Той, хто на аэраплане пралятаў тады над Беларуссю, бачыў пад сабой заінелыя лясы і белыя, як запаветны сувой палатна з самага дна нявесцінага куфэрка, палі. Цяжка было заўважыць прыкметы жыцця на гэтай халоднай, раўніннай і балоцістай зямлі. Хіба толькі дым з комінаў сялянскіх хат, нетаропкі, лёгкі, як дыханне. Калі б у аэраплане ляцеў паэт, ён падумаў бы, што гэта дыхае сама зямля, ціхая, звонкая ад марозу. Не верылася, што вясною тут хвалююцца, бушуюць пад ветрам акіяны аксамітнай травы, што сюды, знайшоўшы дарогу па зорках, вяртаюцца з цёплых краін птушкі. Не верылася, што сярод гэтага маўчання могуць вырасці каласы. Холад і снег былі на зямлі.
Але, праляцеўшы на поўдзень і на паўднёвы ўсход ад Мінска, можна было заўважыць, што колер зямлі, якая плыла ўнізе, мяняецца. Разам з белым колерам тут адразу кідаліся ў вочы чорны і чырвоны. Чорны ад папялішчаў, ад дыму, чырвоны — ад пажараў і салдацкіх кастроў. На вялізнай плошчы, якая займала ўсю лукавіну паміж Дняпром і Бярозай, ужо цэлы месяц ішлі баі. Пагрозліва грукаталі гарматы, цяжка перавальваючыся з боку на бок, паўзлі па халодным снежным цаліку браневікі, ішлі ў атаку кавалерыйскія лавы, пехацінцы беглі, стралялі, падалі і паміралі сярод палёў і лясоў. Зверху кожны салдат здаваўся б, напэўна, мурашкай, смешнай маленькай лялькай. Але так здавалася б толькі зверху. На зямлі, дзе відаць кожная чалавечая рана, кожная вяснушка на стомленым салдацкім твары, дзе змяшаліся кроў і пот, любоў і нянавісць, усялякія параўнанні былі непатрэбныя, яны зневажалі душу і сэрца.
Польскія легіянеры, не зважаючы на смяротны свінец, які касіў іх, на штыкавыя атакі чырвонагвардзейскіх атрадаў, уздоўж Лібава-Роменскай чыгункі набліжаліся да станцыі Ясень.
— Там наша выратаванне, — казалі афіцэры салдатам, — возьмем Ясень і Асіповічы — і дарога на захад нам будзе адкрыта. А там мы нап'ёмся вады з Буга і Віслы, памолімся ў нашых касцёлах, пацалуем сваю родную польскую зямлю...
І зноў белы арол развінаў свае даволі ўжо слабыя, наскубаныя крылы над полем бою. І зноў легіянеры ішлі ў атаку.
«Што звязала мяне з гэтымі людзьмі? — думаў Антон, сціскаючы ў руках вінтоўку, паднімаючыся разам з усімі насустрач агню. — Мая вёска і мая хата засталіся за маімі плячамі. Куды ж я іду?»
Але спыніцца ці павярнуць назад было немагчыма, Трэска не можа паплыць супраць цячэння. Ён быў спіцай у коле, а кола круцілася зусім у іншы бок, чым хацелася Антону.
— Дойдзем да Мінска, — гаварыў у кароткія хвіліны зацішша Гайкевіч, — а там ужо будуць нашы. Камісараў і са свечкай у руках не знойдзеш. Генерал Доўбар-Мусніцкі — чалавек слова, і аддасць Мінск адзінаму законнаму гаспадару — нашай Радзе. Сёння мы павінны стаць на бок палякаў, калі хочам мець сілу і незалежнасць...
Іх даўно ўжо не лічылі праваднікамі альбо перакладчыкамі. Яны былі для ўсіх «сваімі людзьмі з прэсаў», і неўзабаве, пасля цяжкіх баёў, ім выдалі вінтоўкі і загадалі стаць у строй. З абозам яны дайшлі да Бабруйскай крэпасці, а адтуль павярнулі назад ужо як валанцёры пяхотнага палка. У іх быў новы камандзір — паручнік Скальскі. Гэты Скальскі, высокі хударлявы бландзін, насіў акуляры, гаварыў ціхім глухаватым голасам. Нельга сказаць, каб ён вылучаў іх як-небудзь са сваіх салдат, — ці прыдзіраўся, ці, наадварот, хваліў. Не. Ён глядзеў на іх, як і на ўсіх, але часам у ягоных маленькіх шэрых вачах Антон заўважаў нейкае здзіўленне, нават нейкі недавер. Так глядзяць на незнаёмых жывёлін, якіх бачаць упершыню.