— Гатоў, — сказаў Чыжэвіч, калі яны ўсе трое падышлі да Баўтрука, што нерухома, звіўшыся клубком, ляжаў каля паркана.
Усе маўчалі. Так нечакана канчалася гэта доўгая зімовая ноч.
— Закапаеш яго дзе-небудзь у лесе, — сказаў Кузьма хутараніну.
Ад хвалявання моцна тахкала сэрца.
— А божачка мой, — спалохана хрысціўся хутаранін. — Гэта ж трэба такое...
Ён зноў схадзіў у клець, знайшоў там рыдлёўку, завязваў вузлом вяроўчыну на санках. Потым, калі трохі астыў, ікаючы, расказваў Кузьму:
— Ведаў я яго трохі. Нашы бацькі на хутарах каля Бярозы суседзілі. Дык бацька ягоны, Піліп Баўтрук, калі сын угневае чым-небудзь, садзіў яго ў пустую бочку. Вялікая ў іх такая бочка была. Дзень, бывала, сядзіць у той бочцы, а то і два. Без вады і без скарыначкі. І не вылезеш — бочка высокая, гладкая. А гадоў тады яму было пяць ці шэсць...
— Не вадзіўся ты, значыць, з бандытамі? — спыніў яго Кузьма. — Ну, добра. Праверым дні праз два. Цяжка будзе, калі хлусіш.
— Чысты перад вамі, як на споведзі, — перахрысціўся хутаранін.
— Праверым. Вязі гэтага... — Кузьма згроб у жменю камяк снегу, прыклаў да лба.
На світанні пашыбавалі ў бок Чмялёў. З цяпла, разагрэтыя, на ранішнім вострым марозіку ўсе пагорбіліся, скурчыліся, глядзелі толькі сабе пад ногі.
— Бягом! — скамандаваў Кузьма.
Праз якой паўгадзіны стала ўжо горача, ды так, што хацелася скінуць з сябе верхнюю вопратку. Сонца ўзнімалася вышэй у небе, і яны ўсё бліжэй падыходзілі да свае вёскі. Заставалася вярсты паўтары — дзве. І раптам Яўхім Сцепанюга, што ішоў наперадзе, спыніўся, узняў уверх руку:
— Стойце, хлопцы... Чуеце?
Праз шум лесу, праз біццё разагрэтых сэрцаў усе пачулі рэдкія траскучыя гукі: быццам нехта браў на калена сухія арэхавыя кійкі і ламаў іх. Была ў гэтых гуках нейкая размеранасць, нейкая трывожная аднастайнасць.
— Васіль Баранок вавёрак з драбавіка б'е, — упэўнена сказаў Людвік.
Зноў пайшлі па лесе, пайшлі хутчэй. Дарога павінна была зрабіць апошні паварот перад Чмялямі. Вось-вось у прагалах між дрэў забялее поле.
— Дужа ж многа вавёрак, — як бы сам сабе, буркнуў Пятро Чыжэвіч.
І тут з густога, зацярушанага снегам хмызняку, што ішоў уздоўж дарогі, выскачыў чалавек ва ўсім белым і кінуўся да іх. Быццам прывід вырваўся з забытай людзьмі лясной магілы.
— Не страляйце! Я свой, — крычаў і махаў рукамі чалавек.
Усе апусцілі вінтоўкі, бо і сапраўды, у першую хвіліну хацелася страляць.
— Я свой! — задыхаючыся, крычаў чалавек.
Ён падбег і амаль паваліўся на рукі Сцепанюгу. У грудзях у яго аж гуло і клекатала ад стомы і ад хвалявання. Гэта быў Аркадзь Пісаронак, парабак з маёнтка, які клаў новыя печы, а калі не выпадала такой работы, працаваў на кухні: сек дровы, падвозіў ваду, чысціў коміны і мыў катлы.
Ён быў у адных зрэбных портках. На нагах — буркі, на плячах запэцканая глінай кароткая сіняя паддзёўка.
— Легіён у вёсцы! Палякі, — глытаючы словы, сказаў Аркадзь.
У ягоных вачах, як сіні лёд, застыў страх.
Аказалася, недзе пасля снедання ў вёску ўварвалася конная польская часць.
— Чалавек сто будзе, — хуценька гаварыў Аркадзь. — На рагатых шапках белыя арлы, на рукавах нейкія нашыўкі. І ва ўсіх штаны з чырвонай палосай...
Палякі адразу пабеглі па дварах, пачалі страляць свіней і курэй, адбіраць у людзей цёплае адзенне. Аркадзь у гэты час спаў у флігелі — учора позна гуляў у карты. Калі пачуў стрэлы, з перапуду скокнуў у акно і сюды — у лес.
— Вось руку сабе шклом парэзаў, — разгублена ўсміхаючыся, паказаў Аркадзь кроў. — Мне яшчэ пашанцавала... Я ўцёк. А Бацюта з гэтым казаком, з Гаршковым, зачыніліся ў флігелі і страляюць праз вокны.
Зноў усе прыслухаліся. Ад вёскі далятала рэдкая страляніна: адзіночныя, няйначай, прыцэльныя стрэлы тых, што адбіваліся з засады.
— Палякі флігель падпаліць хочуць, — нервова пацепаючыся, растлумачыў Аркадзь. — Салому хочуць з тарпяка ўзяць, што ля канюшні. А Бацюта не падпускае да тарпяка.
Навіны, якія прынёс Пісаронак, аглушылі ўсіх. Кузьма бачыў наўкола сябе бледныя разгубленыя твары. Ён і сам разгубіўся, і не хаваў гэта ні ад кога. Там жа ў флігелі Сяргейка. Што, калі легіянеры прарвуцца да тарпяка? Можа, ужо хапаюць сухую жоўтую салому, абкладаюць ёю драўляныя сцены. Кузьма заплюшчыў вочы, нібы ў твар яму шуганулі чырвоныя траскучыя касмылі полымя. Ён страсянуў галавой, расплюшчыў вочы і ўбачыў вялікія, сінія ад марозу рукі Чыжэвіча, якія развязвалі вяровачку на сцягу. І гэта вярнула спакой і рашучасць.