Адразу зрабілася сумна і адзінока. «Навошта я сюды ехаў? — падумаў Антон. — Дурань, не паслухаў бацьку... Быў бы зараз дома, з Янінай сустрэўся б каля гумна...» Такія жаданыя, такія блізкія клопаты і справы былі адгароджаны ад яго гэтымі шэрымі бальнічнымі сценамі.
Калі ўвайшла ў палату Соня, ён спытаўся:
— Мне трэба будзе плаціць доктару?
Соня звяла на пераноссі чорныя тонкія броўкі:
— Ты што — Каплан, які мае сваю цагельню? Ці Кантаровіч, у якога ёсць шпалерная фабрыка? Ты хворы і бедны. І тыя салдаты загадалі не браць з цябе ніякіх грошай.
«А ў мяне тых грошай, як у вожыка пер'я», — нявесела падумаў Антон, але ўсё ж яму трохі палепшала на душы. Хутчэй бы толькі ўстаць на ногі.
— Вось у цябе што ў кішэні было, — трохі памаўчаўшы, сказала Соня і паказала яму званок. — Навошта ён табе? Мы падумалі спачатку — можа, ты ў цацкі яшчэ гуляеш...
Яе чорныя вочы смяяліся. Антон узяў званок, пра які зусім ужо забыўся. Незразумелая радасць варухнулася ў душы. Ён узрадаваўся званку, як жывому чалавеку, як сябру, што сустрэўся пасля доўгіх дзён разлукі. Званок быў цёплы, і ад ледзь прыкметнага руху ціхенька нараджалася ў ім сярэбраная песня. Перад Антонам зноў ажылі малюнкі з'езда: спатнелыя чырвоныя твары людзей, шум, крыкі, даўгалыгі Сцяпан Дыдо, што хадзіў са званком па вестыбюлі. Дзе цяпер Сцяпан? Ці дабраўся да свайго Клічава? Ён паклаў званок на падушку, зноў сцішыўся, стаў разглядаць сваю палату, бо да гэтага, калі ляжаў у гарачцы, яму было ўсё роўна — дзе ён і з кім ён. Палата была маленькая, вузенькая, крокаў шэсць, не болей, у шырыню. Пэўна, зусім нядаўна тут размяшчалася якая-небудзь бальнічная кладоўка, у якой захоўваліся вёдры, венікі і іншыя гаспадарчыя прылады. Усе сцены былі глухія, без акон. Непадалёку ад Антонавага ложка, як працягнуць руку, стаяў яшчэ адзін. На ім, тварам уверх, закінуўшы рукі пад галаву, ляжаў малады мужчына, вельмі прыгожы, светла-русы, чарнабровы. Правая нага ў яго была ў лубках. Мужчына адчуў на сабе Антонаў позірк, павольна павярнуў галаву. Вочы яго глядзелі з-пад цёмных веек халодна і насцярожана. Але, відаць, у Антона быў такі бяскрыўдны, такі даверлівы твар, што мужчына трохі памякчэў, глухаватым голасам назваў сваё прозвішча:
— Сташэўскі.
— Радзімовіч, — сказаў Антон.
Сусед чамусьці ўздрыгнуў, быццам лінулі яму за каўнер халоднай вады. Уважліва паглядзеў на Антона, як бы нешта ўспамінаючы, нешта параўноўваючы. На хвіліну няёмкая цішыня павісла ў палаце.
— Дзе гэта вы нагу пакалечылі? — асцярожна, каб чым-небудзь не пакрыўдзіць суседа, пацікавіўся Антон.
— Ды так... — спахмурнеў Сташэўскі. — Паспяшыў, з цягніка саскочыў...
Яны зноў змоўклі. Відно было, што Сташэўскаму нешта не дае спакою. Ён усё прыглядаўся да Антона, абмацваў яго халоднымі вачамі. Потым спытаўся:
— А што робіцца на волі? — Так і сказаў «на волі», нібы сам знаходзіўся ў турме.
— У вёсцы мужыкі панскую зямлю і маёмасць дзеляць. А ў горадзе... Не ведаю. Кругом чырвоныя сцягі вісяць. Салдаты ходзяць. А я з вёскі, на беларускі з'езд прыехаў...
— З'езд такі быў? — здзівіўся сусед і павярнуўся тварам да сцяны.
«Не хоча гаварыць, — падумаў Антон. — Ну і няхай... Цяжка чалавеку, перажывае...»
Ён таксама замоўк, пачаў думаць пра Кузьму. Няўжо не прыйдзе? Няўжо не захоча наведаць хворага брата, якога ўжо год, як не бачыў? Строгая ж у іх там дысцыпліна. Ды, напэўна, не ў дысцыпліне загваздка. Сам Кузьма не хоча прыйсці. Ён жа з чырвоным бантам цяпер ходзіць, як святы, зрабіўся. А ён, Антон, супроць ягоных Саветаў руку ўзнімаў...
— Ці ёсць у вас тут у Мінску родзічы? — спытаўся Сташэўскі і, абапёршыся на локаць, як не пракалоў Антона сваім позіркам.
Антон разгубіўся ад нечаканага пытання, адказаў спачатку:
— Няма... — але потым паправіўся: — Брат ёсць, Кузьма... Ён тут служыць...
Сташэўскі зноў павярнуўся тварам да сцяны. Спіна ў яго была нерухомая, але было чутно, як ён часта дыхае.
Назаўтра ў палату прыйшоў Гайкевіч. «Як ён знайшоў мяне?» — здзівіўся Антон. Чакаў Кузьму, а прыйшоў Аркадзь. Вось і зразумей жыццё, вось і здагадайся, хто сябра табе, а хто вораг.
Гайкевіч агледзеўся, глянуў на Сташэўскага, сказаў Антону:
— Ну і трапіў жа ты, братка, у сінагогу...
Ён адразу ж пазнаёміўся са Сташэўскім, адчуў у ім блізкую душу. Стаяў паміж ложкамі, гаварыў: