Выбрать главу

Да самай раніцы сядзеў Антон на бярозе. Адзіным жаданнем у яго было не заснуць, не зваліцца ў зубы ваўкам. Ён увесь спруцянеў, скамянеў, пачаў кашляць. Кашаль быў сухі, стылы. Быццам нехта вострым халодным цвіком раздзіраў лёгкія.

Калі пачало світаць і над балотам разліўся белы туман, ваўкі пайшлі ад бярозы. У іхніх вачах была злосць і расчараванне. Антон яшчэ з паўгадзіны счакаў, потым асцярожна злез з дрэва. Ногі і рукі яго не слухаліся, ад кашлю балелі грудзі. Цягнік на Мінск, вядома ж, яго не чакаў, ужо даўно пайшоў. І ўсё ж Антон, не раздумваючы, вырашыў ісці толькі ў Асіповічы. Вярнуцца дамоў значыла скарыцца бацьку. А што падумае Яніна? Не, ісці трэба толькі наперад.

Ён даплёўся да Асіповічаў, калі ўжо зусім развіднела. Уздоўж чыгункі ляжалі штабелі шпалаў і бярвенняў. Са свістам пранеслася па рэйках дрызіна. Ён сеў на засыпаную снегам лавачку каля ўваходу ў будынак вакзала. Запыленыя мукой, а можа, мелам, прайшлі грузчыкі. На снезе, там, дзе было рассыпана сена, валтузіліся вераб'і. Антон падумаў, што, пэўна, ноччу да цягніка з далёкіх лясных вёсак прыязджалі сяляне і тут, прывязаныя да плота, стаялі іхнія коні. Раптам яму зрабілася так сумна, так адзінока, так няўтульна. Куды і да каго ён едзе? Хто чакае яго там? А дома засталіся маці з Дзінай, Яніна, бацька. Пэўна, ужо снедаюць, сядзяць за сталом, успамінаюць яго.

Праз гадзіны паўтары прыйшоў таварны поезд напрамкам ка Мінск. Прыгінаючыся, хаваючыся ад старонніх вачэй, Антон падкраўся да платформы з дрывамі і ўзлез на яе. Халоднае жалеза апякло рукі. Дровы пахлі сырасцю, лесам, нават, яму падалося, грыбамі. Ён заціснуўся ў вузенькі праходчык паміж дрывамі, сеў на тоўстую слізкую бярозавую плашку, падкурчыў ногі, заціх. Каля самага яго твару матляўся пад ветрам кавалачак бяросты. Бяроста тоненька спявала.

Машыніст даў свісток, паравоз чмыхнуў, выпусціў воблака гарачай пары (яна даляцела аж да платформы), цяплушкі і платформы ўздрыгнулі, неахвотна, лена зазвінелі. Прыстылыя да рэйкаў, натужна зарыпелі колы. Поезд крануўся. Сумная зімовая зямля пабегла насустрач Антону. Ён бачыў белыя лугі, белыя палі, на якіх толькі дзе-нідзе чарнеліся прабітыя людзьмі сцяжынкі. Высозныя дубы стаялі ў срэбных снежных шапках. Сярод усёй гэтай роўнай, нават нейкай мёртвай белі ярка, свежа і молада зелянелі яловыя лясы. У небе, як бы падсіненым, бледным, кружыліся вялікія чароды варон. Варонам было холадна, і яны ледзь-ледзь махалі крыллямі. Антон глядзеў на ўсё гэта сумнымі халоднымі вачыма, горбіўся пад ледзяным ветрам, які час ад часу раптоўна налятаў збоку, і яго не пакідала незразумелае жаданне. Ён думаў: выскачыць бы зараз з цягніка ў незнаёмым месцы, на поўным ходзе і згубіцца сярод гэтых лясоў і снягоў. І дзе-небудзь, у нейкай не вядомай нікому лясной вёсачцы знайсціся малым і спачатку пачаць жыццё. Каб усё было па-іншаму, не так, як сёння, не так, як учора. Яму думалася, што там, у той вёсачцы, якая раскінулася на самым дне дрымучых непраходных лясоў, жывуць добрыя вясёлыя людзі, абавязкова русавалосыя і сінявокія. Там увечары ў заледзянелым акне ціхай драўлянай хаты гарыць блакітная, чыстая, як сляза, зорка. Там у студнях, што абраслі тоўстым белым лёдам, блішчыць, звініць самая чыстая, самая гаючая на зямлі вада.

Ён уздыхнуў, пачаў ямчэй уладкоўвацца на халоднай бярозавай плашцы і ў кішэні свайго кажушка каторы раз намацаў падараваны Янінай пакунак, які ён хаваў на потым. Ох, як захацелася есці! Ён асцярожна дастаў з кішэні пакунак. У белую палатняную лапінку былі загорнуты хлеб і сала. І яму зноў успомнілася паляна ў лесе, цяпельца, бледны твар Яніны, яе вочы, напоўненыя сумам і трывогай. Ён адшчыкнуў кавалачак халоднага мёрзлага хлеба, пачаў есці. Ніколі яшчэ ён не еў такі смачны хлеб...

XVI

З'езд ужо даўно пачаўся. На будынку гарадскога тэатра мокры снег падаў на бела-чырвона-белыя сцягі. Сцягі былі падобны на мокрых лінялых птушак. Кашляючы, Антон падышоў да ўваходу ў тэатр. Пакуль прыехаў, хадзіў па горадзе, пытаўся, як трапіць на Беларускі з'езд, прастуда яшчэ мацней сціснула грудзі. Кружылася ў галаве. Лоб і скроні, здавалася, расколваліся напалам.

— Я з Чмялёў... На з'езд... — няўпэўнена сказаў Антон бледнатвараму, чарнавусаму юнаку ў цывільным і васпаватаму крутаплечаму матросу, што дзяжурылі каля ўваходу. І зноў закашляўся.

— Вашы дакументы? — працягнуў да Антона чарнавусы тонкую белую руку. Рука была ўся ў сініх жылах, з доўгімі пальцамі, з вялікімі, гладкімі і бліскучымі пазногцямі.

— Няма ў мяне нічога, — разгубіўся Антон. — Мандат быў у торбачцы з салам... А торбачку ваўкі з'елі...

Васпаваты матрос падазрона глянуў на яго. Ва ўражлівых вачах быццам прамільгнула нейкая здагадка.