Выбрать главу

— Напэўна я, хлопцы, трохі не туды стрэліў...

— А я проста ў цэнтру ўляпіў, — задаволена разглядаў Людвік сваю, падобную на рэшата, шапку,

— Адкуль ты ведаеш? — спыталіся ў яго.

— Як жа гэта я ў сваю шапку не траплю? Я яе, лічы, дванаццаць гадоў на галаве цягаю...

Зімовы дзень канчаўся. Сонца, чапляючыся за верхавіны дрэў, садзілася ў густую яркую чырвань. Быць, значыць, заўтра марозу. Заначавалі на глухім лясным хутары. Гаспадар нанасіў з пуні саломы, і ўсе ўпокат ляглі на падлозе. Шумеў за сцяною лес, датлявала ў святцы лучына, і сон апусціўся на хату, быццам накрыў яе мяккай чорнай пасцілкай. Чатыры разы за ноч мяняў Кузьма вартавых, дый сам нарэшце не вытрымаў — заснуў. j.

Але пад самую раніцу, калі сон асабліва салодкі, яго асцярожна пакраталі за плячо. Ён спуджана ўсхапіўся, быццам і не спаў. Гаспадар хутара, выставіўшы ўперад руку з ліхтаром, схіліўся над ім. Побач стаяў Пятро Чыжэвіч.

— Што такое, хлопцы?

Кузьму падалося, што хутар узяла ў сіло якая-небудзь банда, што вось-вось загрымяць за акном стрэлы. Ён раздражнёна адпіхнуў ад сябе руку з ліхтаром:

— Ды не свяці ты ў вочы.

— Хадзем за мной, даражэнькі чалавек, — тонкім жаночым голасам сказаў хутаранін, нічуць не пакрыўдзіўшыся на Кузьму.

З цёплага памяшкання яны выйшлі на мароз, на калючы пранізлівы вецер. На цёмным небе ўжо няўлоўна разлівалася ранішняя бель. Але яна была малюсенькім кволым парасткам, якому яшчэ прабівацца ды прабівацца праз маўклівую тоўшчу зімовай ночы.

— Хадзем за мной, — сагнуўшыся, тупаў наперадзе хутаранін. Бляск ад ліхтара, круглы і жоўты, скакаў у яго пад нагамі. Хутаранін ішоў, выставіўшы ўперад руку з ліхтаром, і водбліск здаваўся мітуслівым рыжым пеўнем, якому ён сыпле зерне. Па хрумсткім звонкім снезе яны перайшлі двор і, сагнуўшыся, увайшлі ў клець.

— Вось... — адно толькі слова сказаў хутаранін і ўзняў над галавой ліхтар. Кроках у трох перад сабой на рассунутай паўкапе сена Кузьма ўбачыў чалавека, які ні то ляжаў, ні то сядзеў, скруціўшыся абаранкам, абшчапіўшы галаву рукамі. Чалавек ад святла, ад людской гаманы рэзка ўздрыгнуў, нібы яго ўдарылі, і плячамі, здаецца, уплішчыўся ў сцяну, закалаціўся, засланіў твар бруднымі скалелымі рукамі. Адно яго вока, вялікае, вёрткае, напружана сачыла праз пальцы — ледзь не вывальвалася на шчаку — за кожным рухам тых, што ўвайшлі ў клець. Нечалавечы, неадольны страх быў у гэтым воку.

— Не забівайце мяне! — дзіка заенчыў чалавек і

пачаў з галавою зашывацца ў сена, быццам там быў ягоны паратунак. Рабіў ён гэта хутка, сутаргава і ліхаманкава.

— Усю кроў гарэлкай атруціў... Гарачка ў яго, — сказаў Пятро Чыжэвіч. — Ды хіба ты не пазнаеш, Кузьма? Гэта ж Баўтрук, бандыцкая костка.

Цяпер Кузьма і сам пазнаў. Дык вось хто, як восеньскі ліст, калаціўся-трымцеў перад імі на сене, хацеў зрабіцца казюркай, травінкай, пясчынкай, абы толькі яго не ўбачылі. Ён, відно было, зрабіўся б, каб мог, кратом і тачыўся б у зямлю, далей ад людскіх вачэй і галасоў.

— Не біце мяне бязменам! — зноў крыкнуў Баўтрук і пачаў сыпаць сабе на галаву сена.

— Ужо месяц, як у мяне тут сядзіць, — ціха тлумачыў Кузьме і Чыжэвічу хутаранін, палахліва пазіраючы ка Баўтрука. — Прыйшоў неяк ноччу. Галава ў крыві... І, ледзь вочы прадзярэ, — нясі яму гарэлкі. А не прынясеш — кулю ў кішкі ўсадзіць...

— А ты ведаеш, што ён вораг Саветам, што ён людзей паліў? — рэзка спыніў яго Кузьма.

Ён пачаў калаціцца і ад марозу, і ад хвалявання, і ад злосці, што раптам успыхнула ў грудзях. Хутаранін нічога не адказаў, згорбіўся, часта дыхаў.

— Ён і сам бандыцкі падгалосак, — злосна сказаў Чыжзвіч і стукнуў прыкладам вінтоўкі аб сцяну.

— Што вы, браточкі? — залямантаваў хутаранін. — Не быў я з імі... Хай язык адсохне, калі хлушу. Гэты ж во, — рукой з ліхтаром ён тыцнуў у бок Баўтрука, — пад стрэльбай мяне прымусіў хаваць яго. Дзетак маіх, казаў, пастраляе. Ды і як ён у мяне тут хаваўся? Сядзеў, як ліса пад бараною.

— Ой, не забівайце! Не біце бязменам! — раптам нема крыкнуў Баўтрук і, распіхнуўшы ўсіх, кулём выкаціўся на двор. За ім ірвануліся Кузьма з Чыжэвічам. іЧыжэвіч ужо прыціскаў да пляча прыклад вінтоўкі. А Баўтрук схапіў драбіны, што стаялі на двары каля клеці, прыставіў іх да ліпы і палез, хуценька пабег уверх, на дрэва. Усе аслупянелі ад нечаканасці і здзіўлення. У Чыжэвіча звалілася з галавы шапка. Баўтрук ужо быў на самай макаўцы старой ліпы. «Так каты ратуюцца ад сабак...» — падумалася Кузьме, і ў тое ж імгненне Баўтрук нешта крыкнуў, адрывіста, дзіка-спалохана, і, растапырыўшы рукі, ломячы голле, цяжка паляцеў уніз, на востры дубовы паркан.