Выбрать главу

— Добра ідуць, паганцы...

Калі параўняліся з хатай Перуноўскага, да Людвіка, што ішоў, горда трымаючы вінтоўку, кінулася жонка Агата:

— Людвічак, пачакай!

— Не паложана, Агата, — строга павёў вачыма Людвік. — Бачыш, я чалавек страявы.

— Дык вазьмі з сабой на дарогу, — Агата працягвала яму нейкі клунак.

— А што тут?

— Гладышык. З сыраквашай гладышык. Як жывот забаліць, пап'еш...

Атрад дружна, як па камандзе, зарагатаў. Зарагатаў і Пятро Чыжэвіч, і сцяг закалаціўся ў ягоных руках. Засмяяўся Кузьма. Толькі адзін Людвік злосна плюнуў сабе пад ногі, адвярнуўшы твар ад жонкі, патупаў далей па снежнай дарозе.

Агата стаяла разгубленая, прыціскаючы да грудзей гладышык, і гаварыла ўслед атраду:

— Дык ты ж, Людвік, любіш кісленькае...

Перад самым лесам Чыжэвіч, каб не чапляцца сцягам за галіны, згарнуў яго, абвязаў вяровачкай. Ішлі ўжо не ў нагу, весела гаманілі, успаміналі Агату з яе гладышыкам. Кузьма загадаў ісці рассыпным строем. Яму перадаўся вясёлы настрой людзей. Ён падскочыў, схапіўся рукою за галіну елкі, тузануў яе. Серабрысты мяккі снег пасыпаўся на ўсіх. Яўхім Сцепанюга, якому снег заляпіў твар, стаяў, усміхаўся.

— Маладзенькі ты яшчэ, Кузьма...

Ішлі да самага абеду. Некаторыя ўжо стаміліся, пачалі прасіць:

— Давай перакурым...

Але Кузьма і слухаць не хацеў.

— Ранавата яшчэ. Яшчэ вярсты са дзве, хлопцы, пройдзем.

Хлопцы, унурыўшы галовы, ішлі далей. Кузьма разумеў, пра што яны зараз думаюць. Пэўна, клянуць сябе, што згадзіліся ісці. Сядзелі б дома, і ногі біць не трэба было б. А зараз ужо не павернеш назад, не захныкаеш — сорамна перад суседзямі.

— Прывал! — скамандаваў нарэшце Кузьма.

Усе радасна ўздыхнулі, выбралі невялікую ўтульную палянку, пачалі на ёй раскладваць вогнішча. Хуценька назбіралі сухога ламачча, утапталі пасярэдзіне палянкі снег, і праз колькі часу зашугала гарачае, светлае ў цемры лесу, полымя.

Кузьма, як і ў сапраўдным вайсковым атрадзе, выставіў дазор. У дазор, закурыўшы, пайшлі Людвікавы сыны. Зброю хто трымаў у руках, хто прысланіў да дрэва. Кузьма загадаў паставіць вінтоўкі ў козлы. Развязалі торбачкі, моўчкі пачалі есці.

— Раз мы адно войска, то і есці трэба агулам, — сказаў Сцепанюга.

Усе адразу згадзіліся. Проста на снег у адну кучу склалі, хто што меў: хлеб, сала, яйкі, кілбасу.

— А чаму ты, Людвік, свой гаршчочак не паставіў? — хітра спытаўся Чыжэвіч.

Зноў грымнуў рогат.

— От дурніца, баба, — смяяўся і сам Перуноўскі. — Трэба ж такое прыдумаць... Далібог, не ўжываю я сыраквашу. Толькі пастаялку салодкую п'ю... Нейкае зацьменне ў маёй Агаты сёння.

Шумеў над галовамі лес, і ўсе пакрысе змаўкалі, сцішваліся, слухалі журботную гамонку дрэў. Была ў лясным шуме нейкая жалоба і нейкая трывога, быццам хацеў лес аб нечым папярэдзіць людзей. З яловых лапак, на якія натыкаўся цёплы сіні дым вогнішча, ападаў снег. Лапкі тады ўздрыгвалі, выпростваліся: няйначай, ім здавалася, што скончылася зіма.

— Пад'ём! — скамандаваў Кузьма.

Зноў пайшлі па светлым зімовым лесе. Пасля адпачынку ісці было лягчэй і весялей. Маладыя хлопцы галёкалі, і рэха праз колькі часу прыносіла назад іхнія галасы.

— Трэба пастраляць, а то так і да Бярозы дойдзем, — прапанаваў Людвік Перуноўскі.

Усе падхапілі:

— Пастраляць... Пастраляць трэба-

— Давай, Прахоравіч, — сказаў нарэшце і Сцепанюга. — Сцямнеецца ж хутка...

Кузьма маўчаў, выбіраў месца, дзе можна было б павучыць людзей страляць. Нарэшце выйшлі на шырокую балоцістую лугавіну, якая зрэдку парасла старымі вольхамі.

— У што будзем страляць? — спытаўся Кузьма.

Усе азірнуліся наўкола. Ніхто нічога не прыдумаў.

— Давайце вунь на тую алешыну павесім маю шапку, — сказаў Людвік. — Усё роўна, як я вяртаўся з хрэсьбін ад Валадкевіча, яе свіння пажавала.

— Цёпленькі ж ты тады быў, — буркнуў ягоны сын Росця.

Павесілі на вольху шапку, адлічылі пяцьдзесят крокаў.

— Хто з вас страляў? — пацікавіўся Кузьма.

Усе сказалі, што гэта справа ім вядомая, нават маладыя хлопцы.

Толькі Яўхім Сцепанюга злёгку пачырванеў:

— Я, Прахоравіч, з рагаткі страляў...

Кузьма спачатку сам паказаў, як трэба страляць: моцна прыціскаць да пляча прыклад, прыцэльвацца. Потым стралялі ўсе — кожны па адным патроне.

— Вока заплюшчым. Не спяшайся... Рэзка не націскай, — казаў Кузьма, і калі гучаў стрэл, нават не дыхаў, быццам баяўся, што сваім дыханнем можа перашкодзіць. Адстраляўшыся, падбеглі да вольхі і налічылі ў шапцы дзесяць дзірак.

— Чатыры прамазалі, — уздыхнуў Кузьма.

Вядома, нельга было даведацца, хто прамазаў. Але кожны ў душы лічыў, што як хто, а як куля зрабіла дзірку ў Людвікавай шапцы. Толькі Сцепанюга шчыра сказаў: