Выбрать главу

— На дзесяць сутак.

— Ладнавата. Возьмешся нашых хлопцаў ваеннай справе вучыць?

Кузьма разгубіўся:

— Які з мяне вучыцель? Сам увесь час ніжнім чынам быў.

— Затое порах нюхаў. — Бацюта глядзеў на яго ўжо сур'ёзна і строга. — Ты для нашых Чмялёў як Кутузаў. Тут ёсць у нас казак адзін. Гаршкоў Сцяпан, але жонку яго забілі, дык прыхварэў ён. Возьмешся?

Як ні адгаворваўся Кузьма, як ні прасіўся, але вымушаны быў згадзіцца. Цяжка было адмовіць такому чалавеку. Узрадаваны Бацюта адразу павёў яго ў маёнтак. Па дарозе размахваў рукамі, узбуджана гаварыў:

— Проста так паны нашы не аддадуць уладу, рай свой зямны. Будзе яшчэ заваруха. У нас у лесе банды закрыліся. Дваіх нашых гады паклалі. І легіянеры польскія рабуюць у вёсках. Доўбар, генерал іхні, пра нейтралітэт крычыць, а сам рукі грэе на бядзе народнай. А як у вас, у Мінску?

— У нас, як і ў вас, — паслізнуўся, схапіўся за Бацютаў рукаў Кузьма. — Страляюць контрыш. І мне ў плячо пеканулі...

Ён заўважыў, як спачувальна ўспыхнулі Бацютавы вочы, як асцярожна дакрануўся Бацюта да ягонай рукі, нібы пагладзіў яе. І гэта ўзрадавала яго. Ён адчуў, што Бацюта думае пра яго, як пра роўнага сабе, як пра таварыша.

— Полк наш, імя Мінскага Савета, на Гомель і на Бахмач пайшоў, — гаварыў далей Кузьма. — Супраць Украінскай рады біцца хлопцы будуць, супраць Пятлюры і яго гайдамакаў. А нашу роту пакуль што ў Мінску пакінулі.

— Справы і тут хопіць, — памаўчаўшы, сказаў Бацюта.

Над маёнткам палымнеў чырвоны сцяг. Апошні раз тут Кузьма быў гады чатыры назад. Разам з бацькам і аднавяскоўцамі скародзіў бульбу. Помніцца, загледзеўся тады, загаварыўся, і цяжкая жалезная барана, якую далі ў маёнтку, стукнула па назе, па вялікім пальцы. У вачах у Кузьмы пацямнела, ён сеў на зямлю і, абшчапіўшы нагу рукамі, заплакаў ад болю. Збегліся мужчыны. Бацька перапалохаўся, збялеў і пачаў прасіць у Гайкевіча, у аканома:

«Паночак, прывязі з маёнтка хлопцу вады доктарскай, зялёнай, пякучай. Палец змажам, а то шмат зямлі набілася ў кроў...»

«Ёду прывезці? — здзівіўся Гайкевіч. А потым зарагатаў: — Ён што ў цябе — паненка? Ці яго вучыць? Хай за куст захінецца і сваім ёдам рану прапалошча. Мужыцкі ёд таксама пякучы...»

Усё гэта ўспомнілася неяк міжвольна, неяк лёгка і спакойна, быццам адбывалася зусім з іншым чалавекам. Ён, і праўда, захінуўся тады за куст. І зноў пайшоў за бараною, кульгаючы, адчуваючы, як смыліць рана.

На двары маёнтка, каля новага флігеля, што сліпуча жаўцеў свежымі сасновымі бярвеннямі, працавалі людзі. У чатыры пілы пілавалі яны тоўстыя гарбатыя круглякі. Маладзейшыя хлопцы заўзята грукалі сякерамі, аж трэскі ляцелі ва ўсе бакі.

— Калядуем, — усміхнуўся Бацюта. — Дровы нарыхтоўваем, сабе і ў Бабруйск. Мяне ж хлопцы ка гадзінку адпусцілі былі, каб для сваёй Тэклі дроў накалоў...

Тонка звінелі пілы. Белае пахучае пілавінне асядала, як іней, на ногі і на рукі.

— Андрэй! — весела гукнуў нехта да Бацюты. — Нас бацюшка Буракоўскі не пракляў яшчэ, што ў божае свята робім?

— Ён на куццю добра павячэраў і зараз расол п'е, — пасмяяўся Бацюта. Пасля дадаў: — Хлопцы, хто стаміўся, пакурыце. А я папілую. Хто са мной?

— Я, — падышоў да яго Кузьма.

— Ты ж паранены. Пастой, пакуры, — ужо ўскладаў Бацюта на крэплі доўгую бярэзіну.

— Нічога. У мяне правая рука здаровая...

Кузьма расшпіліў шынель, потым, падумаўшы, зусім скінуў яго, узяўся за драўляную, гладка адпаліраваную ручку пілы. Яна была цёплая, грэла далонь.

— Ну, трымайся, салдат, — хмыкнуў Бацюта і пацягнуў пілу на сябе.

Піла была вострая, добра разведзеная, мякка ўваходзіла ў дрэва. Пілавінне вылятала з-пад яе бліскучых доўгіх зубоў спачатку як бы неахвотна. Але вось піла захадзіла ваўсю, заспявала, затрымцела, і пілавінне пасыпалася на снег лёгкім пухам. Там, дзе метал сутыкаўся з дрэвам, хуценька пабегла ўніз тонкая чорная палоска-шчыліна. Наткнуўшыся на сук, яна не адступала і не абыходзіла яго, яна злёгку замаруджвала свой бег, і тады Кузьма адчуваў, як у руцэ, нібы жывая, напінаецца, нервова ўздрыгвае піла. Ён тады яшчэ мацней сціскаў ручку, аж яна апякала далонь. Усё цела напружвалася, цвярдзела, новыя сілы нараджаліся ў ім.

— Добра, — шырока выдыхнуў Бацюта.

І Кузьма зразумеў яго. Добра было вось так, усёй душой і целам, цалкам аддацца працы, добра было натольваць голад мускулаў.

— Ух! — здаволіўся нарэшце Бацюта, кінуў пілу, поўнымі прыгаршчамі схапіў з зямлі снегу, пачаў церці спатнелы чырвоны твар. Ад поту ў яго дымілася спіна. Кузьма аслабела сеў на прэглі, выпрастаў ногі. Горача білася па ўсім целе кроў.