Антон абвёў позіркам вялікую залу, убачыў на сценах і над сталом прэзідыума шмат сцягоў.
— Што гэта за сцягі? — спытаўся ён у Гайкевіча.
Той здзіўлена глянуў на яго:
— Ты што — не ведаеш? Гэта ж нашы сцягі, беларускія. Бачыш: белая палоса, чырвоная і зноў белая. Наш нацыянальны колер.
— А чаму чырвоны сцяг усяго адзін?
— Чырвоных і ў Мінску шмат і ў Чмялях. Хіба ты на іх не нагледзеўся? — буркнуў Гайкевіч.
Гэтая размова, як адразу здагадаўся Антон, яму не спадабалася.
Між тым сваё месца заняў прэзідыум. У зале пакрысе ўсталёўвалася цішыня. Белавалосы матрос, той, што бегаў са званком, паглядзеў у залу, нешта пашукаў вачамі і, падаслаўшы бушлат, сеў проста на падлогу.
— Бачыў матросіка? — усміхнуўся Аркадзь. — Гэта ж, дзе я сяджу, ягонае месца. Але, ты не бойся, я з ім дамовіўся...
Ён трошкі памаўчаў, але словы, відно было, распіралі яго.
— Ведаеш, хто ў прэзідыуме? — нахіліўся ён да Антона.
Антон, канечне ж, не ведаў. І Гайкевіч пачаў тлумачыць: і
— То, пасярэдзіне, сакратар з'езда Калядка. Каля яго Язэп Лёсік, Рак-Міхайлоўскі. Далей — генерал ад інфантэрыі Кандратовіч, генерал-лейтэнант Аляксееўскі... Камандаваў усёй артылерыяй у Фінляндыі... Вунь той, з краю, з барадою, Карскі, прафесар... А гэта Канчар з Гольманам з Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў.
Гайкевіч называў прозвішчы і гаварыў так, быццам усе гэтыя людзі былі яго добрыя знаёмыя. І Антон верыў, што так яно і ёсць.
Пачалі выступаць дэлегаты. На сцэну выйшаў хударлявы, сярэдняга росту чалавек, сказаў тонкім голасам:
— Кланяюся Вялікаму Народнаму збору, што пасее на нашай зямельцы крылатае семя волі.
І нізка пакланіўся ўсяму з'езду.
— Паэт Алесь Гарун. Вітае з'езд ад Беларускай сацыялістычнай грамады, — прыўзняўся з крэсла Гайкевіч і пачаў ляскаць у ладкі. Антон не ведаў, што рабіць, утуліў у плечы галаву, учапіўся спатнелымі рукамі ў калені. Калені дробна калаціліся. Ён адчуваў, як нешта цяжкое, гарачае падпаўзае да сэрца, сціскае яго. Твары людзей расплываліся ў невыразныя белыя плямы. На сцэне нешта гаварыў паэт, узмахваў рукой, стукаў сябе кулаком у грудзі. Паэт, пэўна, гаварыў моцна, бо рот яго раскрываўся шырока і рэзка, але Антон амаль нічога не чуў. У вушах быццам пішчалі камары. Тоненька, залівіста, назойліва. Хто пусціў сюды камароў? Вось зноў загулі, загаласілі. Вось адзін наблізіўся да самага твару, хоча сесці на скроню. Антон цяжка махнуў рукой, абараняючыся, і раптоўна абмяк, як жытні сноп, споўз з крэсла на падлогу.
— Э, братка, ды ты зусім расклеіўся, — пачуў Антон над сабою голас Гайкевіча. — Не ганьбі мяне... Чуеш? Не ганьбі... Уставай...
Ён казаў гэта хутчэй не Антону, а суседзям, каб чулі і каб ведалі, што ён, Аркадзь Гайкевіч, тут ні пры чым, што яму непрыемна сядзець побач з такім чалавекам, які, не зважаючы на высокія паэтычныя эпітэты на сцэне, чмякнуўся на падлогу.
— Уставай, — тармасіў ён Антона за плячо. — Не ганьбі мяне... Падумаюць, што п'яны...
Падбег белавалосы матрос. У адной руцэ ён трымаў званок, другой асцярожна, але моцна, узяў Антона пад паху і ці то павёў, ці то панёс яго да выхаду. Яны накіраваліся да дзвярэй, на іх глядзеў увесь з'езд. А ў руках у матроса, у такт крокам, дробна пазвоньваў званок, нібы з нечага смяяўся.
Ачомаўся Антон у нейкім вузенькім, дужа цёмным пакойчыку. На сцяне вісела вялікае люстра, цьмянае, шэрае, як вада асеннім вечарам. Павуцінкі-трэшчынкі беглі па люстры. Антон прыўзняўся — ён ляжаў на стале, — убачыў перад сабой матроса, усё ўспомніў і скалануўся ад сораму. Ён хацеў саскочыць са стала, але ногі не слухалі, былі гнуткія і мяккія, нібы свежае лыка.
— Ляжы, — сказаў матрос і спытаўся: — Ты хто?
Голас у яго быў глухі, чуць надтрэснуты. Тонкі нос з шырокімі чуйнымі ноздрамі злёгку горбіўся. Матрос дастаў са сваіх шырокіх чорных штаноў невялікую металічную бутэлечку, адвінціў накрыўку, проста з бутэлечкі ўліў Антону ў рот пякучай гарэлкі і зноў спытаўся:
— Ты хто?
З вачэй Антона пакаціліся слёзы. Ён захлынуўся, закашляўся, згорбіўся. Матрос кулаком стукнуў яго па спіне.
— Я Радзімовіч Антон. Дэлегат ад Чмялёўскай воласці, — адкашляўшыся, вымавіў нарэшце Антон.
— А я Сцяпан Дыдо. З Балтыйскага флоту. З крэйсера «Пасейдон». Таксама дэлегат...
Матрос паклаў у кішэню сваю бутэлечку, замест яе дастаў кавалак сінявата-белага цукру, сказаў:
— На з'еш трохі. Палягчэе...
— Не хачу, — зморшчыўся Антон. — Я, калі хварэю, на яду глядзець не магу...
— Есці трэба, — сказаў Дыдо, — а то канцы аддасі. Захварэў ты, брат. А я са званком бегаю. Паглядзелі на мяне, што я ростам з мачту, і далі гэту цацку ў рукі. — Ён асцярожна пазваніў. — Ды мне гэта і добра. Ведаеш, не па нутры мне ўся гэтая гаварыльня. Не магу я сядзець там, у зале. Балабоняць пра незалежнасць, калі ў мяне трое дзяцей і жонка дома галодныя сядзяць. Незалежнасцю я іх не накармлю. Ім хлеб давай.