Выбрать главу

Раніцой нечакана затэмпературыў батарэйны ездавы Арлоў, што з адрэзанай вышэй калена правай нагой маўкліва і сумна ляжаў на ложку. Ён садраў з сябе ўсе бінты, шпурнуў за акно ўсе лякарствы і, скрываўлены, белатвары, страшны, упаў на падлогу, захрыпеў.

Галасоўская кінулася да яго, але Арлоў ударыў яе кулаком у грудзі, закрычаў:

— Паміраць хачу! Прэч ад мяне, сучка, афіцэрская падсцілка! Усіх вас страляць трэба. Не ў той бок я страляў, не ў той бок...

Ён учапіўся зубамі ў шэрую казённую коўдру, быццам хацеў яе разарваць, клубком пакаціўся па падлозе, зноў захрыпеў:

— Не ў той бок я страляў... Трэба было ў вас страляць, залатапузыя...

Галасоўская стаяла над ім, бледная, і часта дыхала. Кузьме нават на імгненне здалося, што яна ўлепіць зараз Арлову аплявуху. Але яна толькі сказала Арлову: «Баба!» — і моўчкі, нетаропка выйшла з палаты.

Так ён пачуў, упершыню пачуў, гэтыя крыўдныя, пякучыя, абразлівыя словы, сказаныя ў яе бок. І ён адразу ўспомніў бінокль Юшкова, аўтамабіль, што весела бег па лясной дарозе, капітана Кукаверава з перавязанай шчакой і яе, вясёлую, з распушчанымі чорнымі валасамі, з якімі гуляў вецер.

«Значыць, яна добрая з усімі, — горка і спустошана падумалася яму. — Афіцэрская падсцілка...»

Ён гатоў быў зараз забіць Арлова, разарваць на дробныя кавалкі, але гэтыя словы былі ўжо сказаны: «Афіцэрская падсцілка...»

Ён адвярнуўся тварам да сцяны, уткнуўся галавой у падушку.

А назаўтра зноў прыйшла Галасоўская, вясёлая, лёгкая, усмешлівая, спыталася:

— Як нага?

І быццам не было гэтага страшнага пакутлівага ўчора. За вокнамі бушаваў кіпучы, агніста-светлы лівень. Ад яго («Ад яе прыходу», — падумаў Кузьма) у палаце пасвятлела. На тварах параненых, на яе твары, на твары Арлова, ціхім і вінаватым, нібы ўспыхвалі, трапяталі водбліскі ад яркага полымя. Недзе побач звонка капала, а потым пабегла цурком у салдацкі кацялок вада. Было відаць праз акно, як трымціць, напінаецца пад ветрам — вось-вось адарвецца ад ствала! — цяжкое вільготнае бярозавае голле.

— А вы нейкі непадобны на іншых, — улучыўшы хвіліну, ціха сказала Галасоўская Кузьму.

У Кузьмы аж пераняло дыханне.

— Які ж я? — спытаўся ён.

— Які? Сур'ёзны, задумлівы, самастойны...

— Салдату не паложана быць задумлівым, самастойным. Салдат, як кажа паручнік Стахееў, — гэта куля, загнаная ў стрэльбу. Задача кулі — ляцець толькі ўперад.

— Паручнік Стахееў можа памыляцца, — усміхнулася Галасоўская. — А куля, калі яе няправільна зарадзілі, можа разарваць стрэльбу.

Праз некалькі дзён Кузьма на мыліцах ужо мог хадзіць па лазарэце і нават выходзіць з яго ў невялічкі бярозавы гаёк. Ён кожны дзень чакаў адпраўкі на перадавую, чакаў сустрэчы з Галасоўскай. Яна прыходзіла хвілін на дзесяць. Яе тонкія рукі і валасы пахлі ёдам. Кузьма даведаўся, што яе дзед, таксама граф, быў народнікам, судзіўся па працэсу І93-х, некалькі гадоў жыў у ссылцы ў Сібіры, дзе і памёр ад сухотаў. Яе ідэалам былі Вера Фігнер, Барыс Савінкаў, цяперашні камісар Часовага ўрада пры Вярхоўным Галоўнакамандуючым.

— А мой бацька з маці — самыя звычайныя... — сумна сказала яна аднойчы. — У бацькі ў галаве іпадром, рулетка, шампанскае, у маці — плёткі пра знаёмых, французскія ўборы. Цяжка быць дачкой такіх людзей...

Потым яна памаўчала і дадала:

— Дзіўна... Вось мы з вамі людзі, як цяпер модна гаварыць, розных класаў. Я — распешчанае яблычка са старадаўняга графскага дрэва, у якога ўжо, праўда, падгніваюць карэнні. Вы ад зямлі, ад прыроды. Але нешта ж нас аб'ядноўвае. Я ведаю што. Лёс Расіі, яе будучае. Што мы заслужым ад нашчадкаў: «асанну» ці «анафему» — няважна. Як у Смутны Час, калі Расіі пагражала гібель, увесь народ аб'яднаўся: і баяры, і смерды. І ўсе мы павінны набліжаць сёння свой Земскі Сабор — Устаноўчы Сход.

Яе чорныя вочы блішчалі, твар быў прыгожа прыўзняты, бляднеў, задуменна хмурыўся. Кузьме захацелася пацалаваць яе, ён ледзь стрымаўся.

А вечарам у лазарэт забег Іван Юшкоў, паклікаў Кузьму, азіраючыся па баках, даў яму газеты:

— Баско прынёс... Ну як ты тут мацуешся?

— Нічога. Праз дзень-два буду ў вас.

— А гэта што за мадама? — кіўнуў Юшкоў галавою ў бок Галасоўскай, якая прынесла параненым лякарства. — Пастой, пастой, — дык гэта ж з-за яе мяне ледзь на штыкі не ўзнялі ў Нясвіжы. Ну і язычок у яе. Рэжа, як брытвай. Але шкада, што ўсё пустое.

— Чаму пустое? — пакрыўдзіўся Кузьма.