Выбрать главу

— Не ведаю. Кажуць, у нейкія нацыянальныя часці нас будуць забіраць.

Што гэта за часці, ніхто не ведаў. І таму ўсе вельмі ўважліва пачалі слухаць, што гаворыць палкоўнік Талубко. А той, выціраючы спатнелую бліскучую лысіну насоўкай, растлумачыў, як мог, што з дазволу Часовага ўрада ў арміі фарміруюцца часці з воінаў іншых нацыянальнасцей і дзеля гэтага прыехалі ў полк прадстаўнікі Украінскай цэнтральнай рады і Польскага камітэта. Першым пачаў заклікаць усіх землякоў пад свой жоўта-блакітны сцяг украінец. Гаварыў пра ўсё: пачынаючы з хутарка над стаўком у стэпе, дзе так вольна дыхаецца, дзе спяваюць чарнавокія дзяўчаты і варацца галушкі, і канчаючы духам Казакаў Запарожскай Сечы, які, нягледзячы ні ка што, жыве ў кожным, хто меў шчасце нарадзіцца па-над дняпроўскімі кручамі.

— Спраўна чэша, — прыцмокнуў языком Юшкоў.

Прадстаўнік Польскага камітэта быў ужо ў сваёй форме: на галаве нейкая рагатая высокая шапка з казырком, на штанах — яркія чырвоныя лампасы. Быў ён худы, даўгалыгі, гаварыў, смешна перакручваючы рускія словы.

Потым разам з Талубко і Жабрэевым украінец і паляк павольна пайшлі ўздоўж салдацкага строю, заглядваючы ў твары, шукаючы добраахвотнікаў. Даволі многа салдат згадзілася запісацца ва ўкраінскія часці. Да паляка ж падышло чалавек дзесяць, і ён нервова кусаў тонкія губы. Усім на здзіўленне аб'явілі сябе ўкраінцамі браты Вастрацовы, Рыгор і Максім, Іван Гразноў, Іван Цыплёнкаў — усе родам недзе з-пад Варонежа. Выходзячы са строю, Рыгор Вастрацоў вінавата ўсміхнуўся, растлумачыў суседзям:

— Гавораць, што ўкраінцаў адправяць служыць на радзіму. Можа, бліжэй да дому трапім.

Калі параўняліся з Кузьмой, Жабрэеў раптам сказаў:

— А ты, Радзімовіч, куды хочаш запісацца?

— Я? — сумеўся Кузьма. — Не ведаю... А навошта гэта?

— Якой жа ты нацыі? — не сунімаўся Жабрэеў.

Кузьма паціснуў плячыма, азірнуўся наўкола:

— Не ведаю. Як і ўсе...

Тады ажывіўся паляк. Тонкія губы раскрыліся ва ўсмешцы. Доўгім белым пальцам ён падзываў да сябе Кузьму.

— Радзімовіч? Наш чалавек. Ідзі, ідзі сюды...

Але Кузьма не кратаўся з месца. Гэта раззлавала палкоўніка Талубко. Гарачыня, дыхаць нечым, нейкія ідыёцкія нацыянальныя часці, а тут яшчэ гэты баран не ведае, хто ён.

— Хто ж ты, нарэшце? Ці не помніш, дзе нарадзіўся? — злосна прасіпеў Талубко і палез у кішэню за насоўкай, бо чырвоны твар аж ільсніўся ад поту.

— З Мінскай губерні, з Ігуменскага павета я, — пераступіў з нагі на нагу Кузьма. — Мужыкі мы...

Яму было няёмка, што ўсе глядзяць на яго, хоць праз зямлю праваліся.

— Наш чалавек, — зноў заўсміхаўся, пазваў яго пальцам паляк. — Ідзі сюды, да мяне... Ты — поляк.

Цяпер ужо Кузьма раззлаваўся. Чаго яны ўсе прычапіліся да яго? Што ім трэба?

— Я не паляк, — сказаў ён, сярдзіта глянуўшы на паляка. — Я праваслаўнай веры і па-польску гаварыць не ўмею.

— Ну што з яго возьмеш? — разгневана крутнуўся Талубко. — Пойдзем далей.

Ён сцякаў потам, з агідай адчуваў, як мокрая кашуля прыліпае да спіны, і яму хацелася хутчэй скончыць усе справы з гэтымі гора-ваякамі, што надумаліся ствараць свае арміі, і паехаць у Нясвіж у лазню. Там у Мойшы ёсць густое халоднае піва, і там сумуе прыгожанькая ўдава-капітанша.

Яны зноў пайшлі ўздоўж строю, а Кузьма глядзеў ім услед, і злосць усё яшчэ кіпела ў яго ўсярэдзіне.

— Дык, гаворыш, — ты мужыцкай нацыі? — весела таўхануў яго пад бок Юшкоў. — Ну і адчыбучыў, Кузьма. Малайчына.

— Мы з ім беларусы, — раптам сказаў маўклівы Лусковіч.

Ён стаяў у другой шарэнзе, ззаду Кузьмы, увесь нейкі сіні, з балячкамі на твары, з зялёнымі стомленымі вачыма, у якіх трымцеў сум. Здавалася: падзьмі зараз вецер, і ён паваліцца. Усе здзіўлена глянулі на яго.

— Беларусы? — перапытаў Юшкоў. — Адкуль ты ведаеш?

— Ведаю. — Лусковіч міргнуў рыжаватымі вейкамі і замоўк. І цяпер, усе гэта ўжо ведалі, цэлую гадзіну, а мо і болей, з яго і абцугамі слова не выцягнеш.

— Ну, то, беларусы, стойце разам з намі, — сказаў Пчалаводаў і паляпаў па плячы Кузьму,

А яшчэ праз некалькі тыдняў у размяшчэнні роты з'явіліся двое цывільных мужчын: адзін пажылы, высокі, са снежнай сівізной на галаве, другі — маладзейшы, з рабаціннем на твары, з трохі касаватымі вачыма.

— Хто гэта? — спытаўся Кузьма ў Юшкова.

Той паціснуў плячыма:

— Не ведаю. Кажуць, што родзічы Лусковіча з Мінска прыехалі...

І сапраўды, мужчыны па-хатняму развязалі свае торбачкі, дасталі з іх сала, яйкі, хлеб, пачалі частаваць салдат. Але Кузьму здзівіла тое, што маўклівы Лусковіч, здавалася, ніколькі не павесялеў, сядзеў у куточку на нарах і бліскаў адтуль зялёнымі вачыма.