Выбрать главу

— Ды ці не Кузьма гэта Радзімовіч? — здзіўлена ўскрыкнуў раптам нехта з хлопцаў, што сядзелі на бярвеннях трохі воддаль і курылі.

Не паспеў Кузьма апамятацца, як да яго падбеглі, акружылі, пачалі тармасіць.

— Сырамалот! Міхал! — строга крыкнуў Бацюта. — Чалавек паранены, а вы вунь што ўздумалі...

Хлопцы адразу ж адпусцілі Кузьму. Мішка Сырамалот падаў Кузьме папаху, сказаў:

— А я думаю, што гэта за салдат сядзіць... Чмялёўскага быццам бы пакрою, а від ужо не наш, гарадскі. А ж гэта ты!

Хлопцы пачалі пытацца:

— Ці многа германцаў забіў?

— А кормяць добра?

— Ці праўда, Кузьма, што да салдатаў, як яны ў лазні памыюцца, дзевак водзяць?

Кузьма абводзіў позіркам знаёмыя і ўжо трохі забытыя твары, адказваў на пытанні, на моцныя поціскі, адчуваў, як перапаўняе душу радасць. Як падраслі, пасталелі хлопцы! Вунь Мікіта Сцепанюга на цэлую галаву над усімі ўзвышаецца. А Мішка Сырамалот дык стаў драбнейшы, схуднеў, але такія ж гарачыя ў яго вочы, і вусы адгадаваў, толькі не цёмныя, не русыя, як валасы на галаве, а нейкія чырванаватыя.

Хлопцы насядалі на Кузьму:

— Праўда, што нямецкі штык не такі, як рускі? У немцаў — цясак...

— А з дзірыжабля на вас бомбы кідалі?

— Цішэй вы, пеўнікі! — спыніў іх Бацюта. — Пра дзевак яшчэ пагаворыце. Кузьма — чалавек сур'ёзны. Ваеннай справе вучыць вас будзе, рукапашнаму бою.

— Няўжо?! — узрадаваліся хлопцы. — Калі пачнём?

Падышлі і дарослыя мужчыны. Здароўкаліся з Кузьмой, таксама пачалі распытваць, але больш пра новую ўладу, пра бальшавікоў, пра гарадскія цэны і тавары.

— Нас таксама будзеш вучыць ваяваць, — сказаў Яўхім Сцепанюга.

Усе, асабліва маладзейшыя, зноў загаманілі, заспрачаліся, калі трэба займацца атраду — раніцай ці ўвечары, ці хопіць на ўсіх зброі, ці можна будзе страляць.

— Табе баба лепш за вінтоўку па вуху стрэліць, — скасавурыўся ратам на Яўхіма Сцепанюгу Людвік Перуноўскі. Той злосна засіпеў, пагрозліва развёў рукі:

— Ты ведаеш? Ты бачыў? Патрон ты халасты!

І раптам нехта крыкнуў:

— Глядзіце, хто сюды ідзе!

Усе сціхлі, азірнуліся і ўбачылі Лаўрэна Лапыцьку. Ён павольна ішоў да флігеля, трымаючы ў адной руцэ сякеру, у другой — кошык. Ён быў у новых лапцях, у чыстых белых анучах. Падышоў бліжэй, павітаўся з грамадой, павярнуўся да Бацюты:

— Якая ёсць, Андрэй, тутака работа?

Усе ўбачылі, як адразу пасвятлеў з твару Бацюта, абцягнуў на сабе ватоўку, паціснуў Лапыцьку руку і сказаў:

— Работа, Лаўрэн, няцяжкая. Дровы пілуем...

— То і я сякерай сваёй пастукаю...

Лаўрэн паставіў на зямлю кошык, пачаў прыцэльвацца вокам да чурбанчыкаў — які б узяць калоць. Знайшоў, спрытна махнуў сякерай.

«Ну і цуд, — дзівіліся кожны сам сабе чмялёўцы, — Лаўрэн прачнуўся...»

А ён, не зважаючы ні на кога, махаў з-за вуха, толькі трэскі ляцелі.

— Ты што, дзядзька, за кароўку адрабляеш? — спытаўся нарэшце Мішка Сырамалот.

Лаўрэн разагнуўся, глянуў на свайго кватаранта, нібы ўпершыню яго ўбачыў. І адказаў спакойна:

— За дабро, Міша, людзям плачу...

— А кошык навошта прынёс? — не здаваўся Мішка.

— Можа, трэсак трохі вазьму... У печы будзе чым падпаліць.

— Возьмеш, Лаўрэн, возьмеш, — загаманілі разам і Андрэй Бацюта, і Яўхім Сцепанюга. — Мы табе і дроў дадзім.

Бацюта весела падміргнуў Кузьму, зноў узяўся за пілу. Кузьма адчуваў, што Бацюта нечым дужа задаволены, і радасць ягоная перадаецца не толькі людзям, што працуюць наўкола, але і піле. Піла хадзіла хутка, роўна, лёгка.

Рабілі аж да змяркання. Напілавалі і насеклі гару Дроў.

— Заўтра, хлопцы, складзём, — стомлена махнуў рукой Бацюта. — Сёння ўсё-такі каляды...

Ён часта і глыбока дыхаў, па звычцы, белымі шырокімі зубамі грыз вусы. Пакурылі, седзячы на халодных бярвеннях. Пачынаў шчыпаць лёгкі марозік. Над белай зямлёй вісела маўклівае чорнае неба. Раптам у небе, у недасяжнай і неабдымнай вышыні, успыхнула і пакацілася бледным залатым шарыкам зорка. Яркі вогненны шнур перасек амаль палову неба і знік, патух, быццам абарваны нечай дужай рукой. Цемра яшчэ больш пагусцела.

— Памёр нехта, — ціха сказаў Лаўрэн Лапыцька.

— Чаму памёр? — разводзячы ў бакі рукі, пацягнуўся Людвік Перуноўскі. — Проста ў божым садзе нехта залаты яблык збіў.

Усе засмяяліся.

— Ці не ты гэта богаву яблыню трос? — пакпіў Яўхім Сцепанюга, бо быў сёння злосны на Людвіка.

Той не паспеў адказаць, таму што Мішка Сырамалот раптам падскочыў з бервяна: