Ён раптам успомніў:
— Мне ж на перакур званіць трэба.
Антон застаўся адзін у пакойчыку. Зноў лёг на стол, заплюшчыў вочы. Яго пачынала трэсці. Кожную костачку сціскаў холад. Быццам ён голы ляжаў на снезе.
Столькі было ўбачана за гэты дзень! У Чмялях гэтулькі людзей ён не ўбачыў бы і за паўгода.
Недзе за сцяной пачуўся глухі шум. Антон здагадаўся: аб'явілі перапынак. Там, за сцяной, былі людзі. Яны гаварылі, спрачаліся, пераконвалі адзін аднаго, мо хлусілі. А ён ляжаў тут, як сноп, што на глыбокай каляіне зваліўся з воза. Змяркалася. Цемра затапляла пакойчык. Цемра дакраналася да ягоных шчок і вачэй.
«Дзіўнае робіцца на свеце, — спустошана думаў ён. — Каб не прыехаў сюды, не ўбачыў на свае вочы, не паверыў бы, што ёсць такі горад, такія людзі, вось гэты пакой. Не прыехаў бы, і без мяне абышлося. І людзі б шумелі, і званок званіў бы. А вось зараз я тут, а ў Чмялях людзі дровы пілуюць, сена каровам даюць, у печах паляць. Без мяне абыходзяцца. Значыць, усё можа быць без мяне. І каб я наогул на свет не нарадзіўся, без мяне б людзі абышліся...»
Гэтая нечаканая думка спалохала. Упершыню ён адчуў, што калі-небудзь яго не стане. Як дзеда Ігната.
У гэты час дзверы адчыніліся. У пакойчык увайшоў Сцяпан Дыдо, а за ім яшчэ некалькі чалавек, мяркуючы па вопратцы, сяляне.
— Чаго ты без святла сядзіш? Як краб пад вадой... — Дыдо ўзяў аднекуль свечку, запаліў яе, паставіў на падаконнік. Адразу ў пакойчыку павесялела.
Сяляне — іх было трое — два пажылыя, трэці малады, — кінуўшы пад сябе світкі, селі проста на падлозе, развязалі торбачкі. Дастаўшы з торбачак свае небагатыя прысмакі, перахрысціліся і пачалі вячэраць.
— Можа, перакусіш з намі, чалавеча? — павярнуўся да Антона селянін з цёмным загарэлым тварам, са светлымі бровамі, якія выдавалі чужымі, прыклеенымі.
— Ён не есць. Прастудзіўся, — адказаў за Антона матрос.
— Ад прастуды, чалавеча, самыя лепшыя лекі — мёд... Асабліва ліпавы... У нас на Случчыне добры мядок...
Селянін, прыжмурыўшы вочы, цмокнуў языком.
— Хе... У вас на Случчыне, — ажывіўся матрос. — У майго бацькі ля Клічава борці ў лесе. Колле панатыкана кругом вострае, цвікі з дрэва тырчаць, а ўсё роўна мядзведзь лазіць... Мёду хоча.
— Я табе мёду трохі дам, — раптам сказаў светлабровы селянін, павярнуўшыся да Антона. — Толькі ён у мяне там, дзе начуем, — у казарме.
— Дык ён жа таксама там начаваць будзе, — усміхнуўся Дыдо.
Ледзь дайшоў Антон са сваімі новымі таварышамі да казармы. Не распранаючыся, паваліўся на мулкія нары, пачаў кашляць. Цьмяна гарэла пад бруднай жоўтай столлю газоўка. Цень ад яе, вялікі і чорны, гойдаўся на сцяне. Нібы праз сон, прыходзіла адчуванне, што ўсё гэта адбываецца не з ім. Нехта іншы ляжыць і заходзіцца ад кашлю, а ён, Антон, глядзіць на яго збоку.
Слуцкі селянін прынёс вялікі металічны кубак, у якім плёхаўся пасалоджаны вар.
— Паспытай нашага мядку, — сказаў ён і стаяў, чакаў, пакуль Антон вып'е.
Недзе побач гаварыў Дыдо:
— Не туды цягнуць нас адвакаты, афіцэрыкі і ўся іхняя каманда... Я з флоту не для таго ехаў, каб у Беларусі іхняе царства аб'яўляць.
— Матрос, не тое вы гаворыце, — перапыніў яго раптам малады танклявы голас. — Ніякае царства аб'яўляць мы не хочам. Мы не манархісты. Мы хочам даць нашаму народу свабоду і зямлю.
— Хто ты такі? — разгублена і адначасова раззлавана спытаўся Дыдо.
— Настаўнік. Андрэй Новік. Бацькі мае сяляне-мякіннікі. Такія, як і ўсе.
— З мякіннікаў, а гальштук начапіў, — не даў яму дагаварыць матрос. — Ведаю, што будзеш спяваць! Усе беларусы — браты, усе роўныя. А якая ты раўня? Ты вунь які гладкі, белы. Можа, і быў калі сялянскім хлопцам, ды даўно мазгі твае панскім салам заплылі.
— Дарма ты так, — ціха сказаў той, што назваўся Андрэем Новікам. Антон з цяжкасцю прыўзняўся, глянуў на яго. Невысокі, хударлявы, з хваравітай ружовасцю на шчоках. Валасы цёмныя, гладка прычасаныя, апрануты акуратна, але не надта багата — зялёны пінжак, белая манішка, вузенькі гальштук.
— Дарма ты так, — з сумам у голасе зноў паўтарыў Новік. — Не для сябе мы, а для мужыка нашага стараемся, што ўвесь свой век у цемры гібее. Дарогу яму хочам паказаць.
— Павадыр знайшоўся, — ускіпеў Дыдо. — Я і сам пакуль што не сляпы. Бальшавікоў нам трэба слухаць, а не вас. Бальшавікі за шчасце ўсяго свету б'юцца.