Выбрать главу

Антон стаяў каля сцяны і кашляў. На яго азіраліся. Але ён не мог авалодаць з сабою. З холаду трапіўшы ў цёплую будыніну, ён зусім раскіс. Абыякавасць расцякалася па ўсім целе. Блішчалі перад вачамі залатыя пагоны, медныя гузікі, ружовыя лысіны.

Быццам начныя светлякі танцавалі нейкі незразумелы танец.

«Дзе б мне сесці? — падумаў Антон. — Хоць на падлогу... Абы сесці».

Ён аж уздрыгнуў, калі на плячо яму лягла нечая рука. Падумалася чамусьці, што гэта прыйшоў той матрос-вартавы, выганяць на вуліцу. Але гэта быў Аркадзь Гайкевіч. Схуднелы, з запалымі шчокамі, з прыгожым бляскам у сініх вачах. На ім была белая кашуля з чорнай манішкай, шэры суконны касцюм, насатыя карычневыя чаравікі.

— А я думаў, ты ўжо не прыедзеш. Дзе ты быў? — пачаў распытваць Аркадзь.

Антон вельмі ўзрадаваўся, што ў гэтай калатнечы, у гэтым людскім віры сустрэўся яму знаёмы чалавек, зямляк. Ён глядзеў на Гайкевіча, як на свайго збаўцу. І ўсё чыста расказаў яму: як ноччу ішоў адзін па лесе, як напалі на яго ваўкі, як ён калаціўся на зледзянелай бярозе.

— Ну і прыгоды, — пакруціў галавою Аркадзь, і Антон здагадаўся, што Гайкевіч не верыць яму. Слухае, робіць выгляд, што спачувае, але не верыць.

— Я не маню, — загарачыўся Антон. — У мяне нават торбачку з хлебам ваўкі з'елі...

— Дык ты што — галодны? — пацікавіўся Аркадзь, але голас у яго быў роўны, абыякавы. Антон хацеў усё растлумачыць, ды ў гэты час са званком у руках выйшаў у вестыбюль высачэзны белавалосы матрос.

— Грамадзяне дэлегаты, прашу ўсіх на свае месцы! — крыкнуў матрос і зазваніў.

— А ў мяне ж месца няма, — разгубіўся Антон.

— Ідзі за мной, — узяў яго за рукаў Гайкевіч.

Яны ўвайшлі ў залу, што гула і гаманіла на розныя лады. Антон яшчэ ні разу не бачыў гэтулькі людзей у адным месцы. Яму здавалася, быццам усе гэтыя людзі глядзяць на яго, быццам гэтыя людзі насміхаюцца над ягонай няўклюднасцю, сарамяжнасцю, над ягонымі бруднымі вялікімі ботамі і простай паркалёвай кашуляй. Світку і шапку ён зняў, трымаў іх у руках. Ціснучыся да сцяны, яны з Аркадзем прайшлі ў самы далёкі кут асветленай яркімі агнямі залы. Аркадзь пасадзіў яго на крэсла, загадаў:

— Сядзі тут і нікуды не сыходзь... А я на хвіліну адлучуся. Мне трэба старшыні з'езда пару слоў сказаць.

Антон з асцярогаю сеў у крэсла, баючыся паварушыцца, баючыся азірнуцца. Страшэнная стома навалілася на плечы. Галава была ў агні.

«А гэты Аркадзь не апошняя тут птушка, — падумаў ён пра Гайкевіча, успомніўшы, як віталіся з Гайкевічам многія дэлегаты. — Толькі чаго ён са мной так важдаецца? Хто я яму?»

Суседняе крэсла было пустое. Пэўна, нехта спазніўся сесці.

А можа, Аркадзь тут сядзе?

Нарэшце Антон трохі асмялеў, узняў вочы, глянуў на залу. Проста перад ім сядзеў маленькі хударлявы афіцэр. Антон не разбіраўся ў вайсковых чынах, але бачна па ўсім, афіцэр быў не дужа вялікі начальнік, бо трымаўся ціхенька, як мыш. У яго была чырвоная, абветраная шыя, паараная глыбокімі маршчынамі. Рэдкія валасы ўжо секліся, і з-пад іх блішчала ^загарэлая лысіна з кропкамі вяснушак. Па левую руку ад афіцэра ўладкоўваліся два мужычкі, аднолькава вастраносыя, у пакамечаных суконных пінжаках. Адзін з іх крадком лузаў гарбузікі, сплёўваючы шалупінне ў кулак.

Недзе ў вестыбюлі зноў зазвінеў званок, і да Антона падбег задыханы Гайкевіч, плюхнуўся на вольнае крэсла. Трымаўся ён упэўнена, перакінуў нагу цераз нагу, дастаў з кішэні грабянец, прычасаў свае густыя прыгожыя валасы.

— Ну, як табе ў нас? — пацікавіўся ён у Антона. — Ты нешта чырвоны ўвесь...

— Няйначай, прастудзіўся, — сумна сказаў Антон.

Гайкевіч, далікатна адтапырыўшы мезенец, выбраў з грабянца дзве ці тры валасінкі, уздыхнуў:

— Лысею, братка. Як кажуць, згубіў свае валасы на падушках прыгожых жанчын... — Ён стрымана засмяяўся.