— Дык жа яна, чуў я, нейкая графіня. А ці могуць графы што-небудзь дзельнае гаварыць? У іх ад вясёлай жызні, ад віна, ад мужыкоў і ад дзевак, хвароба-падагра ў касцях сядзіць. Заморская, кажуць, хвароба.
— Дарэмна ты на яе нагаворваеш, Іван. — Кузьме адразу ж не захацелася гаварыць з Юшковым.
— Цю-цю, — прысвіснуў Юшкоў, — ды ці не ўтрэскаўся ты ў гэту мадаму? Глядзі, Кузьма, а то не дай бог сам графам зробішся. І гэтую падагру схопіш. А мужыку-пралетару яна, як карове сядло.
Ён падміргнуў Кузьме вясёлым цыганістым вокам, зняўшы шапку, здзекліва-пачціва пакланіўся Галасоўскай і пабег назад у свой бліндаж.
Кузьме стала крыўдна за сябра: за пазалотай, за тытуламі (гары яны гарам!) не можа разгледзець чалавека, чалавечае сэрца. Падышла Галасоўская, сказала:
— А гэты салдацік, відаць, больш хворы, чым вы ўсе. Увесь перапоўнены жоўцю і злосцю.
— Ён на гармоніку добра іграе, — сказаў раптам Кузьма.
Ён сам не ведаў, чаму вырваліся ў яго гэтыя словы. Але яна зразумела — ён інстынктыўна бароніць свайго сябра — спахмурнела:
— Сальеры быў вялікім кампазітарам і музыкантам. Але гэта не перашкодзіла яму ўсыпаць атруты ў кубак больш удачлівага і больш таленавітага.
Кузьма не ведаў, хто такі Сальеры, але ён добра ведаў Юшкова і таму сказаў:
— Іван харошы чалавек. Можа, праўда, гаварыць складна не ўмее... Дык жа з завода, як і я — з вёскі. Ніхто нас не вучыў...
Ён сумна ўсміхнуўся, прыгладзіў далонню ўскудлачаныя валасы, і яму раптам захацелася сказаць нешта такое, што б здзівіла, уразіла яе, прымусіла глянуць на яго, як ка чалавека незвычайнага, моцнага, рашучага. Ён паказаў ёй скрутак газет:
— Вось мы чытаем у нашай роце. І іншым даём.
Галасоўская здзіўлена ўзяла газеты, прачытала загаловак:
— «Звезда», — прачытала подпісы пад артыкуламі: — Алёша... Мартуні... — сказала: — Нейкія ж дужа дзіўныя прозвішчы ў аўтараў, як вулічныя мянушкі.
Потым глянула на Кузьму:
— Але ж гэта бальшавіцкія газеты...
— А мы і ёсць бальшавікі, — смела і радасна сустрэў яе погляд Кузьма. — І я, і Юшкоў, і Пчалаводаў, і Лусковіч з Беламесных.
Яна пабялела, трошкі замялася, чамусьці дакранулася пальцамі да сваіх вуснаў:
— Кожны мае права на барацьбу. Была б яна толькі разумная і карысная.
Кузьма не заўважаў яе разгубленасці, гаварыў далей, узбуджана, весела, і быў падобны на глушца на такавішчы, што, захапіўшыся ўласнай песняй, нічога не бачыць наўкола.
— Барацьба наша разумная і правільная. У нас ужо з Мінскам сувязь ёсць, з бальшавіцкім камітэтам. А там людзі талковыя сядзяць...
Галасоўская слухала яго, спакайнеючы, паліваючыся ружовасцю ў твары, і раптам сказала:
— А вы дрэнны канспіратар.
Кузьма не зразумеў гэтага слова, на імгненне разгубіўся, але толькі на імгненне, і зноў загаварыў:
— Помніце палкавы мітынг у Нясвіжы? Як камітэт выбіралі? Я вас тады на трыбуне ўбачыў, з чырвоным бантам на грудзях. Такая вы былі прыгожая, уся нейкая светлая, шчаслівая. Быццам толькі што на свет нарадзіліся. З Юшковым схапіліся спрачацца, а твар у вас вясёлы, мірны. Я і падумаў тады, што такім людзям, як вы, новы свет будаваць, дзе ўсё будзе добрае і ўсе будуць добрыя...
Яна слухала яго ўважліва, ёй, як жанчыне, было, вядома ж, прыемна чуць такія словы, словы непрыхаванага захаплення. І гаварыў такія словы не Жорж Суханаў, далікатны генеральскі сынок, не Іосіф Васкрасенскі, маладзенькі пышнабароды попік, які на бацькавай дачы пад Петраградам у кампаніі «залатой моладзі» выклікаў духаў продкаў: гаварыў іх просты салдат, учарашні мужык, з прамымі сялянскімі валасамі, з шэрымі разумнымі вачамі, з цёмным ад загару круглявым тварам, на якім рэзка, як чорныя дугі, вылучаліся бровы і левае брыво было, чамусьці значна шырэйшае і даўжэйшае за правае.
З лазарэта Кузьма вярнуўся ў сваю роту, і адразу ж бурная плынь падзей, нібы трэску, падхапіла яго і закруціла ў сваіх магутных вірах. Ужо праз дзень ці два яму не верылася, што быў калісьці лазарэт, цішыня, ад якой звінела ў вушах, прыгожы жаночы твар, што ў забыцці хваробы, нібы маладзік, узышоў над яго ложкам.
Іхні полк рыхтаваўся да наступлення. Толькі крывёй, новай крывёй, можна было змыць памяць аб трупах, што гнілі пад Соламі і Баранавічамі. Толькі крывёй можно было заліць полымя нездавальнення і гневу, што шугала ў арміях, у салдацкіх сэрцах. Салдаты, якія яшчэ зусім нядаўна вялі ціхае жыццё ў сваіх вёсках, былі прыдаткам сахі, былі паслухмянымі і маўклівымі, нібы зямля, не хацелі болей паміраць, бо ў жыцці, як блакітная прасветліна ў цёмных хмарах, з'явіўся сэнс, з'явілася надзея на заўтрашняе шчасце. У поспех наступлення ніхто не верыў: ні акопнікі, ні генералы ў Стаўцы ў Магілёве.