсё ягонае жыццё — як ваўчынае галашэнне ў піліпаўку?
«Хіба ж я не хацеў шчасця? — адчуваючы, як пачынае калаціцца сэрца, як да ног падкочваецца млоснасць, думаў Лаўрэн. — Хіба Ганну і дзетак сваіх не любіў? Ці, можа, працаваць не хацеў, зломкам быў? Дык не ж. Да цямна, яшчэ малады, на паласе сваёй пні карчаваў. Рукамі і зубамі іх з зямлі выдзіраў. Адзін. Помачы не было. Баяўся, што кілу магу нажыць. І хату сам зрубіў, і калодзеж выкапаў. За што ж мне гора такое?»
Ён аж задыхнуўся ад крыўды, ад бездапаможнасці. Халоднае зімовае неба плыло над ім. Там, у небе, сярод ветру і снегу, плылі душы людзей, што, нібы мякіна, былі адвеяны з зямлі смерцю. Там былі родныя яму душы. Яны глядзелі на яго з ледзяной вышыні, але не маглі паклікаць, бо голасу не мелі. І яны пасылалі яму прывітанне з гэтым снегам, што, падаючы зверху, ціха і мякка цёрся аб ягоныя шчокі.
— Дзядзька Лаўрэн, — выйшаўшы з хаты, паклікаў яго Антон. — Чаго вы там стаіце? Хадзіце сюды.
Павольна і цяжка пайшоў Лаўрэн у сваю хату. Каўшырка сядзеў на лаве, пераабуваў лапці. Убачыўшы прыгнечаны твар гаспадара, слаба ўсміхнуўся:
— Ну чаго ты ўжо так узяў у галаву ёта дзела? Абы мы былі, а каровы будуць. Грошай патроху збяру, гады праз два зноў куплю. У сястры маёй карова ё. Кубак малака дзецям маім дасць. Усё ж сестрына карова.
Лаўрэн маўчаў, стаяў ля парога, як няпрошаны госць. Каўшырка ж, здаецца, зусім забыўся пра сваю бяду. Дастаў з торбачкі хлеб, сала, пачаў іх рэзаць на стол і гаварыў:
— Каб жа ведаў, чалавеча, дзе спатыкнешся... У майго суседа Мікіты Доўгага карову ў полі маланкай забіла. Кароў дваццаць хадзіла, а Ілля, прарок еты самы, толькі ў яе пацэліў. А кароўка дробненькая была, невялічкая.
«Ну і душа ў чалавека, — думаў пра Каўшырку Антон. — З крэменя. Іншы б ужо слёз поўную дзежку наплакаў. А гэты сала рэжа, нават пасміхаецца...»
Антон не пайшоў дадому. Нешта затрымала яго ў гэтай хаце. Відаць, чужое гора, якому хацелася паспачуваць, на якое хацелася паглядзець, хоць і халаднела ад яго ўсярэдзіне. Як прыкмеціў Антон, гэта было больш Лаўрэнава гора: быццам Лаўрэнаву карову ўкралі.
Антон ужо даўно заўважыў, што ў нечым яны падобныя, ён і Лаўрэн Лапыцька. Не заўсёды яму падабалася гэтае падабенства, нават не хацеў ён яго, але што зробіш? «Чым мы падобныя? — седзячы на старым Лаўрэнавым сянніку, пакутліва думаў ён. — Пэўна, адзінотай сваёй. Жывём, як сіроты, сярод людзей...»
Нарэшце Лаўрэн трохі ачомаўся, падышоў да Каўшыркі, вінаватым голасам сказаў:
— Што ж будзем рабіць, Дзяніс?
— А што рабіць? — узняўся з лавы Каўшырка, і аказалася, што ён на галаву вышэйшы за Лаўрэна. — Ты будзеш маліцца, а я буду песні спяваць.
Яны зноў змоўклі. Кожны думаў пра сваё. Мякка біўся ў мутныя шыбы снег. І тут дзверы расчыніліся, і ў хату ўвайшоў Мішка Сырамалот. Зняў з галавы белую ад снегу шапку, стукнуў ёю аб калена, весела сказаў, звяртаючыся да Каўшыркі:
— Ідзі забірай сваю рагулю.
На нейкае імгненне ўсе анямелі.
— Няўжо знайшлі? — першы апамятаўся Лаўрэн і выбег на двор.
За ім выйшлі Каўшырка з Антонам. Каўшырка, хоць вочы ў яго радасна свяціліся, ішоў надта спакойна. Быццам яго нічога не цікавіла. На двары стаяла і галодна мыкала чырвона-бурая карова. Адзін рог у яе быў абламаны, на другі накінута вяроўка. Мішка адвязаў вяроўку ад плота, горда глянуў на Каўшырку. Той трохі патаптаўся, збіў шапку на патыліцу, сказаў: