Выбрать главу

За гэтыя чатыры дні дарогі ўсе асвойталіся і звярталіся адзін да аднаго на «ты».

— Свет вялікі, — шматзначна ўсміхнуўся Сташэўскі і абтрос з шыняля сена і снег.

Ён неяк адразу пасвяжэў, падцягнуўся, у вачах загарэлася ўпэўненасць і сіла. Антон успомніў, як ён біў селяніна, — біў ад поўнай душы, шчыра і прывычна, быццам у карты гуляў.

Сташэўскі глянуў на Антона вясёлымі вачамі, спытаўся:

— Брата Кузьму ўбачыш?

— Не ведаю... Можа, і ўбачу, — адказаў Антон і ў думках здзівіўся: навошта гэта Сташэўскаму?

— Убачыш — перадай прывітанне. Перадай, што прагну яго пабачыць.

Сташэўскі наставіў каўнер шыняля, збіраючыся ісці. Відно было, што ён задаволены сабой.

— Ад каго прывітанне? Ад цябе, Сташзўскага?

— Не ад Сташэўскага, а ад Стахеева, — Сташэўскі ўсміхнуўся, павярнуўся да Гайкевіча і Страха: — Панове, прашу прабачыць мне мой невялічкі маскарад. Я Стахееў. Сташэўскі — гэта проста фікцыя, маска, якую носяць, каб на пэўны час схаваць свой сапраўдны твар.

Ён пакланіўся ўсім і пайшоў з выглядам пераможцы, крыху накульгваючы. Антон здзіўлена глядзеў яму ўслед. Вар'ят нейкі, ды ўсё. Быў Сташэўскі — стаў Стахееў. Усю дарогу гаварыў пра Каіна і Авеля, пра Кузьму ўспамінаў... Які ж яго «сапраўдны твар»?

Як толькі выехалі за Асіповічы, падзьмуў сустрэчны вецер, узнялася завіруха. Коні ледзь ішлі. Сані правальваліся ў глыбокія сумёты, якімі была перамецена дарога. Без Сташэўскага ў санях стала прасторней, але затое і ветру было болей прастору. Антон стаў захутвацца і намацаў у кішэні званок. Дастаў яго, пакруціў у руках.

— А дзе ж ваш чацвёрты? — павярнуўшыся, спытаў паляк. Убачыў званок, выхапіў яго ў Антона з рукі, засмяяўся: — Добрая штучка!

Потым саскочыў з саняў, прывязаў званок да дугі, цмокнуў языком:

— Як на вяселлі паедзем.

Сані рвануліся насустрач ветру. Дзынкнуў званок. Потым асмялеў, зазваніў гучна і пералівіста. Так і паехалі. Спераду, з бакоў і зверху — завіруха, калючы снег, пранізлівы вецер. А пад дугой — званок. Пад польскай дугой званок, які званіў нядаўна на скірмунтаўскім з'ездзе. Слухаючы яго галашэнне, ехаў Антон далей ад бацькавай хаты, у снегавую замець, у белы вір завірухі, у невядомасць.

XVIII

У Кузьмы было прастрэлена левае плячо. Дзён дзесяць ён ляжаў у вайсковым шпіталі, потым, калі палягчэла, выпісаўся дадому, у барак. Праскоўя аж учарнела. Не адыходзіла ад яго ні на хвіліну, мяняла бінты, папраўляла падушку, коўдру, прыносіла ў ложак піць і есці. Яна схуднела за гэтыя дні, шчокі запалі, нос завастрыўся, толькі вочы па-ранейшаму былі прыгожыя, гарэлі адданасцю і любасцю. Сяргейка таксама амаль увесь час быў дома, рэдка калі выходзіў на вуліцу. Гуляў на падлозе каля Кузьмовага ложка, з бярозавых паленцаў, з трэсак і кавалкаў цэглы будаваў крэпасць. Нагуляўшыся, ціха садзіўся каля Кузьмы, пытаўся:

— Татка, а цябе папраўдзе паранілі? Горш было, калі Праскоўя ішла на фабрыку. Сяргейка засынаў, і Кузьма сам-насам заставаўся са сваёй хваробай і сваёй адзінотай. У параненай руцэ яшчэ не патух боль. Часам, асабліва, калі на вуліцы пачыналася адліга, боль ажываў, вострымі зубамі ўядаўся ў цела. Доктар казаў, што куля зачапіла косць.

Паранілі яго праз два дні пасля таго вечара, калі ён сустрэў Антона. З аддзяленнем Беланогага. Беланогаў быў ужо камандзірам аддзялення — ён пайшоў апісваць земсаюзаўскі прадуктовы і аптэкарскі склады на Ляхаўцы. Пастановай Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту Усерасійскі Земскі саюз спыняў сваю дзейнасць на Заходнім фронце, і ўся яго маёмасць пераходзіла ў рукі Савецкай улады. Хадзілі чуткі, што Земсаюз тэрмінова пачаў перапраўляць ўсё сваё дабро на поўдзень Расіі, туды, дзе набіраў сілу белы рух, дзе пад свае сцягі збіраў Казакаў атаман Каледзін. На складзе іх сустрэлі два рабочыя-грузчыкі і малады чарнявы мужчына па прозвішчу Дамажыраў, які назваў сябе служачым Земсаюза. Ён чамусьці нерваваўся, расшпільваў і зноў зашпільваў гузікі шыняля. Белавусы зморшчаны дзядок з Мінскага губеранскага прадуктовага камітэта дастаў з-за пазухі паліто пакамечаны сшытак, з-за вуха аловак і пачаў хадзіць па складзе, адзначаць усё, што там захоўвалася. Уздоўж сцен стаялі горы скрынак і бочак з крупамі і мукой, з соллю і тытунём. Салдаты бралі ўсё гэта ў рукі, падносілі да дзядка, каб ён запісваў у свой гросбух.

Гадзіны праз дзве дабраліся да самага канца склада, найбольш бруднага і зацемненага.

— Там нічога няма, — махнуў рукой Дамажыраў. — Дугі і сані ляжаць...

Сапраўды, мноства саней былі складзены ў штабелі, якія даставалі да самай страхі. Салдаты не захацелі лазіць па гэтых штабялях — яшчэ разваляцца. Але Кузьма заўважыў, як раптоўна змяніўся з твару Дамажыраў. Чаго гэта ён так нервуецца? Кузьма асцярожна прасунуўся між двух штабялёў і адразу ж, каля сцяны, убачыў нейкія доўгія скрынкі, накрытыя брызентам. Ён пацягнуў за рог брызент і на імгненне пахаладзеў. У скрынках ляжалі вінтоўкі — новенькія, тлуста змазаныя. У паўзмроку ярка сінела жалеза.' Кузьма спалохаўся, пачаў вылазіць назад. І сустрэўся з вачамі Дамажырава. Той усё зразумеў, адскочыў убок, выхапіў з кішэні шыняля рэвальвер і стрэліў у Кузьму. А сам пабег уздоўж сцяны. Ён бег і наўмысна хапаўся рукамі за штабелі. Сані з грукатам падалі, загароджвалі дарогу салдатам, што беглі ўслед. Яго закалолі штыкамі на парозе склада. А Кузьма схапіўся за плячо, потым узняў руку: пальцы былі ў крыві.