Гайкевіч адразу неўзлюбіў Скальскага. Загады яго, вядома, выконваў, але за вочы мог і плюнуць, успомніўшы паручніка, і назваць варшаўскім пеўнем. Скальскі часам падыходзіў да іх, Гайкевіча, Антона і Страха, пытаўся:
— Як жывуць мае беларусы?
— Добра, — адказваў хто-небудзь з іх, бо што можна было сказаць інакшае? Добра было ўжо тое, што пакуль што яшчэ не забілі і не пакалечылі, два разы на дзень даюць гарачую страву.
Аднойчы Скальскі сказаў:
— Вы паглядзіце, як б'юцца нашы салдаты. Быццам ільвы. Сёння параніла Кузілоўскага, а ён гаворыць: не пайду ў шпіталь. У шпіталі я памру, А я хачу памерці толькі ў Польшчы. Прыгожыя словы: хачу памерці толькі ў Польшчы. Наша сіла — ведаеце ў чым? У павышаным нацыянальным самаўсведамленні кожнага паляка.
Антон са Страхам выслухалі паручніка, згодна паківалі галовамі. А Гайкевіч раптам пачырванеў, з выклікам глянуў на Скальскага:
— Можна сказаць, не крывячы душой, пан паручнік?
— Можна, — куточкамі вуснаў усміхнуўся Скальскі.
— Чаму вы пазбаўляеце гэтага самага нацыянальнага самаўсведамлення беларусаў?
Паручнік нахмурыўся, пакратаў рукой няголеную шчаку. Відаць было, што пытанне яму не падабаецца. Але трэба было адказваць.
— Я таксама не буду крывіць душой, — павольна, як бы смакуючы словы, сказаў ён. — Беларусаў, на жаль, няма, панове. Так, няма. У залежнасці ад надвор'я ў Еўропе вы робіцеся то палякамі, то рускімі.
Гайкевіч уздрыгнуў, прыкусіў губу:
— Няма, кажаце? Вядома, можа не быць... Стагоддзі паміж молатам і кавадлам! Але вось ён — беларус. Я! Перад вамі.
Скальскі спакойна выслухаў яго, усміхнуўся:
— Сёння вы ясце польскі хлеб. І на вас польскія штаны.
Гайкевіч сеў, быццам апёкся. На ім і сапраўды былі штаны з лампасамі, бо свае спаліў, заснуўшы каля кастра. Скальскі колькі хвілін пераможна глядзеў на яго, потым аддаў чэсць, далікатна, па-шляхецку, ускінуўшы два пальцы да казырка, і пайшоў.
«Трэба ўцякаць адсюль, — ужо не раз думаў Антон. — Але як? Зловяць — заб'юць. Хоць бы паранілі мяне, хоць бы я захварэў», — марыў ён.
Але кулі пакуль што абміналі яго. Аднойчы ён улучыў момант, калі засталіся адзін на адзін, сказаў Страху:
— Слухай, давай плюнем на ўсю гэту заваруху і ўцячэм. Мая вёска недалёка. Да мяне пойдзем...
— Навошта? — здзівіўся Страх.
Ён якраз еў хлеб з салам. Нажа не было, і ён грыз сала з вялікай ружовай лусты.
— А навошта нам гэта вайна?
— Мне тут падабаецца, — з'еўшы сала, пачаў аблізваць пальцы Страх. — Ты як хочаш, а я застануся. Куды я пайду? Бальшавікам дровы пілаваць? Я лепш сябе адчуваю з вінтоўкай, чым з пілой.
«Трэба маўчаць, — зразумеў Антон. — Нікому не гаварыць ні слова. Аднаму трэба ўцякаць...» Гайкевічу ён і не збіраўся расказваць пра сваю задуму. Гайкевіч, відаць па ўсім, хоць на карачках, але дапаўзе да Мінска. Там яго чакаюць сябры, там ён сам зробіцца паручнікам або нават капітанам у Кандратовіча. А скажаш, даверышся — можа данесці Скальскаму.
Увайшлі ў лясную вёсачку кіламетраў за сем ад Ясеня. Жыхары паразбягаліся хто куды. Хаты стаялі пустыя, халодныя, з зачыненымі аканіцамі. Страх збіў замок з дзвярэй крайняй хаты. У сенцах, пад нагой у Антона, прарэзліва рыпнула маснічына. Ён убачыў жорны, белыя не ад мукі, а ад снегу, што насыпаўся праз дзіравую саламяную страху. Успомніліся жорны ў Міхейчыкаў, і як Яніна малола, і як чорная кудзерка валасоў выбівалася ў яе з-пад хусткі.
— Няўжо не знойдзем нічога паесці? — бурчаў між тым Страх, тыцкаючы носам у чыгуны і гладышы, якія стаялі на прыпечку. Нічога не знайшоў, злосна змёў усё ударам прыклада на падлогу. Чыгуны, жалобна дзінькаючы, пакаціліся па хаце, потым доўга-доўга, ужо спыніўшыся на адным месцы, усё хісталіся, усё перакочваліся з боку на бок — ніяк не маглі супакоіцца.
— Усе транты закапалі дзе-небудзь, — гаварыў Страх, гледзячы на пустыя павуціністыя сцены. На цвіку, што быў убіты каля акна, Антон убачыў раптам сухі, ужо счарнелы вянок, сплецены з васількоў. Кветкі даўно былі мёртвыя, нават не пахлі. Але ад іх самотна зашчымела сэрца. Ён сеў на лаву, глядзеў на вянок, думаў пра тую дзяўчыну, якая ўлетку рвала ў жыце васількі. Ён ні на хвіліну не сумняваўся, што вянок спляла і павесіла ў гэтай ціхай хаце дзяўчына.