— Ты што? — спытаўся ён у бацькі.
Прахор злосна сцебануў каня лейцамі, пакіраваў
назад, у вёску.
— Спыніся! — крыкнуў Антон.
— Нікуды ты не паедзеш. Іч, грамацей! Сядзі дома на печы і не выторквайся. Той з'езд табе трэба, як сабаку пятая нага.
Тады Антон выскачыў з саняў, упаў тварам у снег. Але ні холаду, ні болю не адчуў. Хуценька ўзняўся, перакінуў цераз плячо торбачку і пашыбаваў па дарозе. Снег раставаў на барадзе і шчоках. Ён прайшоў прыкладна з паўвярсты, калі бацька на кані дагнаў яго, сказаў:
— Садзіся, Антон... Не смяшы людзей. Паедзем дадому.
Антон моўчкі ішоў сваёй дарогай. І Прахор раззлаваўся, крыкнуў сыну:
— Ідзі, хай па табе коні ходзяць. Захочаш жэрці — вернешся...
Не азіраючыся, Антон чуў, як усё слабеў за спінай віск палазоў. Вось зусім стала ціха. Толькі з усіх бакоў панура шумеў лес. Да Асіповічаў заставалася яшчэ вёрст дваццаць. Антон падумаў пра гэта, і адразу адзінока і трывожна сцялося сэрца. — «Гадзіны чатыры трэба будзе ісці, — у думках падлічыў ён. — Поезд на Мінск адпраўляецца ў адзінаццаць гадзін вечара. Значыць, паспею...» Ён надбавіў ходу.
Між тым кароткі зімовы дзень ужо канчаўся. За густымі ляснымі шатамі, не бачнае воку, падала ў аснежанае поле чырвонае сонца. Неба палымнела, пералівалася ўсімі фарбамі і адценнямі, але з кожнай хвілінай гэтыя фарбы і адценні рабіліся цямнейшымі. Быццам халодны шэры попел пакрываў гарачае вуголле. Высыпалі першыя нясмелыя зоркі. Неба чарнела, набліжалася да зямлі. У верхавінах дрэў ажыў вецер. Дрэвы зашумелі, закалыхаліся, трэск пачуўся з глухой лясной цемры. Антон не быў палахліўцам, але адчуў, як ледзянее, напружваецца ўсё ўсярэдзіне. Ён стараўся не азірацца назад, не глядзець па баках. Ішоў і думаў пра маці з Дзінай, пра Яніну. Ды ўсё роўна адчуванне, што ягоную спіну свідруюць нечыя злыя халодныя вочы, не пакідала яго. Ён вальней уздыхнуў, калі выйшаў на прасторную лясную паляну. Калісьці некалькі дзесяцін лесу вынішчыў пажар, і цяпер тут тырчалі чорныя абсмаленыя пні. У гэты час на кеба выплыў месячык. Дрэвы засвяціліся. Антон ішоў і бачыў свой цень. На асляпляльна-белым снезе цень быў такі чорны, такі выразны, быццам яго нехта намаляваў вуглем. Дарога зноў убілася ў лес. Тут пачыналася балота. Усцяж дарогі раслі крывыя бярозы, тонкія лядаштыя асіны. Антон ямчэй узяў у руку шнурок, якім была звязана торба, і раптам пахаладзеў. Яму здалося, што ў прагалах між дрэвамі мільгаюць нейкія лёгкія светлыя цені. Цені гэтыя рухаліся.
«Глупства, — супакоіў ён сам сябе. — Гэта блішчыць пад месяцам снег, і ў вачах ад яго цямнее, чорцікі бегаюць...» Але страх ужо не выходзіў з сэрца.
Антон глянуў на неба, ка зоркі. Яны былі такія далёкія, недасяжныя. Роўна і холадна гарэла іхняе святло. І ён адчуў сябе зусім нікчэмным і малым сярод усёй гэтай няўтульнай звонкай цішыні.
Ззаду пачулася выццё. Пруткі бясшумны звер скочыў цераз дарогу і быццам растаў у снежным ззянні. «Ваўкі», — жахнуўся Антон. З двух бакоў дарогі, крокаў за трыццаць ад яе, паміж чорных дрэў, распластваючыся над снегам, несліся доўгія імклівыя цені. Яны ўжо як бы ахоплівалі Антона пятлёю. І ўсё больш смялелі, усё больш набліжаліся да дарогі. Ён ужо чуў, як шорстка рыпіць снег пад іхнімі моцнымі лапамі. «Толькі костачкі ад мяне застануцца», — з жахам падумаў Антон і выцер рукавом пот, які заліваў вочы.
Вялізны худы воўк крокаў за дзесяць наперадзе ў яго скочыў на дарогу, ляснуў зубамі, прыціснуў тулава да зямлі. Антон схапіў з-пад ног нейкую ламачыну, размахнуўся і пусціў ёю ў ваўка. Той віскнуў, як сабака, чорным клубком пакаціўся па снезе. Потым, падцяўшы зад, саскочыў з дарогі. Як па камандзе завылі ўсе астатнія ваўкі. Поўсць на іх серабрылася, вочы ззялі галодна і нецярпліва. Антон, адчуваючы, што сэрца вось-вось вырвецца з грудзей, падбег да тоўстай крывой бярозы, падскочыў, учапіўся за ніжні сук і, коўзаючыся ботамі па слізкай зледзянелай кары, палез уверх. Здавалася, яшчэ хвіліна — і ў яго ад напружання лопнуць жылы. Той жа самы воўк у момант вока рвануўся да бярозы, шчоўкнуў зубамі каля самага Антонавага сцягна. Антон неяк цераз плячо, наводліў, ударыў яго торбай па тупой, як бы абсечанай пысе. Воўк перавярнуўся ў паветры, бухнуўся ў снег. А зграя ўжо шкуматала, разрывала на кавалачкі торбу з хлебам і салам.