Выбрать главу

— Імем Савецкай улады з'езд распускаецца. Прашу ўсіх пакінуць залу, — цвёрдым моцным голасам сказаў камандзір гэтых салдатаў і ўзняў уверх руку з рэвальверам. Дэлегаты колькі імгненняў глядзелі на гэтую руку. Толькі крэслы рыпелі ў цішыні. Потым людзі хлынулі да дзвярэй, але не ўсе. Частка загарадзілася крэсламі, зэдлікамі. Збіўшыся ў кучу пасярод залы, гэтыя дэлегаты тупалі нагамі, свісталі, крычалі:

— Не пойдзем!

— Узурпатары!

— Кацапы!

Антон ішоў да дзвярэй і бачыў, як Гайкевіч, учапіўшыся за крэсла, адбіваўся нагамі ад салдатаў. На вуліцы шумеў вецер. Халодныя зоркі ззялі над горадам. Побач нехта спалохана гаварыў:

— На Скобелеўскай і Падгорнай салдаты стаяць і панцырнікі...

Антон прагна дыхаў свежым марозным паветрам. Хацелася адысціся трохі ўбок, легчы проста ў снег і забыцца пра ўсё. Зноў у грудзях ажыў, як стрэліў, кашаль. І тут Антона моцна і нецярпліва схапілі за рукаў:

— Антон, ты?!

Радасць, недавер, здзіўленне былі ў гэтым нечаканым, дужа знаёмым голасе. Антон узняў галаву і ўбачыў Кузьму: з вінтоўкай, у салдацкім шынялі, з чырвоным бантам на папасе. Антон хацеў заплакаць, але слёз не было. Ён хіснуўся да Кузьмы, дакрануўся гарачым ілбом да ягонага пляча, сказаў ціха і разгублена:

— Братка... У грудзях дужа баліць...

XVII

Хвароба адступала пакутліва і павольна. Дзень і ноч зліліся ў адну суцэльную чорную стужку. Кожны куточак Антонавага знясіленага цела быў напоўнены гарачынёй. Здавалася, усярэдзіне, у самым сэрцы, гарэў пякучы агонь. Так, пэўна, адчувае сябе рыбіна, якую выцягнулі з ледзянога віру, з халоднага мяккага глею і адразу кінулі на распаленую да чырвані патэльню.

На чацвёрты ці на пяты дзень хвароба ўсё-такі адступіла. Антон абвёў мутным позіркам бальнічную палату, у якой ляжаў. Упершыню захацелася есці. Ён ужо ведаў, што знаходзіцца ў мінскай яўрэйскай бальніцы. У горадзе дзве бальніцы: губеранская і яўрэйская. У губеранскай не толькі палаты, але і калідоры былі завалены хворымі, і таму ноччу, недзе пад раніцу, два вайскоўцы, адзін маладзенькі, русявы, а другі цёмны з твару, вусаты, прывялі яго сюды. Так расказала Антону моцная фігурай, чорненькая і насаценькая Соня, якая прыбірала ў палатах і кожны дзень яшчэ з адной жанчынай, высокай і маўклівай, ставіла яму на спіну банькі. Спіна гарэла, быццам з яе здзіралі скуру, але прыемна было адчуваць дотык халодных чуйных пальцаў. Яны краналіся спіны, нібы кроплі дажджу. Соня хуценька рабіла сваю справу і расказвала:

— Учора — хто мог падумаць? — стукаюць да нашага суседа Фімы Ройзмана. А на вуліцы ўжо ноч. Фіма ўжо сваю начную шапачку надзеў, спаць лёг. І раптам — стукаюць. Падняўся ціхенька Фіма, падышоў да дзвярэй і думае: адчыняць ці не? Што там за народ? Можа, бандыты. А можа, і таварышы з гарадскога Савета. Фіма, добрая душа, падумаў, што гэта таварышы з Савета, адчыніў. А яны ўсе ў чорных масках, з рэвальверамі. «Дзе грошы? — крычаць. — У цябе многа грошай». А дзе ўзяць тыя грошы? Фіма бедны яўрэй. З беднасці сваёй ён нават грэх зрабіў: у суботу вазіў на калясцы, што сам змайстраваў, вугаль.

Соня змоўкла, выцерла тонкія рукі кавалачкам шурпатай паперы, уздыхнула:

— За што нас не любяць?

Антон павольна павярнуўся на спіну, адчуў, як заныла, зашчымела апечаная скура. З яго галавы не выходзіла, як сустрэўся з братам. Кузьма быў так узрадаваны, што ажно разгубіўся. І ўсё дзівіўся, усё не мог паверыць. А як даведаўся, што дзед Ігнат памёр, прыкусіў губу і ўсхліпнуў. Добры Кузьма брат, добры чалавек. Казаў, што з самага кастрычніка ў бальшавіцкім войску служыць. Толькі потым ужо, як ішлі ад тэатра па нейкай вуліцы, нахмурыўся і спытаўся:

— А ты чаго тут? Чаго з гэтымі цюцькамі звязаўся?

І сябра яго вусаты так глянуў, як нажом паласнуў.

Антон утаропіўся паглядам у столь, задумаўся. Столь была высокая, з шырокіх сасновых дошак, шчыльна падагнаных адна да адной.

Яе, пэўна, нядаўна перасцілалі, бо дошкі былі жоўтыя, свежыя.

— Ці не прыходзіў хто да мяне? — спытаўся Антон у Соні.

— Як прывялі тады ноччу, болей ніхто і не быў, — адказала Соня, зграбаючы ў вядро смецце з падлогі. — А што? Можа, паненку якую чакаеш?

— Нікога я не чакаю, — буркнуў Антон.

Значыць, Кузьма не прыходзіў. А служыць недзе побач у горадзе. Можа, ад службы нельга адарвацца? Усё-такі вайсковы чалавек. Ды не, прыбег бы, знайшоў бы час.

Антон сцішыўся, увесь неяк здранцвеў, колькі хвілін ляжаў не дыхаючы, нібы слухаў нешта ў самім сабе. Усё выразней, усё ўладней нараджалася ў галаве думка, ад якой ён спачатку адмахваўся. Кузьма не прыйдзе да яго. Ні сёння, ні заўтра. Ніколі. Антон жа быў удзельнікам з'езда, а Кузьма са сваімі таварышамі, з тым сярдзітым вусачом, разганяў гэты з'езд. Значыць, яны ворагі, хоць і родныя браты. Кузьма, можа б, яшчэ і прыйшоў як-небудзь крадком, але баіцца свайго начальства. Даведаецца начальства, што такі ў яго брат, не паздаровіцца Кузьме.