Выбрать главу

Голас у яго быў ціхі, стомлены.

Антон глянуў на яго новыя белыя буркі ў чорных бліскучых галёшах, сумнавата ўсміхнуўся:

— Не так, як у горадзе. У нас тут свая публіка: коні ды свінні.

— А я толькі што з вашага павета, з Ігумена прыехаў, — не прыняў яго жарту Гайкевіч. — І адразу да цябе. Збірайся, братка, у Менск.

— У Мінск? — здзівіўся Антон. — Чаго? У мяне там родзічаў няма.

— У цябе там будзе аж за тысячу родзічаў. 15 снежня Усебеларускі кангрэс збіраецца. Лёс краю свайго будзем вырашаць.

— А мне чаго туды ехаць?

— Ты, братка, будзеш дэлегатам ад Чмялёўскага валаснога земства. Уся Беларусь збіраецца. Ад кожнай губерні, кожнага павета людзі павінны прыехаць. І ад бежанцаў нашых, па белым свеце раскіданых. Ад пяцідзесяці сем'яў адзін дэлегат. І ад ваякоў-беларусаў. Пяць тысяч ваякоў пасылаюць аднаго свайго чалавека. Будуць таксама дэпутаты Устаноўчага сходу ад Беларусі. На Вялікі Народны збор, Антоне, паедзеш.

Гайкевіч гаварыў гэта ўрачыстым голасам, вочы ў яго ззялі.

— Мяне ж ніхто туды не выбіраў. Як я паеду? — разгубіўся Антон.

— У нас не выбіраюць. Цябе, як дэлегата, запрашае Беларуская рада. І ўсіх так. Я ў павеце наконт цябе дамовіўся. Толькі, — Гайкевіч сцішыў голас, — нікому пра гэта ні слова. Не трэба, каб лішнія вушы чулі. Асабліва новым сённяшнім начальнікам не прагаварыся. Хто ў вас тут у начальстве цяпер ходзіць?

— Каваль Бацюта. З нашых — Яўхім Сцепанюга, Мішка Сырамалот і яшчэ чалавек пяць...

— Ну во. Гэтым не трэба ведаць. Яны нас не дужа шануюць...

Ён сказаў слова «нас» так, быццам быў, самае меншае, стрыечным братам Антону.

— Бацьку ж з маці я павінен сказаць, куды паеду, — нахмурыўся Антон. Ён ужо цвёрда вырашыў: як бы там ні было — паедзе ў Мінск. Ніхто не можа яму забараніць. Хоць раз на белы свет трэба глянуць, людзей убачыць. У душы ён быў вельмі ўзрадаваны: з Чмялёў запрасілі яго, толькі яго.

— Бацькам можаш сказаць, — дазволіў Аркадзь. — Я ведаю: яны ў цябе неязыкатыя. Бо табе мандат і пропуск на з'езд, — дастаў ён з унутранай кішэні паліто доўгую жаўтаватую паперыну, — а во трохі грошай: на білет. Грошай яшчэ вазьмі з сабой і з'есці чаго, бо ў Менску з харчаваннем слаба. І заўтра выбірайся ў дарогу. Як прыедзеш, адразу пытайся, дзе гарадскі тэатр. З'езд будзе ў тэатры. Ну, братка, не падводзь мяне. А я пабягу. Мяне фурманка на Ігумен чакае.

Ён паціснуў Антону руку, павярнуўся і пайшоў. Ад яго галёшаў на снезе заставаўся прыгожы след — дробненькія кружочкі і зорачкі. Антон сеў на лавачку, паглядам правёў Гайкевіча да павароткі. Над галавой, ушчыміўшыся ў плот, голым голлем шумела сліва. Непадалёку выбегла з хаты Франя Перуноўская без хусткі, з голымі па локаць рукамі. У дзіравым вядры несла жар з печы, сыпанула яго ў снег. Чырвоныя распаленыя вугольчыкі аж запішчалі ў халодным снезе, а над тым месцам, куды яны ўпалі, узнялося воблачка белай пары. Франя ўсміхнулася Антону і зноў пабегла ў хату. «Заўтра я еду ў горад», — падумаў Антон, і яму зрабілася трывожна і весела.

Бацька трохі пабурчаў, а потым махнуў рукой:

— Едзь! Калі дзе ўбачыш сякеру добрую — купі. Наша ўжо зусім пашчэрбілася...

Маці заплакала:

— Што ты надумаў, сынок? Заб'юць яшчэ дзе-небудзь у дарозе, пад поезд кінуць...

Потым чым маглі пачалі пакаваць Антону торбу. У белую лапінку загарнулі соль.

— Шчаслівы ты, Антон, — усё яшчэ моршчылася ад болю, уздыхала Дзіна. — Горад убачыш, можа, дзе Кузьму нашага сустрэнеш...

Прахор патаптаўся ў хаце і пайшоў на вуліцу.

— Глядзі ж, ні з кім не вадзіся, — павучала маці. — Загаворыць такі чалавек зубы, чмуту ў вочы напусціць, а потым хеўру сваю навядзе на цябе...

Антону было прыемна, што за яго так баяцца, клапоцяцца аб ім. Быццам ён зрабіўся малым хлапчуком і ўпершыню збіраецца пераступіць родны парог, выйсці за аселіцу. А ён жа ўжо быў аднойчы ў горадзе, у Бабруйску. Восем ці дзесяць гадоў тады яму было. Помніцца, зайшлі яны ў краму да нейкага чорнабародага дзядзькі, якога бацька зваў Шлемам. Дзядзька смяяўся; паказваў ім язык, а потым наўмысна рассыпаў на падлогу сабе пад ногі цукеркі — прыгожы, рознакаляровы гарошак. І яны, Антон з Кузьмой, кінуліся збіраць гэтыя цукеркі, поўзаць па бруднай падлозе, а бацька раптам раззлаваўся і пачаў крычаць на Шлему.

У клопатах і ў зборах прайшоў вечар. Спаць ляглі рана. Антон ляжаў на ложку, слухаў, як точыць сцены шашаль, як варочаецца, не засне маці, і ў думках развітваўся з хатай. Заўтра ён ужо не будзе спаць на гэтым ложку. Заўтра яго чакае дарога, чужыя людзі. Як яны сустрэнуць яго?

У акно заглянуў месяц, кінуў на падлогу халодныя срэбныя промні. У хаце пасвятлела. Са змроку выступіла печ, заблішчаў у куце абраз.