— Цяжкія часы наступаюць, Антоне. Але не ўсё страчана. Наш консул у Кіеве Аляксюк просіць грашовай пазыкі ў Пятлюры. На румынскім фронце «беларусізуюцца» вайсковыя часці на чале з генералам Пажарскім. Як спяваецца ў нашым гімне: «не пагаснуць зоркі ў небе». Толькі б усе былі заадно. Але ж наша вёска ўсё болей верыць бальшавікам. Скажу табе: незразумелы наш народ. Для яго ж дабра стараешся, а ён нос убок верне. Сціпласць, а лепей сказаць — забітасць, у кас у крыві. У той час, як іншыя народы будуюць дамы, высозныя, пад неба, мы ледзь-ледзь агоралі сабе хатку. «Беларуская хатка». Як дробненька гучыць!
Гайкевіч павярнуўся да Сташэўскага:
— Вы, калі я не памыляюся, паляк? Тады вы нас павінны зразумець.
Сташэўскаму як бы крышачку зрабілася няёмка. Ён зморшчыўся:
— Мой дзед быў палякам. А я ўжо, з божай дапамогай, рускі. А вы дзіўны чалавек. Тысячы інародцаў, розных іудзеяў, мусульман, лічылі б за найвялікшы гонар стаць велікаросамі, хоць іхнія фізіяноміі не з таго цеста злеплены. А вы праваслаўны, такі, як усе, але вам, нібы дзіцяці, трэба даводзіць, што вы рускі, бо вы затлумілі сабе і іншым галаву нейкай Беларуссю. Прабачце, кажу вам шчыра, як інтэлігентнаму чалавеку.
Гайкевіч, відаць было, не чакаў такіх слоў. Ён збянтэжыўся, пачырванеў, а потым сярдзіта скрывіў губы. І больш не паварочваўся да Сташэўскага.
— Ты, здаецца, брата сустрэў? — спытаўся ён у Антона.
— Сустрэў... Кузьму, — Антон усё яшчэ знаходзіўся пад уражаннем слоў Сташэўскага. Бач ты, маўчаў, маўчаў, а тут такую аплявуху ўляпіў гэтаму Гайкевічу. У глыбіні душы Антону было прыемна, што Гайкевіча так асадзілі.
— А ты не думаеш, што цябе могуць забраць адсюль? — рэзка сказаў Аркадзь.
— Куды?
— На казённы хлеб і ваду. Ты быў на з'ездзе? Быў. Галасаваў супраць мінскіх камісараў? Галасаваў. Яны з табой за гэта цацкацца не будуць. Брат жа твой цябе і арыштуе.
— Кузьма не такі, — не паверыў Антон.
— Не такі, кажаш? Усе яны такія. Ленін сам з дваран, а пайшоў супраць дваранства. Дык што, думаеш, брат твой цябе пашкадуе, калі ты ідзеш супраць камісараў?
— Не палохай мяне, — не вытрымаў Антон. — Я не палахлівы. Трэба будзе — адкажу за тое, што нарабіў.
Гайкевіч адразу паспакайнеў. Прыгладзіў абедзвюма рукамі валасы, сказаў:
— Я цябе не палохаю. А толькі трэба нам адсюль куды-небудзь сыходзіць... Каб на відавоку не быць.
— Я ў вёску паеду, — панура глянуў на яго Антон.
— Думаеш, там цябе чакаюць? Пасылала цябе воласць на з'езд? Не пасылала. Ты сам паехаў. Дык, думаеш, з блінамі цябе там сустрэнуць?
Антон нічога не адказаў. І, сапраўды, не так проста ўсё выходзіла. Ён раптам адчуў, што знаходзіцца ў нейкім зачараваным страшным коле. Як тхор, што трапіў у пастку. Што ж рабіць? Быў бы побач старэйшы брат, ён бы навучыў, падказаў. Але ж Кузьмы няма, і ён не прыходзіць. Што ж рабіць?
— Падумай, — сказаў Гайкевіч. — А я заўтра прыйду...
Нават не глянуўшы на Сташэўскага, ён выйшаў з палаты. Антон жа ўткнуўся тварам у падушку. Сум і слабасць агарнулі душу. Недзе далёка-далёка ад гэтага непрыветлівага каменнага горада была яго вёска. Адно паветра, здаецца, вылечыла б яго там.
Соня прынесла вячэру: кавалачак чэрствага хлеба і талерку гарачага рэдзенькага супу. Моўчкі павячэралі. Сташэўскі адвярнуўся да сцяны, сцішыўся. «Дзіўны чалавек, — думаў пра яго Антон, — усё нечага баіцца. Толькі тупне хто нагой у калідоры, падыдзе да дзвярэй палаты, як ён нацягвае коўдру на галаву, хаваецца. Ужо тады, як пачуе па голасе, што гэта Соня, вытыркне галаву з-пад коўдры. Дужа ж нехта яго напалохаў. Ды што тут дзіўнага? Час такі — чалавек чалавека баіцца... Я і сам — хто б паверыў? — брата свайго пачынаю баяцца».
Перад сном Сташэўскі сказаў:
— Думаю выпісвацца з гэтай чортавай бальніцы. Косць трохі зраслася — буду кульгаць як-небудзь. Заўтра ж скажу, каб знялі лубкі.
Ён раптам саскочыў з ложка, прайшоўся па палаце, наступаючы на хворую нагу. Твар у яго скрывіўся ад болю, на скронях выступіў пот.
— Рана вам яшчэ, — паглядзеў на Сташэўскага Антон. — З такой нагой не трэба жартаваць. Калекам можаце застацца.
— Нельга мне тут быць, — з нечаканым сумам у голасе прызнаўся Сташэўскі.
Назаўтра ў палату з шумам увайшоў Кузьмоў сябра, той самы вусач. Глянуў на Антона чорнымі цыганістымі вачамі, моцна паціснуў руку:
— Здароў, Радзімовіч. Ну і падобныя вы з братам, як два ружэйныя патроны. А я Юшкоў. Кузьма мяне дужа прасіў сюды забегчы. Сам ён пакуль што не можа прыйсці. Падстрэлілі яго трохі...
— Падстрэлілі? — перапытаў Антон.