У чырвоным войску служыш?
— У чырвоным, — адказаў Кузьма. — А дзе мама? Дзе Дзіна з Антонам?
— Маці з Дзінай пайшлі да Перуноўскіх. А Антон недзе ж у Мінску. На з'езд як паехаў, дык усё і няма.
— Дык ён яшчэ ў Мінску? — Кузьма спыніўся пасярод хаты. Значыць, Антона няма дома. Уцёк з бальніцы, не зайшоў да яго, Кузьмы, і недзе прапаў. Дзе ж ён? Ці не здарылася з ім што-небудзь?
Прахор тым часам шпурнуў пад ложак хамут, пачаў бразгаць каля стала чаркамі і толькі зараз убачыў Сяргейку, які сядзеў на ўслоне каля печы.
— А чый гэта хлопчык? — спытаўся ён у Кузьмы.
— Мой сын, — адказаў Кузьма і, разблытаўшы зледзянелыя завязкі, зняў у Сяргейкі з галавы шапку.
Прахор недаверліва глянуў на Кузьму, потым паглядзеў на Сяргейку, разгублена ўсміхнуўся:
— Дык нешта ж дужа вялікі. І на цябе не падобны. Не нашай, радзімовічаўскай, масці.
— Ён на майго суседа падобны, — пажартаваў Кузьма.
Тым часам — відно, нехта паспеў сказаць — у хату ўляцелі маці з Дзінай са слязамі, з радасным плачам. Маці абшчапіла Кузьмову шыю рукамі, цалавала яго, прыгаворвала:
— А мой ты сынок... А мой ты саколік... Вярнуўся... Дзіна таксама плакала. Гэтыя чыстыя добрыя слёзы самых родных на свеце людзей так расчулілі, так ускаланулі Кузьму, што ён прыкусіў губу, каб самому не заплакаць.
— Схуднеў, сынок, — казала маці, гледзячы яму ў твар светлымі стомленымі вачамі, у якіх успыхвалі слёзы. Здавалася, яна зараз гатова, як колісь малога, узяць Кузьму на рукі, насіць па хаце, спяваць яму пяшчотна, сумныя, забытыя — не, ніколі іх не забудзеш! — празрыстыя, як раса, песні.
Селі за стол. Кузьма ўжо сказаў, што ён ажаніўся з жанчынай-удавою, што яны жывуць у дружбе і згодзе і што вось гэты хлопчык — ягоны сын, Сяргейка. Дзіна адразу ўзяла Сяргейку на рукі, пачала шаптаць яму нешта на вуха. Сяргейка спачатку дзічыўся, глядзеў наўкола спалоханымі вачамі, але вельмі хутка ажыў, павесялеў, засмяяўся.
— Можна было б, сынок, і дзяўчыну ўзяць, — уздыхнула маці.
— Мама, мая дзяўчына — Праскоўя. Ніхто нас не зводзіў, самі сышліся і жыць будзем не горш, чым людзі, — сказаў Кузьма.
Ён ужо выпіў, лёгкі хмель ударыў у галаву, расцякаўся па целе. Засталася ззаду доўгая цяжкая дарога. Ён быў у роднай хаце, сядзеў за такім знаёмым, драўляным, таксама родным сталом і любіў усіх людзей, што сядзелі побач з ім, гаварылі з ім і глядзелі на яго. Ён зноў успомніў зайца, убачанага ў ранішнім лесе, і падумаў, што гэта добрая прыкмета, што ўсё будзе добра і сёння, і заўтра, і заўсёды.
— А Антон недзе, як валачобнік, сярод чужых людзей ходзіць, — усхліпнула маці.
— Трэба было не ехаць, — раздражнёна сказаў бацька. — Гаварыў я яму, прасіў: не едзь. Не паслухаў. Дзеці цяпер разумнейшыя за бацькоў.
Кузьма здагадаўся, што, сказаўшы гэтыя словы, бацька меў на ўвазе і яго, Кузьму. Адразу стала відаць, што Прахору не спадабаўся сынаў выбар.
Падумаць толькі: узяў удаву з дзіцем! Бацька шмат піў, усё болей цямнеў з твару, сказаў:
— Добрая ў Людвіка Перуноўскага дзеўка... Франя... І зробіць усё, і ў хаце прыбярэ... Іду па вуліцы, а яна мне: «Дзядзька, дзе ваш Кузьма служыць?» І сам Людвік гаварыў неяк: «Файны хлопец твой Кузьма...»
— Позна ўжо гаварыць пра гэта, — нахмурыўся Кузьма. — Нічога ўжо не перайначыш...
Але бацька не спыняўся, глянуў на яго з зацятасцю, нават злосцю:
— Не думаў я, што чужая птушка сядзе на мае вароты...
— Годзе пра гэта... — устаў з-за стала Кузьма. — Не будзем сварыцца, тата... Скажыце лепей, што ў вёсцы новага...
Дзіна ўзрадавалася — можа, мужчыны забудуцца пра спрэчку, — хуценька загаварыла:
— У нас тут, Кузьма, свой рэўком, свая Савецкая ўлада... Андрэй Бацюта за галоўнага. Ты яго не ведаеш. Ён з Бабруйска прыехаў, як цябе ўжо служыць забралі. З ім у рэўкоме Яўхім Сцепанюга, Рыгор Крыванос. І ведаеш, хто яшчэ? Мішка Сырамалот.
— Мішка? — здзівіўся Кузьма. — У яго ж вецер у галаве гуляў...
— Сырамалот гэты — сур'ёзны чалавек, — панавата ікнуў бацька — і тут усё-такі не прамінуў укалоць Кузьму.
У сенцах раптам затупалі, загаманілі. Дзверы шырока расчыніліся, і ў хату разам з белай марознай парай увалілася шумная вясёлая гурба людзей. Але што гэта былі за людзі! Твары ва ўсіх запэцканыя сажай, толькі зубы блішчаць; на плячах кажухі, вывернутыя воўнай уверх. Людзі трасуць доўгімі казлінымі бародамі з пакулля і жоўтага моху, хвастамі, зробленымі з пяньковых вяровак. У руках у людзей бубны, металічныя міскі з лыжкамі. Звон, гром, аж вушам балюча! Кузьма спачатку разгубіўся, але ўспомніў: каляды! Ён і сам калісьці калядаваў, хадзіў па хатах, начапіўшы на шапку доўгія казліныя рогі, якія дзед Ігнат прынёс з Запольцаў. Ён успомніў гэта, і адразу ў хаце быццам запахла снегам, марозлівым ветрам, што крамяніў тады яму шчокі.