І вось ужо трэці тыдзень, як ён ляжыць у ложку. Ён ужо вывучыў усе шчылінкі і сучкі на столі. Спачатку Праскоўя і ён вельмі баяліся, што дактары могуць адрэзаць руку, але ўсё абышлося — рана пакрысе зажывала.
«Не пашанцавала мне, — думаў Кузьма, — так не пашанцавала». Антон у горадзе, таксама хворы. Хоць бы слоўцам з ім перакінуцца... Ён папрасіў Івана Юшкова, каб той схадзіў у бальніцу, праведаў Антона. Збіралася пайсці, занесці што-небудзь з прадуктаў Праскоўя, але Юшкоў, схадзіўшы ў бальніцу другі раз, сказаў, што Антона там ужо няма.
— Дзе ж ён? — спытаўся Кузьма і адчуў, як затахкала сэрца. У горадзе тыфус, людзі паміраюць за адну ноч.
— Не бойся, — супакоіў яго Юшкоў. — Жывы твой брат. Уцёк некуды з бальніцы. А вось да цябе не зазірнуў, хоць я і прасіў яго.
Юшкоў спахмурнеў, звузіў чорныя вочы.
— Не крыўдуй на мяне, Кузьма, але я думаю так: не ў цябе ён удаўся, душа ў яго драбнаватая. З буржуямі, нябось, на з'ездзе цалаваўся, а да брата роднага і на парог не ступіў...
«Што ж з Антонам?» — думаў Кузьма.
Яму не хацелася верыць, што брат наўмысна не прыйшоў да яго. Нешта здарылася. Нешта затрымала Антона. Але што?
Кузьма глядзеў у столь, уздыхаў, і плячо пачынала балець мацней.
Неяк пад вечар у барак зайшоў Рылюк. Прынёс Сяргейку чорны касцяны свісток з гарошынкай усярэдзіне, Кузьму — кулёк яблыкаў. Праскоўя якраз была на рабоце, і Кузьма, моршчачыся, паспрабаваў узняцца, каб падаць госцю табурэтку.
— Ляжы, ляжы, — усміхнуўся Рылюк.
Ён сеў каля ложка, зняў шапку, на якой блішчалі сняжынкі, спытаўся:
— Калі пад ружжо станеш?
— Я хоць сёння гатоў, — таксама паспрабаваў усміхнуцца Кузьма. — Ды плячо маё нешта забаставала.
— На гэтым плячы ты яшчэ будзеш бярвенні цягаць, — сказаў Рылюк.
І тады Кузьма расказаў яму пра Антона. Пра ўсё
расказаў: і як гулялі, і біліся, і кароў пасвілі ў лузе. І пра тое, як нечакана сустрэў ён Антона на Беларускім з'ездзе. І як Антон не зайшоў да яго з бальніцы.
— Як вы думаеце, Міхаіл Андрэевіч, — хвалюючыся, спытаўся Кузьма, — можа такое быць, каб сыны аднаго бацькі, сыны мужыка-гарапашніка, ворагамі зрабіліся?
Ён глядзеў на Рылюка так, нібы ад яго адказу залежала далейшае Кузьмова жыццё.
— Ну навошта ж адразу — ворагі? — уважліва выслухаўшы, узняўся, пачаў хадзіць па пакоі Рылюк. — Можа, з Антонам нешта здарылася, можа, ён не знайшоў цябе і ў вёску падаўся. Горад жа для яго навіна — ён у ім, як іголка ў стозе сена. Ды ты і сам успомні, як упершыню ў горад прыехаў. Здаецца, усе наўкола шалёныя. Крычаць, бягуць, а куды бягуць — папытайся ў іх?
Ён змоўк, пагладзіў па галаве Сяргейку, што сядзеў на ложку са свістком у руцэ. Потым зноў загаварыў:
— А можа, і сапраўды, збіўся хлопец з дарогі. Нядобрыя людзі не ў той бок павялі. Дык што — адразу на ім крыж ставіць? Я не вялікі філосаф, Кузьма. Не было, чэсна сказаць, мне калі вучыцца. Але сёе-тое чытаў, людзей разумных слухаў, зараз ночы над кнігамі сяджу — час даганяю. І вось што я думаю. Чалавек, у душы сваёй, складаецца як бы з дзвюх палавін. У адной — мітусня жыцейская, клопаты, зайздрасць, нават жорсткасць. А ў другой — мудрасць, роздум і розум, чалавечнасць. Я так мяркую: нам, бальшавікам, трэба бачыць і цаніць у чалавеку перш за ўсё гэту другую палавіну, палавіну, якой ён да сонца павернуты.
Ён сам, здавалася, здзівіўся свайму адкрыццю, колькі хвілін стаяў моўчкі. На вуліцы ішоў снег. Праз невялікае акенца лілося ў барак сіняватае халоднае святло. Прарэзліва свіснуў у свісток Сяргейка. Рылюк схамянуўся, прагнаў з твару задуменнасць.
— На Беларускім з'ездзе, кажаш, брат твой быў? — ціха сказаў ён, павярнуўшыся да Кузьмы. — Там ён мог усяго наслухацца, там для Саветаў чорнай фарбы не шкадавалі. А ў хлопца душа маладая, нявопытная — мог паверыць. Прыгожымі размовамі пра радзіму, пра матчыну зямлю ў каго хочаш слязу з сэрца можна выбіць. Нацыяналісты, вядома, таксама любяць Беларусь. Але як? І якую Беларусь? Яны любяць Беларусь фальваркаў і хутароў, цэркваў і касцёлаў. Беларусь учарашнюю. І я, як беларус, не магу згадзіцца, не магу дапусціць, каб мой народ у іхніх руках зрабіўся народам-марыянеткай, каб яны на ягонай спіне ехалі ў рай... Нацыянальнае трэба сёння спалучыць, зліць з сацыяльным, з рэвалюцыйным. Беларускі народ заслужыў лепшай долі, і ён сёння змагаецца за яе. Крыўдна, калі твой брат акажацца палітычным дальтонікам, не зможа разгледзець, пад які сцяг стаць — белы ці чырвоны. Але я думаю, Кузьма, што ўсё будзе добра.