Выбрать главу

Новік яшчэ больш пачырванеў, сеў на нары. Падпёр шчокі тонкімі рукамі, сказаў пасля паўзы:

— Можа, яно і так. Але ж цяжка любіць усё чалавецтва. Нават сонца асвятляе адразу толькі палову зямлі. Зразумейце вы мяне. Цяжка быць сынам недзяржаўнага народа. Чалавек заўсёды шукае свае карэнні ў гісторыі, у справах продкаў, і не супраць таго, каб частка іхняй славы, іхняга святла ўпала і на яго. Назаві сябе палякам, і ўжо тваімі робяцца і Капернік, і Міцкевіч. Аб'явіся рускім — і тваёй будзе Кулікоўская бітва, твае — і Пётр Вялікі, і Ламаносаў. Некаму першаму трэба мець мужнасць, каб сказаць усяму свету: я нічога не маю. Я — беларус. Я не хачу чужой славы, а буду ствараць сваю.

— Вунь куды ты паехаў! — аж прысвіснуў Дыдо. — Славы захацеў? Дык бяры яе ўсю. Мне яна не трэба. І вам, хлопцы, яна не па кішэні. Былі б хлеб з бульбай, — павярнуўся ён да слуцкіх сялян.

Новік нічога не адказаў, нібы ён згаджаўся з матросам.

— Харчы мы свае даелі... Торбачкі парожнія... Паедзем заўтра, людцы, дадому, — азваўся нехта са слуцкіх сялян. Пэўна, той, падумалася Антону, што пачаставаў яго мёдам.

— Я не паеду, — адказаў маладзейшы. — Пагляджу, чым скончыцца... Перадайце бацьку, што ў мяне ўсё ў парадку. Цвікоў я яму знайду.

Новік пасядзеў на нарах, памаўчаў, потым, ціха ступаючы, пайшоў да выхаду.

«І мне ж трэба сякеру купіць. Наша зусім вышчарбілася», — успомніў Антон.

Ад гэтай думкі ён чамусьці супакоіўся і неўзабаве заснуў.

Прахапіўся ад таго, што нехта асцярожна кратаў яго за плячо. Ён здрыгануўся, расплюшчыў вочы. Лямпа пад столлю ўжо не гарэла. Праз акно, што было насупраць, цадзілася скупое сіняватае святло. Значыць, яшчэ толькі пачынала світаць. Дыдо, яшчэ больш вялізны ў пазмроку, у сваім чорным бушлаце, стаяў над ім.

— Вазьмі званок.

— Нашто ён мне? — нічога не мог зразумець Антон.

— Званок вазьмі, кажу... Еду я адсюль. Можа, да Клічава на дзянёк заскочу, сваіх пабачу, і з дому — зноў на мора. Не хачу я тут болей быць. А званок вазьмі — усё ж мне на з'ездзе далі... Казённая рэч...

Ён сілком уціснуў Антону ў руку званок, пастаяў, памаўчаў.

— Ну, то я, брат, пабягу, — сказаў напаследак Дыдо. — Можа, калі-небудзь і сустрэнемся...

Ён нахіліў галаву, хацеў яшчэ нешта сказаць, але перадумаў, махнуў рукой.

У казарме стаяла цішыня. Нехта праз сон тоненька свістаў носам. Антон глянуў у цемру, адчуў, што ўсярэдзіне і ў горле зноў прачынаецца кашаль. З сумам, з трывогай уяўляліся Антону пустая гарадская вуліца, снег, зоркі над зямлёю і пад гэтымі халоднымі зоркамі адзінокі высокі чалавек, што крочыць насустрач свайму новаму дню.

Ён зноў пайшоў на з'езд. Слуцкія сяляне недзе згубіліся ці паехалі, як Дыдо, дадому, ці, можа, ужо былі ў гарадскім тэатры. Над вуліцай бялелася нізкае хмарнае неба. З яго, як з разарванай падушкі, халодным іскрыстым пухам, сыпаўся снег.

У тэатры Антон знайшоў сваё месца, яно было не занята. Амаль адразу ўбачыў Аркадзя Гайкевіча. Той, узяўшы пад руку тоўстага белатварага мужчыну, павольна ішоў па зале, аб нечым зацікаўлена з ім гаварыў.

Потым Аркадзь сеў побач з Антонам, зноў акуратна прычасаў свае валасы, сказаў:

— Ну і напалохаў ты мяне ўчора. Дзе ты начаваў?

Антон не спяшаўся адказваць. Нешта пачынала не падабацца яму ў Гайкевічу. Ён трымаў у кішэні пінжака званок, гладзіў яго пальцамі і думаў, што Гайкевіч свой хлопец, добры, разумны, але ўчора кінуў яго, хворага і беспрытульнага, аднаго.

Аркадзь, не дачакаўшыся адказу, зноў загаварыў:

— А чаму б табе сёння не выступіць? Выйшаў бы на сцэну, расказаў пра сябе, сваю вёску, падказаў бы з'езду, як нам трэба нашу Беларусь будаваць. Ты ж дэлегат, а маўчыш...

— А што мне гаварыць? — панура ўсміхнуўся Антон — я слухаю, што мне гавораць... За мяне іншыя скажуць...

— Э-э, так не трэба. Мы ж цябе запрасілі... Павінен і ты нам аддзячыць, — не адступаў Гайкевіч.

Антон маўчаў. Ён вырашыў, што лепей за ўсё маўчаць, не ўвязвацца ні ў якія спрэчкі. «Разумны не той, хто языком добра чэша, а хто слухаць умее», — думаў ён.

Між тым на з'ездзе нешта не ладзілася. Пачалося ўсё з самай раніцы, калі з пярэдніх радоў узняўся раптам высокі светла-русы дэлегат і, назваўшыся прадстаўніком латышскай сацыял-дэмакратыі, прапанаваў замест бела-чырвона-белых сцягоў вывесіць у зале чырвоныя.

— Годзе маліцца на гэту старую нацыянальную анучу! — тыцнуў ён рукой у бок сцяга, што вісеў на сцяне якраз каля стала прэзідыума. З'езд на хвіліну анямеў. Пярэднія афіцэры цапалі сябе рукою па поясе, па тым месцы, дзе ў добры стары час вісела шабля. А генерал Кандратовіч, які сядзеў у прэзідыуме, загрымеўшы крэслам, выскачыў з-за стала, падбег да сцяга і пацалаваў яго. Усё гэта ён зрабіў з імпэтам, рэзка і тэатральна. З'езд грымнуў бурай воплескаў. Большасць дэлегатаў паўскоквалі з месцаў, вітаючы генерала. Аркадзь з усяе сілы біў у ладкі і, захліпаючыся, гаварыў: