Выбрать главу

Снег трохі папырхаў, палётаў над полем, і зноў усё супакоілася. Змяркалася. Неба з сіняга рабілася чорным, вугольным. Заззяў над снежнай раўнінай зеленаваты месячык. І снег у полі адразу ўспыхнуў, засерабрыўся.

Па ім пабеглі трапяткія блакітныя хвалі.

— Вашага брата Кузьмой завуць? — спытаўся Сташэўскі.

Антон глянуў на яго, нічога не сказаў, толькі кіўнуў галавой. Яму не хацелася б цяпер чуць пра брата. Але Сташэўскі, утуліўшы галаву ў плечы, глядзеў на месячык, высока закочваючы вочы, гаварыў:

— Кузьма старэйшы брат... А вы, Антон, малодшы... —Ён рэзка павярнуўся да Антона: — Хочаце, раскажу біблейскую легенду?

І не дачакаўшыся згоды, пачаў расказваць сухім, трохі хрыплаватым голасам:

— У першых людзей, Адама і Евы, нарадзілася двое сыноў. Старэйшага звалі Каін, малодшага — Авель. Выраслі браты, і Каін стаў земляробам, а Авель пастухом. Жылі яны, працавалі, сябравалі, але аднойчы пасварыліся, і Каін, старэйшы, забіў Авеля. Ён адсек брату галаву і ўзяў яе ў рукі. Цёплая кроў цякла па пальцах. І тады, каб ніхто не дазнаўся пра яго злачынства, Каін размахнуўся і з усяе сілы шпурнуў ад сябе братаву галаву. Але мёртвая галава ўпала не ў мора, не ў пустыню і не ў лес. Яна ўзнялася высока над зямлёй і ператварылася ў месячык. Тысячы гадоў, толькі схаваецца сонца, глядзіць на Каіна з неба мёртвая галава Авеля...

Усе маўчалі. Сярод гэтых мёртвых палёў, сярод халоднай снежнай пустыні сэрца замірала, сэрца, здаецца, пакрывалася лёдам. Усе глянулі на месяц. Ён плыў высока над зямлёй, беспрытульны і адзінокі.

«Значыць, я — Авель, — думаў Антон. — А Кузьма — Каін. Навошта Сташэўскі расказаў гэта? Што яму трэба? Не, не проста так пачаў ён гаворку. Нешта хацеў?»

Антон глядзеў на месяц. І, праўда, калі ўважліва прыгледзецца, месяц падобны на чалавечую галаву. Вось чарнеюць нейкія плямы, як быццам заплюшчаныя вочы, вось вузкая, доўгая, трошкі звілістая палоска — рот. Лоб і шчокі ў галавы бледныя, папяловыя. Гэта смерць дакранулася да іх сваёй рукой.

Антону зрабілася холадна. Усім целам, як толькі мог, уціснуўся ён у сухое калючае сена. Ён рашыў болей не глядзець на месяц, але прайшло колькі хвілін, не вытрымаў, зноў узняў галаву. Месяц вісеў проста над фурманкай. Як бы хутка ні беглі коні, ад яго нельга было ўцячы. Ён быў белым халодным вокам бязмежнага неба, і гэта вока пранізвала навылёт, усё бачыла, аб усім здагадвалася.

На начлег спыніліся непадалёку ад Рудзенска. Паручнік не дазволіў заходзіць у хаты — гэта было небяспечна, у любы час маглі наляцець чырвонагвардзейцы, узброеныя мясцовыя жыхары. Ды ці мала хто, сціскаючы вінтоўку, хадзіў зараз па зямлі. Атабарыліся ў вялікім старым гумне на ўскраіне вёскі. Пасярэдзіне гумна быў шырокі гулкі ток. Абапал току, у застаронках, ляжала сена і саламяныя кулі. Паставілі знадворку варту, а самі, хто дзе, пазашываліся ў сена і салому. Антон разам з Аркадзем лёг у невялічкай ёўні, якая была зрублена тут жа ў гумне. У еў ні было цёмна і глуха, як у магіле. Летам і ўвосень тут сушылі снапы, і яшчэ захаваўся пах цёплага распаранага зерня.

— Лепш палякі, чым камісары, — шаптаў недзе побач у цемры Гайкевіч. — Сіл набярэмся, акрыяем і плюнем тады на гэтых пшэкаў. А пакуль нам трэба за іх трымацца. Радзе з гэтымі доўбарчыкамі не выпадае сварыцца.

Антон краем вуха слухаў яго, а сам, нават тут, бачыў месячык, яркі і недасяжны. Заплюшчыўшы вочы, ляжаў ён на саломе, і месяц плыў над ім. Неўзабаве Антон заснуў сном цяжка стомленага, разбітага чалавека, і ўсю ноч сніўся яму адзін і той жа сон. Быццам ідзе ён па снежным полі. Ногі па калека правальваюцца ў шорсткі сыпучы снег. Ні душы навокал. Над галавой, замест кеба, месяц, адзін месяц, як суцэльная белая столь. Месяц увесь з лёду ці з нейкага празрыстага белага каменя. Хочацца памацаць яго. Месяц нізка-нізка — над галавой. Антон працягвае ўверх руку, але месяц чуць-чуць падскоквае, і ніяк яго не дастаць. Так паўтараецца некалькі разоў. Антон злуе, ідзе далей па снежным цаліку. Ён ідзе і ўважліва глядзіць на месяц. Месяц падобны на яго. Быццам гэта вялізнае люстэрка, у якім адбіваецца ягоны, Антонаў, твар. Антон, абліваючыся халодным потам, мацае сваю галаву, але яна на месцы. Раптам месяц з белага робіцца чырвоны, рэзка ўздрыгвае і падае на Антона. Антон ляжыць, уціснуты ў снег нечуваным цяжарам, і шчакой дакранаецца да месяца і не можа зразумець — ці гэта лёд, ці празрысты слізкі камень.

Ён спуджана прахапіўся. Сэрца аж калацілася ў грудзях. Побач у цемры спаў, свістаў носам Гайкевіч. Непадалёку, за тонкай сцяной ёўні, нехта праз сон гаварыў па-польску. Да самай раніцы ўжо не змог заснуць.