— Ну і малайчына генерал! Падцёр нос латышу.
З гэтай хвіліны спрэчкі на з'ездзе ўспыхнулі з новай сілай, быццам нехта ў касцёр, што ўжо затухаў, падкінуў свежага ламачча. Адзін за другім выходзілі на сцэну дэлегаты, гаварылі, крычалі, жэстыкулявалі, пагражалі кулакамі. Здавалася, людзі ап'янелі ад шуму, гарачыні, чужых і сваіх слоў, і ім край як трэба было выліць на некага злосць і раздражнёнасць. Стаялі рубам два пытанні: за Саветы ці супраць, за саюз з Расіяй ці за аддзяленне. Дэлегаты з Віцебска Васіленка і Салуноў заявілі, што Віцебская губерня бачыць новую Беларусь толькі ў моцным непарушным саюзе з усёй Расіяй. Іхнія словы сустрэлі свістам. Потым з залы выбеглі некалькі цывільных і салдат і проста на сцэне пачалі біць віцяблян кулакамі.
— Так ім! — усхапіўся са свайго месца Гайкевіч. — Дзе іхнія Суздальскія, Разанскія і Цвярскія княствы? Масква праглынула... А Беларусь будзе!
З'езд гуў, як вулей. У Антона расколвалася галава, раздзіраў грудзі кашаль. Людскія твары, агні, сцягі мітусіліся ў вачах, спляталіся ў нейкі пакутлівы стракаты вал, які вось-вось гатоў абрынуцца ўсім сваім цяжарам, уціснуць у крэсла, распляскаць. Антон хапаў гарачае, як у лазні, паветра, выціраў салёны пот, што каціўся па шчоках. Яму ўжо чамусьці не першы раз успомніліся начны лес, чорныя цені ад дрэў, быццам высечаныя на іскрыстым, бледна-сінім снезе, няўмольны ланцуг ваўкоў. Усё бліжэй ваўкі... На іх блішчыць шэрсць... У іх халодныя жалезныя зубы... Іхняе дыханне, як вецер перад бурай...
Ён напружваў усе сілы, адганяў страшны прывід, адганяў хваробу. Ён прымушаў сябе глядзець на сцэну, слухаць усё, што гавораць.
— Слова мае дэлегат Вазіла, — аб'явілі з прэзідыума.
Мажны чалавек у сінім суконным пінжаку і ў белай кашулі выйшаў на сцэну.
— Вы хочаце наш родны беларускі край адарваць ад вялікага цела Расіі, — сказаў чалавек і нахіліў галаву, глянуў спадылба. — Вы хочаце зрабіцца, як называеце, незалежнай дзяржавай, дзяржавай без хлеба, паветра і вады. Я звяртаюся да вас, беларускія беларучкі. Хто вы, што з польскім акцэнтам гаворыце на беларускай мове? Пра якое будучае шчасце незалежнай Беларусі вы крычыце? Вы — не ад народа. Вы не ведаеце беларускую вёску...
— Прэч! — закрычалі, затупалі нагамі ў зале. — Ганіце яго са сцэны!
Нехта кінуў вялікі стары галёш.
Вазіла яшчэ больш набычыў галаву, пачырванеў, махнуў рукой і раптам, прагна хапіўшы паветра, як падсечаны, паваліўся каля стала прэзідыума, — страціў прытомнасць.
З кожнай гадзінай напружанне ў зале ўзрастала. Дэлегаты ахрыплі ад крыку і, здаецца, зварыліся ў духаце і гарачыні. Праседзелі вечар, поўнач. Пачало брацца на новы дзень. Сёй-той, плюнуўшы, махнуўшы рукою, выходзіў з залы і стараўся не глядзець у вочы іншым дэлегатам. Большасць тых, што пакідалі з'езд, былі сяляне са сваімі нязменнымі палатнянымі торбачкамі.
«Зараз я звалюся з крэсла і памру, — думаў Антон. — Вось зараз, праз некалькі хвілін, звалюся,^мяне схопяць за ногі і пацягнуць па бруднай затаптанай падлозе да дзвярэй... І галава будзе стукацца аб дошкі, як гарбуз...»
Ён уявіў усё гэта і не спалохаўся. Толькі б хутчэй скончыўся гэты тлумны, цяжкі, незразумелы, вар'яцкі дзень.
Пачалі галасаваць. Рабілася нешта неверагоднае: з'езд прызнаваў Савецкую ўладу толькі ў цэнтральнай Расіі. Потым пачалі спрачацца наконт самастойнасці Беларусі. Галасавалі некалькі разоў.
Гайкевіч радасна кусаў губы:
— Мінчукі, віленцы, смаленцы і гародзенцы за нас... — Ён убачыў, што Антон сядзіць, як нежывы, страсянуў яго за плячо, раздражнёна крыкнуў: — А ты чаго спіш? Галасуй за самастойнасць!
«Што ён, падла, на мяне вызверыўся?» — падумаў Антон. Але не хапіла сілы ні на злосць, ні проста на якое-небудзь слова, і ён падняў угору цяжкую руку. І зноў як бы праваліўся пад лёд.
Глухія галасы ледзь чутна даляталі аднекуль зверху. «Вось зараз... зараз...» — думаў ён, і галава хілілася набок, і зала плыла перад вачамі. Вачам было балюча. Ён заплюшчыў іх. І раптам зашумела, загула зала. Уварваліся ў яе нейкія новыя звонкія галасы. Быццам вецер раптоўна расчыніў усе вокны і дзверы.
— Уставай! — крыкнуў над зухам Гайкевіч.
Антон з намаганнем расплюшчыў вочы, нібы яны былі склеены. На сцэне і ў праходах між крэсламі стаялі ўзброеныя салдаты. Твары ў іх былі чырвоныя з марозу, узбуджаныя.