— Чаму бліжэй да родзічаў не садзішся? — падышоў да яго Кузьма.
Лусковіч глянуў на Кузьму, нічога не сказаў, толькі рыжаватыя вейкі ўздрыгнулі. А старэйшы мужчына хітравата глянуў на салдат, спытаўся:
— Як жыццё, работнічкі?
— Ваюем, — за ўсіх адказаў Пчалаводаў.
Ён яшчэ не зразумеў, што гэта за людзі і як з імі трэба трымацца.
— Многа сінякоў германцу насадзілі? — уставіў сваё слова касаваты.
— Ат, друг, не пытайся, — махнуў рукой Пчалаводаў. — Трэці год і цела, і душа ў сіняках...
Тады сівы ўзняўся са свайго месца, азірнуўся на дзверы, цвёрдым голасам сказаў:
— Вось што, хлопцы, — пагаварыць нам трэба. Мы з Мінскай арганізацыі РСДРП, ад таварышаў Мягкова, Кнорына і Міхайлава.
— Бальшавікі? — стрэльнуў па ім цыганістым паглядам Юшкоў.
— Бальшавікі.
— А ў нас тут бальшавікоў не дужа шануюць. У нас палкавое камітэцкае начальства больш у эсэрах ходзіць. Вось і Кузьма з эсэраў, — Юшкоў кіўнуў галавой у бок Кузьмы.
Кузьма ўвесь успыхнуў, зачырванеўся, са злосцю сказаў:
— Што ты ўсё за мяне гаворыш? Мне ж цяляты язык не адкусілі. Які я эсэр? Жабрэеў збрахаў, і ты брэшаш следам за ім...
Яму стала так крыўдна, што ён ледзьве стрымаўся, каб не выбегчы з бліндажа. Юшкоў разгублена заўсміхаўся, пачаў накручваць на палец своў доўгі абвіслы вус. Відаць, не чакаў, што Кузьма можа так пакрыўдзіцца.
Сівы мужчына ўважліва глянуў на Кузьму, быццам абмацаў ягоны твар строгімі халаднаватымі вачыма.
— І чаго ж вы, бальшавікі, дабіваецеся? — парушыў няёмкае маўчанне Пчалаводаў.
— Перш за ўсё міру. Годзе народу гнінь у акопах. Часовы ўрад працягвае вайну, бо гэта выгадна і нашым капіталістам і Антанце. Мы за неадкладную публікацыю ўсіх тайных дагавораў і пагадненняў цара Мікалая. Зямля павінна належыць тым, хто на ёй працуе, — сялянам.
— А вось мы горназаводскія, уральскія, — зноў загаварыў Юшкоў. — І я, і Пчалаводаў, і Беламесных. І яшчэ многа хлопцаў ёсць. Як наконт нас бальшавікі мазгуюць?
Сівы заўсміхаўся, ягоны твар прасвятлеў:
— Быў я ў вашых краях. Праўда, не па сваёй волі. Быў у Алапаеўску, у Сатцы. Магутная зямля!
Ён на хвіліну змоўк, нібы ўспамінаў нешта дарагое, страчанае назаўсёды, а потым рашуча трасянуў сівой чупрынай:
— Рабочым — васьмігадзінны рабочы дзень. Поўны кантроль над фабрыкамі і заводамі. Рабочы клас пазінен стаць гаспадаром нашай прамысловасці.
— Значыць, з нас капіталістаў хочуць зрабіць, Ягор, — весела ляпнуў Юшкоў далонню па спіне Пчалаводава. — Эх і начаплю ж я белую манішку...
Усе засмяяліся. І тут быццам нехта таргануў
Кузьму за язык:
— А ці праўда, што Ленін немец? Кажуць, рыжы, картавы.
Сівы мужчына перастаў смяяцца, глянуў на Кузьму:
— Хто табе сказаў? Глупства ўсё гэта. Ленін — рускі. Залаты чалавек. Паболей бы Расіі такіх «немцаў».
Нарэшце і Лусковіч не вытрымаў, падаў голас са свайго кутка:
— Як там у Мінску народ жыве?
— Гібее народ. Прыціснулі так, што не прадыхнеш. У чатырнаццатым годзе фунт мукі быў дзесяць капеек, а цяпер два рублі і дзевяноста пяць капеек. Масла каштавала сорак капеек, цяпер за яго тры дзевяноста дзяруць. А міністру працы Скобелеву хоць бы хны. Заклікае, каб усе рабочыя падпісваліся на пазыку свабоды.
— І чаго ж вы ўсё-ткі да нас прыехалі, калі не сакрэт? Мы ж вас маслам не пачастуем. Хіба толькі ружэйным. — Юшкоў зрабіў твар строгім, нават сярдзітым, ведаў — у яго гэта добра атрымліваецца.
— Сакрэту няма, хлопцы, — старэйшы пачаў развязваць яшчэ адзін мяшок, больш цяжкі. — Нам трэба, каб Заходні фронт ішоў за намі, за бальшавікамі. Будуць тут у нас свае людзі — і ў Мінску нам будзе лягчэй. Асабліва цяпер гэта трэба. У Петраградзе Керанскі расстраляў дэманстрацыю салдат і рабочых. Партыя і Ленін у падполлі. Але партыя жыве, і вам вось падарунак прыслала. — Ён дастаў з мяшка кіпу газет. — Наша «Звёздачка». У Мінску надрукавалі. Усё ў ёй сказана, што рабіць, як рабіць, за кім ісці. Юшкоў узяў газеты.
— Гэта мы пачытаем... — азірнуўся наўкола: — Хто самы вялікі грамацей? — І аддаў газеты Кузьме.
— Ты будзеш чытаць, вочы ў цябе маладзейшыя. Газеты пахлі свежай фарбай, шамацелі. Кузьма ўзяў іх, расшпіліўшы гузікі гімнасцёркі, засунуў за пазуху.
— Толькі асцярожней, — глянуў на яго сівы. — Начальству вашаму не абавязкова іх бачыць. Цяпер жа, сам ведаеш, строга з гэтым. Гучковы і керанскія пра свабоду слова, аб якой так крычалі, даўно забыліся.
— Цяпер на фронце ўведзена смяротная кара, — ціха сказаў са свайго кутка Лусковіч, але ўсе пачулі яго словы.