Выбрать главу

— У раўкому ідзеш? — спытаўся дзед тоненькім, злёгку трэснутым голасам.

Кузьма кіўнуў галавой.

— Зачынена рэўкома, — бадзёра, як бы нават весела сказаў дзед.

Як ні прыгадваў Кузьма, хто гэты дзед, не мог успомніць. «Не наш нейкі», — падумалася яму. Дзед, быццам адгадаўшы яго думкі, смаркануўся ў снег, усміхнуўся, і аказалася, што ў яго няма пярэдніх зубоў:

— Бегунком тут мяне ўсе людзі клічуць. Бежанец я. Ад германца, ад кайзера рагатага з-пад самай Гродні ратуюся. Жонку згубіў, ботаў дзве пары стаптаў і вось аж сюды прыбег. Пры рэўкоме вартаўніком састаю. А закурыць у цябе тытуньку салдацкага не знойдзецца? Салодкі ў вас, у салдатаў, тытунёк. Я, як адступаў, шмат яго спаліў — усё салдаты частавалі.

— Я не куру, — сказаў Кузьма.

— Ты, відно, са сталавераў, — адразу спахмурнеў дзед. — З гэтых самых барадатых. Яны і не кураць, і не п'юць, і на кабет плююцца.

— Я чмялёўскі, — усміхнуўся Кузьма. — А дзе ж ваша начальства?

— Уся рэўкома ў маёнтак пайшла. Там нешта рабіць думаюць. А ты можаш да Бацюты Андрэя забегчы, яго самога пабачыць. Ён на краі вёскі жыве, каля бярозы дуплаватай.

Дзед па-вайсковаму ўскінуў шуфель на плячо, уздыхнуў, пэўна, шкадуючы, што размова так хутка скончылася. Калі Кузьма ўжо ладнавата адышоўся ад рэўкома, дзед крыкнуў яму наўздагон:

— Каля бярозы дуплаватай Бацюта жыве. А як будзе ў яго якое сумненне наконт цябе, скажы, што ты чалавек правераны, наш. Скажы, што з табой дзед Бегунок гаварыў. Гэта я, значыць...

Кузьма ішоў па вуліцы і ўсміхаўся сам сабе, успамінаючы дзіўнага гаваркога дзеда. Каля крайняй хаты спыніўся. Вось і бяроза з вялікім дуплом, што чарнее на ўзроўні чалавечага росту. Калісьці ён хаваў тут сопкія яблыкі, якія разам з Антонам нарваў ноччу ў садзе ў Кандрата Гаранка. У крайняй хаце, як ён прыпамінае, жыве Тэкля Гарбунова, салдатка. Значыць, гэты Бацюта альбо кватаруе ў яе, альбо жыве ў прымах. Кузьма асцярожна адчыніў лёгкія рыпучыя веснічкі, зайшоў на двор. Пад паветкай, спінай да вуліцы, моцны плячысты мужчына сек дровы. Быў ён у адной гімнасцёрцы. Валасы мужчыны, кароткія, цёмна-каштанавыя, зліпліся на галаве густою шапкай. «Бацюта», —здагадаўся Кузьма. Бацюта браў бярозавы чурбан, ставіў яго на «папа», прымерваўся і, шырока размахнуўшыся, з дзвюх рук біў цяжкай сякерай. Чурбан адразу развальваўся. Дрэва ўсярэдзіне, там, дзе рассякала яго жалеза, было асляпляльна белае, чыстае. «Прыгожа сячэ», — падумаў Кузьма, і яму самому, хоць яшчэ балела плячо, захацелася скінуць шынель, узяць у рукі сякеру.

Бацюта пачуў ягоныя крокі, азірнуўся. На жоўтых вусах ззялі кропелькі поту.

— Добры дзень, — павітаўся Кузьма. — Я да вас.. Я чырвонагвардзеец з Мінска. Радзімовіч Кузьма. Прыехаў дадому на лячэнне...

Ён змоўк, не ведаў, што яшчэ сказаць. Бацюта моцна паціснуў яму руку, падставіў бярозавы чурбан:

— Сядай, таварыш Радзімовіч.

Сам сеў насупраць Кузьмы, змахваючы з ляза сякеры кавалачкі дрэва.

— Вельмі добра, што не забыўся пра нашы Чмялі, — усміхнуўся ён, а потым спытаўся: — Антон Радзімовіч твой брат?

— Брат, — адказаў Кузьма.

— Вельмі ён нас падвёў, — нахмурыўся, пачаў грызці вус Бацюта. — Абяцаў, што не паедзе на Беларускі з'езд — ніхто ж яго туды не пасылаў, — а паехаў. Можна сказаць, зняважыў увесь наш рэўком.

Бацюту стала холадна. Ён узняўся, апрануў ватоўку, што вісела на крэглях. Дастаў з кішэні металічны грабянец і пачаў прычэсваць валасы. Рабіў ён усё спакойна, не спяшаючыся. Здавалася, усё тое, што ён робіць, прыносіць яму асалоду.

— Зялёны яшчэ мой брат, малады, — сказаў Кузьма, таксама ўзняўшыся з чурбанчыка. — Галаву яму нехта затлуміў. Але ён не можа быць нашым ворагам. Я яго добра ведаю.

— Іншы раз не вораг болей зла наробіць, — пачаў складваць пасечаныя дровы Бацюта і раптам спытаўся: — А колькі ж табе гадоў?

— Мне? Дваццаць адзін. Ужо дваццаць другі пайшоў.

Бацюта глянуў на Кузьму, усміхнуўся нейкім сваім патаемным думкам. Кузьма ўспыхнуў, сказаў, суха кашляючы:

— Я ўжо сямейны. Жонку маю і дзіця...

Яму падалося, што Бацюта пасміхаецца з ягонага маладога ўзросту.

— Ды ты нічога не думай, — здагадаўся Бацюта. — Каму ж за новае жыццё біцца, як не маладым? Я, як дваццаць два мне стукнула, першы раз у ссылку пайшоў. І сям'і не меў. І цяпер дзіцяці не маю...

Ён уздыхнуў, і Кузьму зрабілася няёмка.

— Заві мяне проста Андрэем, — сказаў Бацюта. — Мяне ўсе тут так завуць. Імя маё па бацьку цяжка выгаворваць. Арыстафанавіч я. Трэба ж было такое імя некаму прыдумаць. Ясна хто: поп прыдумаў. — Бацюта засмяяўся, паклаў Кузьму на плячо руку: — Надоўга ты да нас?