Выбрать главу

— Заўсёды. Аж пакуль у салдаты не забралі.

— Значыць, ты не ў горадзе нарадзіўся?

— У вёсцы нарадзіўся я, Сяргей. У Чмялях.

— А як жа ты тады мамку нашу знайшоў?

Разы са тры адпачывалі. Садзіліся на пянькі, на якіх мяккімі белымі падушкамі зіхцеў снег. Сяргейка ўпершыню быў у лесе, і кожнае дрэва, кожная галінка, кожны гук адразу ж запальвалі агеньчыкі ў яго сініх цікаўных вачах. Калі ўжо ўсплыло над лесам сонца, непадалёку ад дарогі яны пачулі частыя глухія ўдары.

— Што гэта? — увесь устрапянуўся Сяргейка.

— Зараз пабачыш, — усміхнуўся Кузьма.

Яны збочылі з дарогі, прайшлі па снезе крокаў дзесяць і выйшлі на невялікую паляну. Пасярод паляны дажывала век высокая гарбатая сухастоіна. Сяргейка ўзняў галаву і там, дзе пачыналіся ніжнія галіны, убачыў вялікую стракатую птушку. Спіна і галава ў яе былі чорныя, патыліцу перасякала вузкая чырвоная паласа. Моцным вёрткім хвастом птушка ўпіралася ў ствол дрэва, а дзюбай барабаніла па кары. Стукне некалькі разоў запар, потым адверне ўбок галаву, як бы прыслухоўваецца, і зноў пачынае біць дзюбай, нібы малаточкам. Птушка так захапілася, што нават не заўважала людзей.

— Хто гэта? — ціха, каб не спудзіць птушку, спытаўся хлопчык.

— Дзяцел. Лясны доктар... — таксама ціха адказаў Кузьма.

Калі зноў ішлі па дарозе, ён гаварыў:

— У нас тут, Сяргей, прыволле. Усякі звер ёсць. Ваўкі, дзікі, куніцы... Ласі бегаюць, як каровы. Ды што я кажу — ты ж яшчэ і карову жывую не бачыў.

Ранішні лес падараваў ім яшчэ адзін цуд — крыху ў баку ад дарогі, у зацішнай ямцы паміж карэнняў дзвюх старых вольхаў, яны ўбачылі зайца. Яны ледзь не наступілі на яго. Заяц ляжаў і спаў, соладка, мірна, як дзіця. Быў ён увесь снежна-белы, толькі кончыкі вушэй чорныя, нібы чым запэцканыя. Пукатыя яго вочы былі адкрытыя. Кузьма з Сяргейкам стаялі знямелыя і не дыхалі. Некалькі шчаслівых імгненняў працягвалася гэта. Потым зайца нібы хтосьці падкінуў угору. Ён перавярнуўся ў паветры, жалобна ўскрыкнуў — таксама, як дзіця, — і знік. Толькі ўзвілося воблачка снежнага пылу ды захісталася, захадзіла ў бакі галінка вольхі. І ўсё. Быццам не было зайца.

Яны пайшлі далей, усхваляваныя, шчаслівыя. Прырода падзялілася з імі, дарослым і малым, невялічкай сваёй таямніцай. Кузьма ішоў і адчуваў, як радасна звініць душа, быццам не зайца ён убачыў, быццам прамільгнуў перад ім чысты бессмяротны дух гэтага лесу, гэтай светлай раніцы.

Ужо сонца пачало схіляцца на вечар, як лес нарэшце расступіўся, і паказалася вёска. Запахла дымам. Данёсся адчайны і звонкі сабачы брэх. Кузьма аслабела сеў на снег, зняў з мокрай галавы папаху. Апошнія вярсты дзеє ён зноў нёс Сяргейку на плячах і вельмі стаміўся.

Ён не пайшоў адразу ў вёску, а звярнуў на могілкі. Яны былі засыпаны тоўстым пластом сінявата-белага снегу. Ручнікі на крыжах не варушыліся, скамянелі ад маразоў. Ніводнага чалавечага следу не было нідзе, толькі птушыныя сляды. Кузьма глядзеў на кволыя ланцужкі гэтых слядоў, і яму чамусьці здавалася, што гэта душы мёртвых людзей прымаюць тут, сярод снежнай пустэчы, воблік птушак, каб лётаць і хадзіць адна да другой у адведкі — з магілы да магілы. Нарэшце ён знайшоў месца, дзе ляжаў дзед. На попельна-шэрым палявым валуне было высечана: «ЗПРБ Радимович Игнатий Петров 1840-1917».

Літары былі няроўныя, крывыя, быццам іх высякала п'яная рука.

Хвалюючыся, сціскаючы ў сваёй руцэ Сяргейкаву руку, ступіў Кузьма на заснежаную вуліцу сваёй вёскі. Яна не змянілася. Усё было такое ж: хаты, стрэхі, старыя ліпы, сляды кароў і коней. Ён змяніўся болей, куды болей, чым яна, і ад гэтага ў сэрцы быў лёгкі сум, нейкая віна, нейкая трывога.

Але вось і змены. На нізкай, трошкі скрыўленай хаце, проста на вільчыку трапечацца самаробны чырвоны сцяг. Дрэўка сцяга выразана з арэхавага кійка. Такімі ж кійкамі аплецены гародчык каля хаты.

— Чыя гэта хата? — пачаў успамінаць Кузьма. — Здаецца, Сямён-артылерыст тут жыве...

Ён зайшоў на свой двор, стаў, супакойваючы сэрца. Хата была незамкнёная, значыць, нехта дома. Пад паветкай ляжала куча пасечаных бярозавых дроў, у калодзе тырчала сякера. Ён абвёў позіркам двор і ўбачыў, што няма стопкі. На яе месца снег замятаў чорную лапіну, валяліся свежыя бярвенні.

«Пажар быў у нас», — падумаў ён, уздрыгнуў і пайшоў у хату.

У хаце быў бацька, сядзеў на нізкім зэдліку каля акна, шыў хамут.

Бацька так і застыў: у правай руцэ — шыла, у зубах — дратва. Бацька ўсхапіўся, яны пацалаваліся, і стары ўсхліпнуў.

— Ну і герой ты, Кузьма, — казаў ён, выціраючы шырокай карычневай далонню вочы. — Так падрос, так паздаравеў. Увесь выліты дзед Ігнат-нябожчык.