Кузьма ў гэты час быў ужо ў флігелі. Тут рэзка пахла спаленым порахам. Уся печ была склявана кулямі. Кузьма наступіў на гільзу і ледзь не ўпаў.
— Сяргейка! — паклікаў ён.
Ён баяўся ўбачыць дзе-небудзь кроў, баяўся не пачуць адказу. Сэрца вырывалася з грудзей, і, каб не ўпасці, давялося сесці на ложак.
І тут з-пад ложка пачуўся хлапечы голас:
— Татка, а ўжо не страляюць?
Кузьма стаў на калені, пачаў выцягваць малога. Сяргейка моцна, абедзвюма рукамі, прыціскаў да сябе падушку.
— Кінь. Навошта ты яе ўзяў? — Кузьма ліхаманкава аглядваў Сяргейку, каб пераканацца, што ён жывы і здаровы.
— Дзядзька, у якога шыя завязана, мне сказаў узяць. Каб куля ў пер'і заблыталася. — Толькі цяпер Сяргейка заплакаў, уткнуўся галавой Кузьму ў грудзі.
Прыйшла Дзіна, узяла Сяргейку на рукі і панесла дадому.
Вёска ажыла. Па вуліцы бегаў Мішка Сырамалот, пытаўся ва ўсіх:
— Куды Гаранкі схаваліся? Сваімі рукамі задушу гадаў.
Ён паспеў пераапрануцца, толькі шлем забыўся зняць з галавы, так і бегаў у шлеме, і выглядаў у ім зухавата. Усе ўзбуджана абмяркоўвалі бой, які толькі што адгрымеў. Асабліва задаволены былі атраднікі.
Людвік Перуноўскі расказваў кожнаму сустрэчнаму:
— Заляглі мы, значыць, на гумне. Рыгора Крываноса гумно. Нам Кузьма камандуе: «Цэлься, хлопцы!» Ну, я гэтага афіцэрыка іхняга і ўзяў на мушку. Сам думаю: без яго вы, мае даражэнькія, будзеце, што авечкі без пастуха. Як урэзаў, дык ён і пяткі ўгору!
Усе слухалі Людвіка і ўсміхаліся, згаджаліся з ім. У людзей была радасць, і ніхто не хацеў спрачацца з Людвікам: хай будзе па-ягонаму, хай будзе ён самы спрытны стралок. Абы легіянераў з вёскі вытурылі.
Але прыкладна праз гадзіну прашапацеў над галовамі і гухнуў непадалёку ад маёнтка снарад. Жоўта-белы слуп агню і снегу ўзвіўся над зямлёй. Другі снарад зрэзаў, як пілой, старую ліпу каля флігеля. З боку Запольцаў зноў наступалі палякі. Загаласілі жанчыны.
Бацюта з Кузьмой пастроілі атрад і вырашылі пакінуць вёску. Супроць гарматаў цяжка было нешта зрабіць. Кузьма на хвілінку забег дадому, развітаўся з усімі, пацалаваў маці і Сяргейку.
— Што ж гэта робіцца? — павісла ў яго на плячы маці. — Сынок, я ж памру без цябе...
Ён асцярожна адвёў ад сябе яе слабыя рукі, развітальным паглядам, стараючыся запомніць усё, апошні раз акінуў хату.
Праз некалькі хвілін атрад подбегам накіраваўся да лесу. Ззаду, асвятляючы снег, шырока і траскуча гарэў маёнтак.
Яны блукалі па лесе два дні, і ў Асіповічах уліліся ў атрад чыгуначнікаў.
XX
11 студзеня 1918 года генерал Доўбар-Мусніцкі ў тэлеграме на імя Вярхоўнага галоўнакамандуючага Крыленкі і галоўнакамандуючага Заходнім фронтам Мяснікова паведаміў, што з 12 гадзін 12 студзеня 1-ы польскі корпус знаходзіцца ў стане вайны з Савецкай Расіяй. Вярхоўны савет Польскіх узброеных сіл, на чале з паручнікам Рачкевічам перабраўся на гэты час з Мінска ў Кіеў і паспяшыў прызначыць ваяўнічага генерала канандуючым усімі польскімі войскамі. Па загаду Доўбар-Мусніцкага, які са сваім штабам знаходзіўся ў Бабруйскай крэпасці, усе польскія часці, раскватараваныя ў Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, павінны былі неадкладна здымацца з месца і рухацца ў бок Бабруйска. Адразу ж на ўсіх чыгуначных станцыях — у Смаленску, Раслаўлі, Вязьме, Ельні, Оршы, Барысаве, Полацку загучала польская мова, замільгалі канфедэраткі.
Пад уладай легіянераў аказаўся трохкутнік Рагачоў — Жлобін — Бабруйск, так званая «рэспубліка Даўборыя». Але з кожным днём, нават з кожнай гадзінай ён змяншаўся. Доўбар-Мусніцкі быў адрэзаны ад Украіны, куды ён хацеў павесці сваіх легіянераў, каб злучыцца там з 2-м і 3-м польскімі карпусамі. І тады генерал замітусіўся, як воўк, акружаны з усіх бакоў. Не чакаў ён, што ў гэтай краіне, якую лічыў паралізаванай анархіяй і самаўпраўствам, сустрэне такі сакрушальны адпор. Ён думаў, нібы Аляксандр Македонскі, пранесціся па беларускіх і ўкраінскіх шляхах, каб толькі ад аднаго яго з'яўлення падалі ніцма ворагі, каб засцянковыя паненкі пасылалі яму і яго непераможным легіянерам сімвалічныя пацалункі, кідалі кветкі пад ногі коням.
А ўсё адбылося не так. Гула пранізлівая мяцеліца, грымелі бальшавіцкія батарэі, і яго воіны, асабліва ўраджэнцы «прэсаў», разбягаліся хто куды, як прусакі па шчылінах. І тады ён, пануры, злосны і разгублены, вырашыў пачаць перагаворы з бальшавікамі. Сустрэча адбылася на станцыі Цялуша, непадалёку ад Бабруйска. Доўбар-Мусніцкі прыехаў разам са сваім начальнікам штаба генералам Агапеевым. Вось, дарэчы, характэрны штрых. Генерал, які ўсюды крычаў аб сваёй любві да дэмакратыі, да Польшчы, не грэбаваў дружбай і цесным супрацоўніцтвам з манархістам і чарнасоценцам Агапеевым, якога прыслаў яму ў корпус сам Карнілаў. Перагаворы не ўдаліся. Доўбар-Мусніцкі хітрыў, адцягваў час. Усе гэтыя дні ён адну за другой пасылаў слёзныя тэлеграмы начальніку штаба германскіх войск на Усходнім фронце генералу фон Гофману. Ён прасіў прапусціць дэлегацыю корпуса праз фронт у Брэст-Літоўск, а потым і ў Варшаву для сустрэчы з членамі Рэгенцкага савета. Нарэшце фон Гофман дазволіў палякам паслаць дэлегацыю. У суправаджэнні эскадрона уланаў у Брэст-Літоўск паехалі палкоўнік Масціцкі, падпаручнік Біслінг, капітан Марушэўскі, прапаршчык Жабакліцкі і валанцёр Ваньковіч. Доўбар-Мусніцкі павесялеў, здавалася, памаладзеў. Але радасць яго была нядоўгая. Неўзабаве прыйшлі звесткі, што дэлегацыю можна не чакаць ні ў Брэст-Літоўску, ні ў Бабруйску. На лясных дарогах Ігуменскага павета яе акружылі сялянскія чырвонагвардзейскія атрады і раззброілі. Палкоўнік Масціцкі ў апошнюю хвіліну застрэліўся, каб не трапіць у рукі хлопаў. І ўсё ж генерал дамовіўся з немцамі. Яму было загадана ўзрываць усе чыгуначныя масты, рухацца насустрач германскім войскам. Галоўны ўдар накіраваць на станцыі Ясень і Асіповічы, каб адтуль зайсці ў тыл Мінску.