Выбрать главу

— Хто цябе ведае, хто ты? У цябе на лбе не напісана, — сказаў ён. — А можа, цябе з Савета Народных Камісараў падаслалі, каб шпіёніць у нас на з'ездзе, вынюхваць усё...

Чарнавусы юнак зморшчыўся.

— Кінь ты, Юркавец, свае фокусы. А вы, — звярнуўся ён да Антона, — прайдзіце на Саборную плошчу ў былы шляхецкі дом. Там разбяруцца...

Антон, згорбіўшыся, кашляючы, павольна пайшоў ад тэатра шукаць шляхецкі дом. Яму хацелася толькі аднаго: хутчэй зайсці ў якое-небудзь цёплае месца, сесці, выцягнуць ногі і заплюшчыць вочы. І тады, здаецца б, сціх гэты надакучлівы, камарыны звон у вушах.

Непадалёку ад тэатра Антон на імгненне спыніўся. Пасярод круглай, абкладзенай каменем ямы ён убачыў зробленага з каменя кучаравага хлопчыка, які хапаў за прыгожае белае крыло вялікую птушку. «Пэўна, гусак», — падумаў пра птушку Антон. Хлопчык быў зусім голы, кругленькі, зграбны, як жывы. Снег падаў на кучаравыя каменныя валасы. Антон пастаяў, падзівіўся. Яму нават падумалася, што голаму хлопчыку ўсё роўна холадна, хоць ён і каменны.

На Саборнай плошчы было дужа многа цэркваў і людзей. Антон, распытаўшы сустрэчных, знайшоў нарэшце шляхецкі дом.

«Гэта былы губернатарскі дом», — сказалі яму.

Ён пайшоў па доўгім зацемненым калідоры. Наўкола было многа дзвярэй, і ён не ведаў, у якія ткнуцца. Пад нагамі час ад часу прарэзліва рыпелі маснічыны. Кожны раз ён уздрыгваў і стараўся ісці, асцярожна ставячы ногі, на пальчыках. Раптам дзверы насупраць яго рэзка расчыніліся. Лысы тоўсты дзядзька высунуў з пакоя галаву, спытаўся тонкім жаночым голасам:

— Вам каго?

— Мне тых, хто арганізоўвае Беларускі з'езд.

— Не па маёй частцы. — Таўстун грукнуў дзвярыма і зачыніўся ў пакоі.

Кашаль, здаецца, разрываў Антону грудзі. У вачах плылі сінія і зялёныя кругі. Быццам няспынна круцілася вялізнае кола з бліскучымі спіцамі. Прыйшоўшы ў канец калідора, Антон тварам у твар сутыкнуўся з маленькім барадатым чалавечкам. У чалавечка на носе падскочылі акуляры, аправа ў якіх была зроблена з жоўтага меднага дроту. Чалавечак уважліва, але трошкі спалохана выслухаў Антона, тыцнуў кароткай ручкай на другі паверх:

— Там... У дваццатым пакоі шукайце...

Антон узняўся на другі паверх, зайшоў у дваццаты пакой. У пакоі крэслаў не было — стаялі адны сталы. Сталы былі завалены паперамі, старымі газетамі, нейкімі скрынкамі з кардону. Тытунёвы дым вісеў, як туман. У пакоі было некалькі мужчын, двое ці трое — з афіцэрскімі пагонамі на плячах. Мужчыны спрачаліся і не адразу заўважылі новага чалавека. Узбуджаныя галасы спляталіся ў клубок, нібы пчолы ў рой...

— Ваш Канчар там, у Петраградзе, праспаў...

— Незалежнасць нічога не дасць... Трэба галасаваць за лучнасць з Расіяй...

— Кажуць, з Петраграда едзе дэлегацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі...

— Якія яшчэ рабочыя? Наш край сялянскі...

Антон стаяў каля парога як аглушаны. Для яго ўся гэтая гутарка была як на чужой мове. Ён хацеў бы падацца назад, але нарэшце яго заўважылі, колькі хвілін моўчкі разглядалі. Антон збянтэжыўся. Яму падумалася, што вось так, прымерваючыся і прыцэньваючыся, аглядваюць коней на кірмашы ў Запольцах.

— Вам каго, малады чалавек? — шапялявячы, спытаўся ў яго пажылы афіцэр з доўгім, шэрым і маршчыністым тварам.

У афіцэра былі бліскучыя, як люстраныя, боты. Антон, збіваючыся, расказаў, хто ён, адкуль і што яму трэба. Толькі пра ваўкоў не сказаў, падумаў: не павераць.

— Дык з'езд жа яшчэ ўчора пачаўся, — схіліў набок галаву, быццам пасля купання выліваў ваду з вуха, маршчыністы афіцэр. — Народны з'езд... А вы спазняецеся... А-я-яй...

Антон перамінаўся з нагі на нагу, адчуваў, як нарастае звон у галаве. Чамусьці падумаў: «Добра, што я боты абуў, а то зусім сорам быў бы, хоць у апраметную правальвайся...»

Мужчына ў цывільным напісаў на кавалачку паперы цыдульку, падаў Антону:

— Аддасце нашым людзям каля ўваходу ў тэатр, і вас прапусцяць...

Антон, з палёгкай уздыхнуўшы, выйшаў з пакоя. У галаве раптам закружылася, нейкі гарачы востры малаточак стукнуў у скронь. Баючыся ўпасці, ён абапёрся рукамі аб сцяну. Стаяў, хапаў паветра, аддыхваўся. За дзвярыма гучна гаварылі:

— Вось ён — наш народ... Ні ступіць, ні слова сказаць не можа... Падумаць толькі, забыўся, калі з'езд пачынаецца... А выпіць ужо з раніцы не забыўся... Заўважылі, якія мутныя вочы ў гэтага малайца?..

На імгненне стала ціха, а потым глухі з'едлівы голас выдыхнуў:

— М-да-а... Экземплярчык...

«Гэта пра мяне», — падумаў Антон. Але не было ні крыўды, ні злосці — адна стома. Ён паціху плёўся да тэатра, аддаў чарнавусаму і матросу цыдульку. Яго прапусцілі ў тэатр. Толькі ён увайшоў у вестыбюль, як з глядзельнай залы з шумам, з кашлем, з размовамі паплыў народ. Пэўна, аб'явілі перапынак. Антон прыціснуўся спінай да халоднай сцяны. Каля яго, таўхаючы ўсіх локцямі, плячамі, нават наступаючы на ногі, ішлі да дзвярэй дэлегаты з'езда. У Антона аж замільгацела ўваччу. Розны быў тут народ. Шмат спраўных, чыстых з твару, добра апранутых. Гэткія ішлі і гаварылі ўпэўнена. Былі афіцэры, з залатымі пагонамі, з рашуча закручанымі вусамі. Цяжка ступаючы, прыклаўшы насоўку да бліскучага спатнелага лба, прайшоў генерал. Быў ён чырвоны ад гарачыні і лысы, як курынае яйка. Шэрымі чародкамі плылі паўз Антона вяскоўцы. Яны гаварылі мала, больш разглядалі людзей ды столь і сцены, размаляваныя яркімі фарбамі. Некаторыя з іх трымалі ў руках палатняныя торбачкі.