«Быў бы жывы дзед, — падумаў раптам Антон, — дзед бы не спаў, а сядзеў каля мяне на ложку і расказваў, як сам калісьці ездзіў у горад, ажно ў Беласток...»
Назаўтра, паснедаўшы, Антон пайшоў да Яніны. Каля хаты Міхейчыкаў у нерашучасці спыніўся — заходзіць ці не? Усё-такі не зайшоў, каб не сустрэцца там з Іванам, пачакаў, пакуль з хаты выбегла малодшая Янініна сястрычка Галя набраць пад паветкай дроў.
— Пакліч Яніну, — папрасіў яе Антон.
Неўзабаве з хаты выйшла Яніна, радасна ўсміхнулася.
— Я сёння еду, — сказаў Антон.
Яна пабляднела:
— Куды, Антонка?
Ён пачаў расказваць, нічога ад яе не ўтойваючы, і бачыў, што з кожным яго словам вочы яе ўсё больш сумнеюць, халаднеюць. Быццам хмарка наплыла ёй на твар.
— Антон, — сказала яна, — ідзі дадому, збірайся. А пасля абеду, як будзеш ад'язджаць, забяжы ў лес за Сцепанюгавым гумном. Там палянка ёсць, ведаеш? Толькі глядзі — забяжы.
Ён не спытаўся, навошта абавязкова трэба забегчы на гэту палянку. Ён цяпер гатоў быў зрабіць усё, аб чым яна ні папрасіла б.
Калі Антон вяртаўся дадому, на вуліцы яму сустрэліся Бацюта з Яўхімам Сцепанюгам. Антон падаўся бліжэй да плота, зрабіў выгляд, быццам не заўважыў іх, але Бацюта паклікаў яго:
— Радзімовіч, пачакай...
Яны падышлі да Антона, абодва плячыстыя, моцныя, нечым незадаволеныя, паздароўкаліся.
— Ты, здаецца, у Мінск едзеш? — спытаўся Бацюта.
«Хто яму сказаў? Напэўна, бацька», — падумаў Антон, але прамаўчаў, стаяў, перамінаючыся з нагі на нагу.
— На Беларускі з'езд едзеш, — гаварыў, не дачакаўшыся адказу, Бацюта. — Але ж мы цябе не пасылаем. Ты ж чуў, якую рэзалюцыю мы прынялі на сходзе. У нас улада адна — савецкая. Іншых мы не прызнаём...
— Не едзь, Антон, — раптам папрасіў Яўхім Сцепанюга. Пануры і ваўкаваты, ён сказаў гэтыя словы на дзіва лагодным голасам.
— Не паеду, — схлусіў Антон, каб толькі яны хутчэй адышліся, каб не бачыць іхнія строгія і адначасова разгубленыя вочы.
— Значыць, дамовіліся, — паціснуў яму руку вышэй локця Бацюта і ўсміхнуўся.
«Усё роўна паеду. Толькі вы мяне і ўбачыце, — ідучы на свой двор, думаў Антон. — Я сам сабе гаспадар.
І хачу жыць так, як хочацца мне, а не так, як трэба вам...»
Яго нават не засмуціла тое, што ён схлусіў, паабяцаўшы не ехаць. «Дзеля добрай справы можна і схлусіць», — як за свечку ў цемры, трымаўся ён за такую, як здавалася яму, простую і правільную думку.
Бацька быў у хаце, яшчэ нават не збіраўся запрагаць Чумака. Глянуў на Антона, палез у кішэню закурыць.
— Пакурыш у дарозе, — раздражнёна сказаў Антон. — Ужо час ехаць... Твае начальнічкі мяне не адгаварылі.
Бацька пачырванеў, як дзіця, якое злавілі за непрыгожым заняткам. Уздыхнуў, узяў пугу, што вісела на цвіку ў качарэжніку, выйшаў на вуліцу.
Яны выехалі за вёску, павярнулі на лясную дарогу. На шчоках у Антона ўсё яшчэ гарэлі цёплыя матчыны слёзы. Вёска віднелася купкамі старых ліпаў, калодзежнымі жураўлямі. У лузе насупраць лесу стаялі гумны. Вось і гумно Яўхіма Сцепанюгі, нізкае, з пляскатай, скасабочанай страхой.
— Спыніся, — папрасіў Антон бацьку, саскочыў з саняў і, правальваючыся ў снезе, амаль пабег у лес. Пад нагамі трашчала мёрзлае голле. Бацька здзіўлена глядзеў услед.
Пасярод паляны гарэла невялічкае цяпельца. Чырвоны водбліск ад яго трапятаў на снезе. Антон убачыў Яніну. Яна ішла яму насустрач з другога боку паляны. Яны сышліся каля цяпельца. Твар у Яніны быў белы, як снег.
— На калені стань... Як у царкве... — прашаптала яна.
Антон, нічога не разумеючы, апусціўся на калені ў халодны шорсткі снег. Над галавой, стоена і журботна, шумеў лес. Яніна і сама стала на калені, з вузельчыка, што быў у яе ў руках, дастала вялікія нажніцы, якімі стрыгуць авечак. Халоднымі нажніцамі яна састрыгла ў Антона з галавы пасму валасоў, потым у сябе, кінула валасы ў агонь. Пачуўся слабы трэск.
— Перахрысціся, — сказала Яніна. — Хай згарыць усё, што можа нас разлучыць, хай возьмецца полымем бяда, якая ходзіць кругом нас.
Ціхія і расчуленыя, глядзелі яны на цяпельца, а яно ўжо дагарала, памірала на халодным снезе. Антон стаў на ногі, сказаў, хоць думаў сказаць зусім не гэта:
— Добрая паляна...
— Тут я вясной краскі рву, вянкі ўю...
Яніна глядзела на Антона і запіхвала яму ў кішэню кажуха нейкі пакунак.
— Гэта табе перакусіць будзе...
Ён заспяшаўся на дарогу, а яна засталася каля цяпельца, што ўжо патухала. Сіні дым віўся каля ног.
Зноў па калдобістай лясной дарозе пабеглі сані. Маўчаў Антон, маўчаў бацька. Яны, вядома, хацелі пагаварыць, але ніхто не адважваўся пачынаць размову першы. Часам палазы глуха стукаліся аб карэнні дрэў, якія пераразалі дарогу, і тады Чумак уздрыгваў. Лес гусцеў, глушэў, усё вузейшаю рабілася бледна-сіняя палоска неба над дарогай. Праехаўшы вярсты тры, Прахор, ні слова не кажучы, крута завярнуў каня. Антон ледзь не вываліўся з саняў.