— Ты чаго такі вясёлы, быццам з дзеўкай якой пераспаў?
Кузьма шчасліва ўсміхнуўся яму:
— Весела, дзядзька Ягор. Не ведаю чаму, а весела.
«Маладая кроў гуляе, — падумалася Пчалаводаву. — Чаму ж не быць вясёлым. Неба ў крыві і ў агні, а ён у небе зоркі бачыць...»
Неяк ноччу здарылася з Кузьмой бяда. Роту паднялі па трывозе. Адусюль чулася страляніна. Тахкалі нямецкія кулямёты. Ракеты, падобныя на вялізных вогненных апалонікаў, павольна тухлі і загараліся ў небе.
— Немцы ўварваліся ў нашы акопы. Кінжаламі рэжуць! — спалохана крыкнуў нехта побач.
Разам з усімі Кузьма бег у густой сіняватай цемры, страляў некуды, спатыкаўся і раптам праваліўся, паляцеў у нейкую яміну і адразу страціў прытомнасць.
Ачуняў ужо ў лазарэце. Правая нага, як каменная, не паварушыць.
— Давядзецца некалькі дзянькоў адпачыць, малады чалавек, — сказаў урач, маленькі лысы дзядок у залатых акулярах. — Расцяжэнне звязак каленнага сустава і трэшчына касці.
У лазарэце было чыста, бела і ўтульна. Нібы апынуўся ён сярод белай зімы, у ціхім белым полі. Параненыя, няўклюдныя, перакручаныя з ног да галавы белай марляй, былі падобныя на снегавікоў, якіх ляпілі яны калісьці з Антонам у агародзе. Першы раз у жыцці цэлымі днямі не займаўся ён ніякай, нават дробязнай справай, ляжаў на мяккім ложку, глядзеў у акно, у столь. Гэта было так непрывычна для яго, так уражвала, што ён падумаў: «А напэўна, цяжка быць панам...»
Потым прычапілася да яго нейкая гарачка. Абліваўся цяжкім халодным потам, калаціўся, як асенні ліст, галаву быццам разламвалі, так яна балела.
«Тут мне і капцы», — сумна падумаў ён і страціў прытомнасць, нібы ў пельку праваліўся, якіх нават у самыя лютыя маразы дужа многа было на Гразёўцы. Але жыццё не хацела развітвацца з ім. Ён зноў ачуняў, зноў дзённае святло, яркае, невыноснае, палілося яму ў вочы, і першае, што ўбачыў ён, быў прыгожы жаночы твар, што так нізка нахіліўся над ім, аж здавалася — уздымі ад падушкі галаву, і кранешся аб шчаку шчакою. Гэта была Галасоўская. Яна глядзела на яго са спачуваннем і цікаўнасцю. Убачыла, што ён ажыў, усміхнулася, пачала папраўляць у яго пад галавой падушку.
Кузьма ўвесь страпянуўся і падумаў (ён не ўмеў прыгожа гаварыць, ён умеў прыгожа думаць):
«Яна прыйшла, каб выратаваць мяне з кіпцюроў смерці...»
А яна лёгкімі бязважкімі пальцамі кратала яго забінтаваную нагу, ледзь прыкметна моршчылася («Гэта яна спачувае майму болю», — падумалася яму), пыталася:
— Баліць?..
Кузьма адмоўна пакруціў галавою. Хай бы з яго зараз здзіралі скуру, кідалі голага ў мора кіпеню, хіба мог ён у прысутнасці такой жанчыны сказаць, што яму баліць?
Яна зняла з яго старыя бінты, паклала на хворае калена гарачы парафін, зноў пачала забінтоўваць. Вочы ў яе, аказваецца, былі не чорныя і нават не цёмныя, а карычневыя, жалудовыя, вільготныя. Доўгія вейкі былі прыгожа падчэрнены. Губы, маленькія і цвёрдыя, былі чырванейшыя, чым у чмялёўскіх дзяўчат.
«Яна іх таксама падфарбавала», — падумаў Кузьма. У ягонай вёсцы ў дзяўчат і ў маладзіц ніколі не было такой завядзёнкі — фарбаваць губы. А тут губы гарэлі, нібы абпырсканыя вішнёвым сокам. І яму падалося гэта дужа прыгожым.
— Як жа вы нагу пакалечылі? — спыталася Галасоўская.
— Ноччу ў перастрэлцы. Бег і, відаць, аб нешта стукнуў.
— Нічога. Яшчэ будзеце танцаваць, — сказала яна.
— А я не ўмею танцаваць, — прызнаўся раптам Кузьма, і сам здзівіўся, як лёгка ў яго гэта атрымалася.
Галасоўская нічога не сказала, толькі ціха ўсміхнулася, куточкі вуснаў уздрыгнулі.
— Няўжо вы добраахвотна пайшлі на фронт? — зусім асмялеў Кузьма.
— Добраахвотна, — зноў усміхнулася Галасоўская. — Ад таты з мамай уцякла. Яны паехалі ў госці да французскага пасланніка, а я сабрала рэчы, пакінула ім запіску і — сюды. Спачатку злаваліся, за дачку не прызнавалі, а потым такое пісьмо прыслалі! На пісьме маміны слёзы і татавы словы захаплення: «Ты — гераіня! Ты — наша Жанна д'Арк. У французскага пасланніка пра цябе гаварыў сам генерал Брусілаў!» Тата любіць, калі пра нашу сям'ю гавораць, вядома, добрае.
Кузьма слухаў яе словы, глядзеў у нізка схілены надзім твар, і новае пачуццё нейкай крэўнасці з гэтай дзяўчынай, нейкай роднасці авалодала ім. Потым, калі яна пайшла, ён не спаў амаль усю ноч, глядзеў У светлы праём акна, за якім палымнела зорамі ноч і глуха шумелі дрэвы, думаў:
«Яна не можа быць ні злой, ні помслівай. Сапраўдная жанчына павінна любіць усё: дзіця, кветку, птушку. Гэтая любоў закладзена ў ёй самой прыродай, і выказаць яе можна такімі словамі: «Я — маці ўсяго жывога...» Ён заснуў са шчасліва-трывожным усведамленнем значнасці сваіх думак, здзіўляючыся сам сабе, адчуваючы, што ў ім самім недзе ў сэрцы, душы, нараджаецца іншы чалавек, дапытлівы, смелы, цвярозы, зусім не падобны на яго, учарашняга і сённяшняга.