Выбрать главу

— За мной, хлопцы, — сказаў ён.

Прыгінаючыся амаль да самай зямлі, спатыкаючыся, выбеглі з лесу ў густы нізенькі алешнік, які вёў да самых прыгуменняў. Па алешніку цёк ручаёк, што каля маёнтка ўпадаў у Гразёўку. Пайшлі па ручайку, бо на мёрзлым балоце дужа моцна трашчаў, ажно страляў пад нагамі крохкі лёд, і іх маглі пачуць яшчэ здалёку. Ручаёк таксама замерз. Лёд на ім быў белы і зеленавата-сіні, прыцярушаны мяккім снегам. Кузьма раптам паслізнуўся, узмахнуў рукамі і грымнуўся на лёд. Паспеў усё-ткі ўпасці на рукі. Ён ляжаў, амаль дакранаючыся шчакой да лёду, і ўбачыў такое, што на хвіліну прымусіла забыцца пра ўсё. Проста пад ім, пад яго вачамі, пад сярэбранай скарынкай лёду стаяла рыбка, маленькая, таксама ўся сярэбраная. Да яе, здавалася, можна было дакрануцца губамі. Быццам нейкая дзіцячая цацка, лёгкая і вясёлая, заплыла сюды і скамянела аж да самай вясны. Будуць выць над алешнікам завірухі, будуць асцярожна падкрадвацца да сялянскіх хлявоў ваўкі, будзе месяц свяціць з халоднага начнога неба і адлюстроўвацца, успыхваць у сінім лёдзе, а рыбка будзе стаяць вось так ля гэтага кусціка асакі, чакаць цёплага сонца.

Кузьма падняўся, пайшоў услед за таварышамі, і на душы было ціха-ціха.

Яны залезлі на заснежаную страху гумна, прытаіліся. Ім быў відзён маёнтак і адна, новая, як яе называлі, вуліца вёскі. Астатняя частка вёскі была схавана за ляском, што акружаў маёнтак з поўдня. І з новай вуліцы, і адтуль, з-за ляска, даляталі людскія крыкі, іржанне коней. Кузьма адразу глянуў у бок флігеля. Легіянеры ляжалі, уткнуўшыся тварамі ў снег, за крокаў трыццаць ад будыніны. Яшчэ адна перабежка, адзін адчайны рывок — і яны будуць у флігелі. Вось афіцэр махнуў пісталецікам, і марудлівыя постаці паслухмяна ўзняліся ў атаку.

Між тым на той вуліцы, якую не маглі бачыць атраднікі, адбывалася вось што. Якраз пасярэдзіне вуліцы, па цвёрдым, убітым людзьмі і коньмі снезе, павольна рухалася дзіўная працэсія. Чмялёўцы, якіх легіянеры выгналі з хат, глядзелі на яе. Ніколі яшчэ не даводзілася бачыць такога. Па вуліцы ішлі чужыя воіны ў кароткіх яркіх плашчах, у бліскучых шлемах, з кароткімі шырокімі мячамі ў руках, з круглымі лёгкімі шчытамі. Некаторыя былі ўзброены доўгімі пікамі. Самы галоўны сярод іх ішоў, апусціўшы галаву, кусаў губы ад сораму і крыўды. Ён, здаецца, не адчуваў марозу. Уважлівей прыгледзеўшыся, чмялёцы спагадліва ўздыхалі, ціха казалі адзін аднаму:

— Гэта ж нашы хлопцы... Мішка Сырамалот першы ідзе...

— А вунь Іван Міхейчыкаў з Мікітам Сцепанюгам...

Мішка Сырамалот гатоў быў хоць праз зямлю праваліцца. Трэба ж было ў час рэпетыцыі трапіць у рукі палякам. Ніхто нічога не ведаў, ні аб чым не здагадваўся, і раптам...

Вахмістр, які арыштаваў іх, вельмі здзівіўся спачатку, а потым засмяяўся:

— Правесці галаштаннікаў па ўсёй вёсцы. Хай паглядзяць хлопы, з кім мы ваюем.

Легіянеры падганялі хлопцаў штыкамі, рагаталі,

— Весялей! Чаго насы апусцілі?

— Глядзі, Спартак, меч згубіш.

— Ды ён ужо мокры...

Крыху ззаду, за спінамі легіянераў, ішлі яшчэ два чалавекі. Кандрат Гаранок з пугай у руках гнаў па вёсцы свайго сына Васіля. Час ад часу ён шлёгаў яго пугаўём па плячах, гаварыў:

— Ідзі, пакланіся пану афіцэру... Прабачэння папрасі...

Васіль, ростам вышэйшы за бацьку на дзве галавы, моршчыўся ад удараў, але ішоў ціхмяна і пакорліва, як авечка. Буйныя слёзы цяклі ў яго па шчоках.

Як толькі легіянеры падняліся ў атаку, Кузьма пабляднеў, сказаў.

— Цэлься, хлопцы... Кожны свайго бяры на мушку. Націскаць так, як я вучыў... — І махнуў рукой: — Агонь!

Грымнуў залп. Трое ці чацвёра легіянераў спатыкнуліся і ўпалі. Астатнія замітусіліся на двары перад флігелем — не ведалі, куды дзецца.

— Зараджай! — павесялеў Кузьма. — Яшчэ раз пеканём.

Другім залпам звалілі афіцэра. Нечаканая страляніна з тылу так напалохала і збянтэжыла палякаў, што яны, забыўшыся пра ўсё, пачалі ўцякаць ад флігеля ў лясок: хто на кані, хто пешшу. Услед ім паляцелі кулі Бацюты і Гаршкова.

— Акружаюць! Чырвоныя акружаюць!

Гэта вестка праляцела па вёсцы ў адно імгненне, і легіянеры, толькі што такія самаўпэўненыя і адважныя, пачалі кідаць усё: курэй, кажухі, падушкі. Быццам віхор змёў іх з двароў і вуліцы. Не прыняўшы бою, яны спешна пачалі адступаць у бок Запольцаў.

З першымі стрэламі Мішка Сырамалот збіў з ног легіянера, скокнуў у бліжэйшы двор. Над галавой ціўкнула куля. Другая стукнула ў драўляны меч — толькі трэскі паляцелі. З аскабалкам мяча ў руках Мішка пабег па агародзе да рэўкома. Дзед Бегунок з бярданкай сядзеў на прызбе, трымцеў усім целам. Убачыўшы Мішку ў такім незвычайным адзенні, ён ажно вочы заплюшчыў. Мішка вырваў у яго з рук бярданку, выбег на вуліцу і, мацюкнуўшыся, стрэліў па конніку, які імчаўся за вёску. Дзіка заржаў конь і паляцеў цераз галаву.