Выбрать главу

Кузьма ўздыхнуў, загнаў у хлеў карову з цялушкай, выйшаў на вуліцу. Увечары зноў будуць заняткі дружыны. Хочацца яму гвардзейцаў сваіх праверыць у паходзе — з поўнай баявой выкладкай, вёрстаў так на дзесяць спачатку. Толькі б Бацюта згадзіўся. Так і рванулі б па лесе, па балоце, па снежным цаліку. Што гэта за салдат, які паходаў баіцца?

Ён трохі пахадзіў па вуліцы каля свайго двара. Падышоў да плота, пакратаў колікі. Хістаюцца. Ясна — нейкія падшыванцы летам лазілі ў слівы, што растуць уздоўж плота. Узяўшы з клеці сякеру і цвікі, насечаныя з тоўстага дроту, Кузьма пачаў прыбіваць колікі. Так захапіўся работай, што і не заўважыў, як ззаду падышоў Людвік Перуноўскі.

— Здароў, зяцёк, — павітаўся Людвік.

— Здароў, дзядзька, — адказаў Кузьма і пажартаваў: — Толькі я ўжо замужам..,

Людвік усміхнуўся:

— Са святам цябе.

— З якім?

— Як — з якім? З новым васемнаццатым годам.

— А-а... І праўда. Дзякуй, што напомнілі. Два дні ўжо жывём.

— І які, думаеш, будзе год? Добры? — Людвік усё чамусьці хацеў глянуць Кузьме ў вочы. Але Кузьма, трымаючы ў зубах цвік, другі забіваў у колік і таму прыгнуўся.

— Дык добры будзе год? — не сунімаўся Людвік«

— Я не цыганка, каб адгадваць. Але думаю, што ўсё будзе добра. Ад нас гэта залежыць, дзядзька.

— І я так думаю, — адразу згадзіўся Людвік і, перамяніўшы голас, спытаўся: — Чаму ў госці да мяне не заходзіш? Госця гары гэтай самай дзежачку закруціў...

— Ды ўсё часу няма... — нарэшце разагнуўся, глянуў на яго Кузьма.

— Заходзь. Агата мая будзе радая, — Людвік тыцнуў яму сухую руку і борздзенька пашыбаваў па вуліцы. Кузьма зняў папаху, трохі пастаяў з непакрытай галавой, каб астыць. Чамусьці ўспомнілася, як Франя на каляды налівала ў чаркі гарэлку, як паглядзела на яго.

Ён хацеў ужо ісці ў хату, але яго паклікалі:

— Кузьма!

З завулка, хістаючыся, выходзіў Цімох Белазор. Яго рыжыя густыя вусы ваяўніча тырчалі ўгору, кажух быў расшпілены. Відаць было, што Белазор паспеў недзе добра прыкласціся да бутэлькі.

— Здароў, Кузьма... — палез ён цалавацца, але Кузьма выставіў наперад рукі, і цёплымі вільготнымі губамі Белазор тыцнуўся яму ў далонь. Гэта пакрыўдзіла Белазора.

— Што, хіба Канчанбал не чалавек? — схапіўшыся рукой за плот, каб не паваліцца, спытаўся ён.

— Чалавек, — адказаў Кузьма. — Толькі п'яны.

— А я ў Гаранка піў. Ты ведаеш, хто такі Гаранок? У яго грошай, як у Сымонавай Тэклі вяснушак, — не палічыць. Ён можа ўсе Чмялі купіць, калі захоча.

— Ну і каго ж ён купіў, Цімох? Цябе?

Кузьма сказаў гэта наўмысна спакойным роўным голасам, хоць яму не цярпелася збіць з Белазора п'яную Фанабэрыстасць. Белазор глянуў на яго няўцямна, але ўсё-такі зразумеў сэнс сказанага. Ён чамусьці пераклаў з кішэні ў кішэню пустую бутэльку, у рыльцы якой тырчала мокрая папяровая затычка, а затым паківаў брудным пальцам:

— Ой не бяры завысака, Радзімовіч... Невядома, дзе хто сядзе...

Кузьма маўчаў. Ён пачуў, як пад паветкай, дзе толькі што рыпелі вяроўкі, нехта слаба ўскрыкнуў, і наступіла цішыня.

— Не будзеш піць са мною? — адарваўся ад плота Белазор.

— Не буду.

— Ну і не трэба. Многа гонару... — Белазор пайшоў, хістаючыся, па вуліцы, заспяваў п'яным аслабелым голасам:

— Бачыш, братка, як гарую — З аднае карчмы ў другую...

А па двары да Кузьмы ўжо беглі дзеці. Як паваленае дажджом і ветрам калоссе, зблытваліся іхнія спалоханыя галасы:

— Дзядзечка...

— Там вяроўка...

— Сяргейка ўпаў...

Кузьма адчуў, як пахаладзелі ногі, ірвануўся пад паветку. Яшчэ матлялася абарваная вяроўчына. На зямлі, на стаптаным снезе, ляжалі начоўкі, дном уверх, і ён выразна ўбачыў доўгую глыбокую шчыліну ў цёмным дрэве. Сяргейкі нідзе не было.

— Дзе Сяргей? — спытаўся ў хлапчукоў Кузьма. Яны разгублена і спалохана глядзелі на яго. І тут

Єн здагадаўся: Сяргейка пад начоўкамі, — калі ўпаў, яны накрылі яго, як накрыўка. Кузьма адкінуў начоўкі. Сяргейка ляжаў на зямлі, скурчыўшыся, згарнуўшыся ў камячок, здаецца, не дыхаў. Кузьма схапіў яго на рукі, з-пад паветкі вынес на двор, адтуль — у агарод. Паклаў на зямлю, браў снег і цёр хлопчыку лоб і шчокі. Але вочы не адкрываліся. Толькі глыбокая рэзкая маршчына цямнелася чуць вышэй рыжаватых броўкаў. Кузьма спалохаўся, дрыжачымі рукамі расшпіліў Сяргейку світку, потым кашулю, паклаў снегу на вузкія цёплыя грудзі.