Увесь час яго не пакідала ліхаманкавая думка, што ён робіць не тое. «Што ж гэта такое? — захлынаўся ён ад роспачы, — Дзіця памірае, і нічым нельга памагчы...» Ён успомніў, як у шпіталі вайсковы доктар вучыў іх рабіць штучнае дыханне. І ён пачаў узнімаць Сяргейку рукі, а потым рэзка іх апускаць. Рукі былі мяккія, бяссільныя.
Нарэшце малы расплюшчыў вочы, прашаптаў:
— Мамка, дзе ты? Галава баліць...
Кузьма ледзь не заплакаў ад радасці. Ён узяў хлопчыка на рукі, туліў да грудзей, насіў па агародзе. Ногі правальваліся глыбока ў снег.
— Мамка... — зноў заплюшчыўшы вочы, гаварыў Сяргейка. — Куды ты пайшла?
Выбегла на двор Дзіна, узяла хлопчыка, панесла ў хату. Кузьма пайшоў пад паветку, узяў начоўкі, каб закінуць іх на гару. І тут яго крануў за рукаў адзін з Людвікавых унукаў, прашаптаў:
— Дзядзечка, я ведаю... Я бачыў, як Агапчын Віця вяроўку развязваў...
Вочы ў хлопчыка былі насцярожаныя.
Кузьме не верылася ў такое. Ён падышоў да Віці:
— Ты навошта вяроўку кратаў?
Віця глянуў на яго, спалохаўся і заплакаў:
— Дзядзька Кузьма, я не хацеў... Мяне дзед падвучыў.
— Які дзед?
— Дзед Прахор... Кажа: «Зрабі, каб гэты руды добра шмякнуўся. А я табе поўную шапку арэхаў насыплю». Я і адвязаў вяроўку... зубамі...
Віця гаварыў павольна, заікаўся на кожным слове. А потым, убачыўшы, што Кузьма не збіраецца яго біць, вышмыгнуў з двара на вуліцу. За ім пайшлі і ўнукі Перуноўскага. Кузьма застаўся адзін. «Ну бацька, — ускіпеў ён, — не ведаў, што ты такі! На дзіця руку падняць. Што яно табе — дарогу перайшло? Ці ў вядро з вадою плюнула? Малое, неразумнае яшчэ дзіця, ды каб такое супраць яго зрабіць... Воўчае сэрца трэба мець!»
І ўсё-такі ён вырашыў не сварыцца з бацькам. Навошта? Заўтра ж разам з Сяргейкам яны пойдуць у маёнтак. Там чатыры ночы, што засталіся, пераначуюць. Бацюта з Мішкам Сырамалотам месца знойдуць.
Маці, як даведалася, заплакала:
— Што ты надумаў, сынок? Ці мы цябе выганяем? А божа ж мой: з бацькавай хаты па людзях пойдзе.
Кузьма схітрыў:
— Там, мама, з Бабруйска якраз доктар прыехаў, — нешта Бацюта яго запрасіў — дык ён і Сяргейку заадно паглядзіць, палечыць трохі. А мы да вас кожную раніцу па малако хадзіць будзем...
Нарэшце маці згадзілася:
— Ну, добра... Ідзіце... А мы з Дзінай да Еўкі ў Запольцы сходзім. Вады Сяргейку нашэпча.
Толькі бацька маўчаў, крышыў у запечку тытунь.
У той жа дзень Кузьма з Сяргейкам перабраліся ў маёнтак. Бацюта прывёў іх у новы флігель, сказаў Сцяпану Гаршкову:
— Двух казакоў табе прывёў. Сустракай.
Гаршкоў, бледны, з абвязанай ручніком шыяй, ляжаў на ложку. Узняўшыся, абапёршыся на локаць, скупа ўсміхнуўся:
— Распранайцеся. Калі змерзлі, можаце на печы паспаць.
Сяргейка спачатку хмыкнуў:
— Хачу да цёткі Дзіны. Там карова рагатая. Там мы з хлопцамі пойдзем снегіроў лавіць.
Але Гаршкоў вельмі хутка яго ўгаварыў.
— Бачыш, вунь шабля вісіць на сцяне, — сказаў Гаршкоў. — Мы з табой вастрыць яе будзем. Як навострым, сядзем на каня — у мяне і конь ёсць — і паедзем. Ты будзеш кавалерыстам. За маёнткам, каля рэчкі, вербалоз расце. Будзем яго шабляй, як карнілаўца, секчы.
— Як карнілаўца? — перапытаў Сяргейка. — А хто гэта такі?
— Гэта цяжка расказаць, — уздыхнуў Гаршкоў. — Ёсць гад такі печаны...
Назаўтра, ледзь толькі развіднела, Кузьма ціха апрануўся, узяў торбачку з ежай, якую прынесла Дзіна. Сяргейка яшчэ спаў. Гаршкоў таксама ляжаў пад коўдрай, але расплюшчыў вочы, глянуў на Кузьму.
— Пойдзем з хлопцамі лесам пад Бярозу, — сказаў Кузьма. — Заўтра раніцай вернемся. Паглядзі, братка, малога, каб не плакаў.
— Ідзі спакойна, — шапнуў Гаршкоў; вочы ў яго былі сумныя.
У паход рушыла чатырнаццаць чалавек, Кузьма — пятнаццаты. Засталіся ў Чмялях Бацюта, хворы Гаршкоў, Мішка Сырамалот са сваімі хлопцамі. Мішка заўтра абяцаў паказаць усёй вёсцы «спектаклю», і трэба было падрыхтавацца, каб усё было да ладу.
Наперадзе атрада ішоў Пятро Чыжэвіч са сцягам. За ім, стараючыся патрапляць у нагу, дружна крочылі астатнія. Кузьма, як камандзір, трымаўся з боку калоны, камандаваў усхваляваным голасам:
— Аць-два — левай! Аць-два-а...
Уся вёска выйшла на вуліцу. Хлапчукі з вясёлай гаманой беглі ўслед за атрадам. Старыя смакталі жоўтыя ад часу піпкі, гаварылі: